У эфіры Маланка медыя былы абаронца Віктара Бабарыкі і Максіма Знака Зміцер Лаеўскі тлумачыць, што варта чакаць ад пасяджэння па разглядзе апеляцыйнай скаргі па справе Знака і Калеснікавай, чаму важна працягваць выкарыстоўваць усе прававыя механізмы і якія навіны ў абаронцаў Віктара Бабарыкі.Дзмітрый таксама расказаў пра сітуацыю з незалежнай адвакатурай. Мы сабралі ключавыя моманты з выпуску.

Прававая пазіцыя для апраўдання Марыі і Максіма ёсць. Нягледзячы на тое, што адбудзецца апеляцыйны разгляд, я не думаю, што мы павінны мець нейкія надзеі. Не таму што пазіцыі няма (пазіцыя для апраўдання есці, безумоўна), а проста таму, што на сённяшні дзень у Беларусі, на жаль, гэта ўсё працуе інакш. 

Як там ні было напісана ў гэтай скарзе, наколькі б бездакорнай ні была пазіцыя абароны, пытанне ўпіраецца ў волю (палітычную — заўв.) да прыняцця развязку пра апратэставанне, скасаванне прысуду — вось і ўсё. 

Марыя і Максім будуць знаходзіцца ў зняволенні датуль, пакуль іх знаходжанне там будзе разглядацца як мэтазгоднае для тых, хто іх туды накіраваў. І выйдуць яны тады, калі іх вызваленне будзе разглядацца як больш выгаднае ў параўнанні з іх утрыманнем пад вартай.

Апеляцыйная інстанцыя магла б прадэманстраваць грамадскасці, дапусціўшы туды прадстаўнікоў прэсы, у чым складаецца іста вінавачанняў, іста прысуду, іста доказнай базы.

Паколькі фармальна Марыі і Максіму высунутыя абвінавачанні ў здзяйсненні нейкіх злачынстваў, апісаных у Крымінальным кодэксе, то абавязак і галоўная задача абаронцаў — вытлумачыць з прававога пункту погляду, чаму гэта не так. То бок выпрацаваць і прадставіць суду і грамадству прававыя аргументы.

Калі падаюць неправамоцнае абвінавачанне, калі чалавек супраць гэтага абвінавачання прававымі сродкамі не супярэчыць, то ён тым самым згаджаецца з гэтым.

На жаль, Рэспубліка Беларусь не далучылася да еўрапейскай канвенцыі, якая дазваляе грамадзянам краін удзельнікаў канвенцыі звяртацца ў Еўрапейскі суд.

Што са справай Віктара Бабарыкі?

Па вынесеным прысудзе ўжо падрыхтаваная прававая пазіцыя, хуткім часам яна будзе пададзеная ў Вярхоўны Суд у якасці нагляднай скаргі.

Мы назіраем цікавую сітуацыю ў справе Віктара Дзмітрыевіча: частка грамадзянаў, на чыі сведчанні абапіраліся яго абвінавачанне і прысуд, па маёй інфармацыі, ужо знаходзяцца на волі. Што, уласна кажучы, таксама ставіць пытанне пра тое, што нашы довады былі слушныя. 

Ужо на завяршальнай стадыі знаходзіцца сур’ёзны зварот у камітэт ААН па правах чалавека. Ён ўмоўна складаецца з двух зваротаў (адзін ўжо пададзены, другі будзе пададзены). Больш дэталёвы каментарый будзе ўжо пасля падачы ўсіх дакументаў.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu