10 лістапада ў сенаце Чэхіі ў Празе прайшла цырымонія ўзнагароджання прэміі Інстытута вывучэння таталітарных рэжымаў за свабоду, дэмакратыю і правы чалавека. Марыя Калеснікава ўганараваная ўзнагародай ў катэгорыі «Прэмія за ўзорныя дасягненні ў абароне прынцыпаў дэмакратыі, свабоды і правоў чалавека».
Марыя Калеснікава знаходзіцца ў СІЗА, узнагароду за яе атрымала сястра Таццяна Хоміч.
Публікуем прамову Таццяны, у якой яна зачытала фрагменты лістоў палітзняволеных.
Дзякуй вялікі за запрашэнне і магчымасць выступіць сёння.
Сёння я буду казаць словамі пацярпелых ад гвалту ў жніўні 2020 года і адпушчаных на волю, палітзняволеных, якія доўгія месяцы знаходзяцца ў турмах. Ніхто не можа сказаць лепш і дакладней, чым самі людзі, якія прайшлі праз тое, што не здольнае ўявіць ніякае ўяўленне.
Гэта тое, пра што яны кажуць у апошнім слове ў судзе, пішуць родным, перадаюць са зняволення. Як ёсць. У іх боль, гора і радасць, нянавісць і каханне, дэпрэсія і неверагодная сіла. Часам праўда не патрабуе нічога, апроч таго, каб быць сказанай.
Увесь гэты год з кожным новым вітком рэпрэсій мы думалі, «горш ужо быць не можа». Але кожны дзень рабілася ўсё страшней, усё больш за затрыманых, горшыя ўмовы, а катаванні рабіліся ўсе жудасней і бесчалавечней.
Марыя Калеснікава, палітык, музыкант, 39 гадоў
«Пасля майго выкрадання мяне сілай зацягнулі ў кабінет начальніка ГУБАЗіК, дзе на мяне гарлапанілі, абражалі, запалохвалі. “Гутарка” адбывалася і з двума іншымі спадарамі. Вы часта можаце бачыць іх у афіцыйных СМІ. Яны паставілі ўльтыматум: я з’язджаю з краіны і з-за мяжы раблю, што хачу, або мяне вывезуць — жывую ці часткамі. Зломяць пальцы, зачыняць на 25 гадоў на зоне, дзе я буду шыць кашулі сілавікам. Гутарка доўжылася пару гадзін з перапынкам на «адпачынак» у камеры адзіночцы.»
Марына Карабанава, працуе ў ІТ сферы, 32 гады
«По начам мы чулі, як збіваюць людзей. Хлопцаў прымушалі спяваць гімн. Нейкі хлопец крычаў, клікаў маму на дапамогу. Нас перыядычна выводзілі з камеры пералічыць. Рукі за спіну, тварам да сцяны. У чарговае з такіх выйсцяў з камеры я панабіралася адвагі і падышла да супрацоўніка. Я хацела даведацца, дзе мой муж. А ён адказаў, што муж можа быць у іншай турме ці ў шпіталі. Я так спалохалася. І ў нейкі момант я разумела, што яны могуць пусціць газ у камеру. І ім нічога за гэта не будзе. У іх поўны карт-бланш.»
Сяргей Мельянец, менеджар па продажах, 40 гадоў
«Тут адчуваю, што па мне бяжыць ток. Амапавец узяў электрашокер і ўсадзіў у мяне. Спачатку стукнуў пару разоў па нагах, потам у руку, а потым са спіны ў вобласць сэрца. Мае адказы яго не задавальнялі. Не той адказ на яго пытанне – удар электрашокера. Я запомніў, як адзін супрацоўнік АМАП сказаў: «Калі б мне далі магчымасць, я б усіх вас спаліў жыўцом!».
Ігар Лосік, блогер, 29 гадоў
«…я стаміўся чакаць і спадзявацца на добрае, а ў адказ кожны тыдзень на працягу ўжо васьмі месяцаў толькі горш і горш. І калі здаецца, што горш быць не можа, робіцца яшчэ горш, а ты ніяк на гэта не можаш паўплываць. Сумнавата, але гэтак і будзе. Пакуль не бачу прычын іншых. І не хачу, каб жонка Даша на судзе бачыла і чула прысуд. Лепш бы проста расстралялі па-хуткаму і не бачыць гэта ўсё!»
Ксенія Луцкіна, журналістка, 37 гадоў
«У цэлым, я — чалавек моцны. Пра гэта заўсёды ведала. Тут (у СІЗА) раблюся кожны дзень усё мацней, гартуюся. Зразумела, што няма столі:). Калі няма дна, то і столі быць не павінна! Мы мацней, разумней, мужней. Цярплівасці — не займаць. Калі дух ёсць, вынішчыць яго немагчыма. Нічым і ніяк».
Камера N 15
З 3 лістапада ў камеры No15 на Акрэсціна абвясцілі галадоўку 10 жанчын «Раней тыя затрыманыя, якіх забіралі з хаты, маглі прыносіць з сабой у камеру сродкі асабістай гігіены, ручнікі і ўсе патрэбныя рэчы. Зараз у камеру для кабет «новенькія» прыходзяць з пустымі рукамі — у ЦІПе ўсё гэта забіраюць. Таму кабеты сядзяць без шампуню і зубной пасты. Зубныя шчоткі, бялізна і ручнікі застаюцца ад былых арыштантак. Кабетам даводзіцца мыць валасы мясцовым мылам — паловай кавалка для дзевяці арыштаваных. Яго, як і туалетную паперу, арыштаваным даводзіцца выпрошваць у адміністрацыі. Часам іх не выдаюць два-тры дні запар. А на просьбу выдаць туалетную паперу супрацоўнікі ЦІПа прапанавалі заміж яе скарыстаць свае майкі»
Гэта толькі тысячная доля таго, што перажылі і з чым працягваюць сутыкацца кожны дзень беларусы. Аўтарытарны рэжым у Беларусі не ўнікальны.
Аўтарытарныя рэжымы дзейнічаюць разам, вучацца адзін у аднаго, выкарыстоўваюць аднолькавыя практыкі для прыгнечання апазіцыі і грамадзянскай супольнасці, маніпулююць здароўем і жыццямі людзей для свайго выжывання.
А ў глабальным маштабе, аўтарытарныя рэжымы ва ўсім свеце прыйшлі да разумення агульнасці іх інтарэсаў у супраціве развітым дэмакратыям.
Значыць, і адказ дэмакратычнага свету павінен быць кансалідаваным. Толькі аб’яднаўшы свае высілкі, дэмакратычная супольнасць можа супрацьстаяць пагрозе з боку аўтарытарных рэжымаў.