9 лістапада 2021 года Віктару Бабарыку — 58 гадоў. Выбраць лепшыя цытаты з яго інтэрв’ю, лістоў, стрымаў — складанае заданне. Бо яны ўсе адлюстроўваюць каштоўнасці, якімі жыве Віктар Дзмітрыевіч.
Дзяржава павінна будавацца на абароне чалавека і яго інтарэсаў. Калі гэта культура, то гэта пазітыў. Калі ахова здароўя, то абарона. Калі спорт, то не дзеля «памру, але выйграю», а спорт дзеля задавальнення стаяць на п’едэстале гонару за сваю краіну. Уся сістэма дзяржавы павінна імкнуцца да міністэрства шчасця.
Кожны твой учынак з’яўляецца пачаткам велізарнага ланцуга, што ўплывае на ўсіх жыхароў тваёй краіны. І краіна змяняецца ў лепшы бок, калі ты робіш сваю працу добра.
Я закаханы ў Беларусь, таму што беларусы ўмеюць вельмі добра атачаць цябе з дзяцінства любоўю. У нас няма катаклізмаў. У нас усё вельмі атмасфернае, мяккае і далікатнае. Я не народжаны на беразе акіяна. Я не народжаны ў горах з іх веліччу. Я народжаны ў свеце, які вельмі цёплы і хатні.
Я закаханы ў людзей. Мне хочацца не іх змяняць, а ўмовы, у якіх яны апынаюцца. Саміх людзей змяняць не трэба, нават удзельнікаў выбарчай камісіі. Дзе б ты ні жыў, у беднай вёсцы ці ў сталіцы, колькі б табе ні было гадоў, дзе б ты ні працаваў — ты заслугоўваеш любові.
Лёгкім бывае толькі шлях у рабства. Часам свабода патрабуе цвёрдасці і непахіснасці. Але яна дакладна каштуе таго.
Можна пазбыцца фізічнай волі, але нельга пазбавіць унутранай свабоды чалавека. Магу дакладна сказаць, што ўнутранай свабоды мяне не пазбавілі, а чалавек сваабодны толькі тады, калі ён адчувае сябе свабодным.
Чым больш грандыёзныя мары, тым больш цікавае жыццё вы пражывеце!
Помста — доля слабых. Беларусы — моцная нацыя. Помсціць нельга.
Лепшых словаў пра тое, што беларусы ўлюбляюцца ў беларусаў, я і не чуў. Гэта ж самае важнае: «Людзьмi звацца!» І калі я да гэтага хоць неяк датычны, то гэта шмат чаго варта. Бо жыццё — яно павінна належаць не толькі табе, выдатна, калі ты дапамагаеш жыць і іншым. Тады ў цябе з’яўляецца і кавалачак новага жыцця іншага чалавека.
Я хачу, каб у Беларусі не было бедных. А не каб была краіна, якая ненавідзіць багатых.
Сябры, пішыце Віктару Бабарыку. Ён чакае вашых вестачак і адказвае на ўсе лісты: ПК №1, 211445, г. Наваполацк, вул. Тэхнічная, 8.
Мы верым, што Віктар Бабарыка зможа ажыццявіць сваю галоўную мэту — зрабіць жыццё ўсіх беларусаў лепш! Разам!