Сябры, на мінулым тыдні ЦВК абвясціў несапраўднымі амаль 200 000 подпісаў, пакінутых за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у прэзідэнты. Мы не пагадзіліся з гэтым рашэннем і падалі скаргі ў камісіі па выбарах. Таксама мы апублікавалі шаблоны для зваротаў грамадзян у адпаведныя камісіі.

Некаторыя адказы на пададзеныя скаргі мы ўжо атрымалі. Прадстаўляем вам вынікі разгляду скаргаў і прапановы таго, што яшчэ можна зрабіць, каб праверыць і абараніць свой подпіс.

Якую пазіцыю займаюць камісіі па выбарах:

  • Грамадзянін не мае права атрымаць адказ на запыт аб тым, ці прызнаны ягоны подпіс несапраўдным і на падставе чаго. Знаёміцца з матэрыяламі праверкі дакументаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты, мае права толькі кандыдат у Прэзідэнты;
  • Грамадзянін (улучна з прадстаўнікамі кандыдата ў прэзідэнты) не мае права абскардзіць пратакол, складзены раённай камісіяй, бо дадзены дакумент не з’яўляецца рашэннем.

Штаб Віктара Бабарыкі не згодны з такой інтэрпрэтацыяй прававых нормаў, з улікам права на звароты (арт. 40 Канстытуцыі), права на судовую абарону (арт. 62 Канстытуцыі), а таксама нормаў Выбарчага кодэкса (арт.арт 13, 37, 49- 1) і Закона ад 18.07.2011 г. “Аб зваротах грамадзян” (ЗаЗГ).

Мяркуем, што грамадзяне маюць права на інфармацыю аб сваім подпісе. Адзначым, што для таго, каб адказаць, ці быў подпіс прызнаны несапраўдным, камісіі дастаткова зверыцца з Актам, які складзены ў трох экзэмплярах, і павінен мецца і ў раённай, у і абласной, і ў Цэнтральнай камісіі.

Таксама лічым, што гарантаванае Канстытуцыяй права на судовую абарону таксама можа быць рэалізаванае ў выпадку парушэння правоў грамадзян. Мяркуем, што неправамерныя адмовы ў разглядзе пададзеных заяваў і скаргаў могуць быць абскарджаныя ў судзе пасля абскарджання ў вышэйшай камісіі.

Такім чынам, алгарытм удакладнення лёсу свайго подпісу выглядае наступным чынам:

  1. Падаць заяву аб атрыманні інфармацыі аб прызнанні несапраўдным свайго подпісу (прыблізная форма далучаная)
  2. Падаць скаргу на атрыманы адказ у вышэйшую камісію (прыблізная форма далучаная)
  3. У выпадку, калі вышэйшая камісія не адкажа па сутнасці, альбо ў выпадку, калі ўжо маецца адказ Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў– падаць заяву ў суд (прыблізная форма будзе падрыхтаваная бліжэйшым часам).

Алгарытм па абскарджанні рашэнняў (дзеянняў) раённых камісій выглядае наступным чынам:

  1. Падаць скаргу на рашэнне раённай камісіі ў вышэйшую камісію (прыблізная форма далучаная)
  2. Падаць скаргу на атрыманы адказ у Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў (прыблізная форма далучаная)

У выпадку пакідання заявы без разгляду– падаць заяву ў суд (прыблізная форма будзе падрыхтаваная бліжэйшым часам).

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu