Віктар Бабарыка ў Гомелі — пра тое, чаму не трэба баяцца рэформаў

Рэгіянальныя сустрэчы з ініцыятыўнымі групамі, СМІ і ўсімі зацікаўленымі грамадзянамі Віктар Бабарыка пачаў 3 чэрвеня з Гомеля. Мы выбралі самае асноўнае з двухгадзіннай сустрэчы.

Як зразумець, ці зможа чалавек нешта зрабіць

Для таго, каб зразумець, ці зможа чалавек нешта зрабіць, паглядзі, што ён зрабіў да гэтага. За маімі плячыма 20 гадоў кіраўніцтва адным з банкаў, у які я прыйшоў у 1995 годзе і ўзначаліў у 2000, калі ў яго быў прыбытак у 200 долараў. А на працягу апошніх двух-трох гадоў прыбытак складаў ужо 50 мільёнаў даляраў. Гэта значыць, я выдатна разумею, што такое нізкі старт і правільна выбудаваная праграма развіцця. Гэта не расповед пра тое, што мы калісьці кудысьці дойдзем. Гэта штогадовая гісторыя справаздач і разумення, ці правільна мы па гэтым шляху рухаемся. Памятаеце анекдот «Нашаму народу ўжо столькі абяцана, а яму ўсё мала»? Нам з вамі 26 гадоў нешта абяцаюць, а нам усё мала, і мы ўсё ніяк не атрымаем тое, што нам абяцаюць.

blank

Чаго не хапае ў Гомельскім рэгіёне

Чаго сапраўды не хапае ў гомельскім рэгіёне, дык гэта правільна выбудаванай палітыкі працы з флагманамі эканомікі. У вобласці ёсць два прадпрыемствы, якія я добра ведаю: «Гомсельмаш» і БМЗ. У банку мы бачылі, як БМЗ ішоў уніз. І не таму, што там дрэнныя кіраўнікі, а таму, што ім казалі рабіць тое, чаго яны не хацелі. Самастойнасць мясцовых кіраўнікоў прадпрыемстваў — гэта вельмі важна. Трэба браць на працу разумных людзей і не перашкаджаць ім працаваць.

Часам кажуць: «Трэба, каб людзі працавалі». Гэтая думка даводзілася цягам апошніх гадоў, і мы ёй адказвалі: «Як нам плацяць, так мы і працуем». Гэта няправільна! Трэба, каб людзі працавалі эфектыўна, а не проста прыходзілі на працу папіць гарбаты.

blank

Ці гатовы Гомель да самакіравання

Мне здаецца, Гомель дакладна гатовы да пашырэння адказнасці за ўласны лёс. І гэта пацвярджаецца не толькі «перамогай над флагштокам» (заўв. — у цэнтры Гомеля ўлады планавалі ўсталяваць 60-метровы флагшток за 656 тысяч долараў. Пасля грамадскага пратэсту ад ідэі адмовіліся). Адныя з самых знакавых фігур апошняга часу дакладна вашыя. Стваральнік валанцёрскага руху ByCovid19 Андрэй Стрыжак гамяльчук, Сяргей Ціханоўскі таксама гамяльчук. Выдатна, што гомельская зямля дае палітычна актыўных людзей!

blank blank blank

Чаму не трэба баяцца рэформаў і прыватызацыі

Эфектыўнасць прадпрыемства залежыць у першую чаргу ад правільна выбудаванай сістэмы кіравання. Мы часта палохаемся слоў «рэфармаванне», «прыватызацыя». Думаем, што на эфектыўным прадпрыемстве ўсіх разгоняць, застануцца толькі робаты. У гэта я абсалютна не веру, ва ўсялякім разе цяпер. Цяперашняя тэхналагічная сістэма пакуль не дазваляе рабатызаваць буйное прамысловае прадпрыемства.

Пабудова правільнай сістэмы кіравання і вызваленне незапатрабаванага персаналу павінна адназначна суправаджацца загадзя сфармаванай сістэмай попыту на гэтую працоўную сілу, якая вызваляецца.

Так, калі загадзя сфармаваць ўмовы для развіцця малога і сярэдняга бізнесу, не ўсе пойдуць у прадпрымальнікі. Але адзін, які стаў прадпрымальнікам і адкрыў сваю краму, створыць попыт на 2-3 прадаўцоў, на выраб вітрын, якія таксама нехта будзе рабіць. Стаўленне да прадпрымальнікаў як да «вашывых блох» — гэта нонсэнс. Прадпрымальнік  — драйвер нашай эканомікі. Сярод захадаў, якія будуць прынятыя пасля пандэміі, у першую чаргу павінны быць і захады па стымуляванні малога і сярэдняга бізнесу.

Доля занятых у малым і сярэднім бізнэсе ў нас ужо больш за 50%. Нават пры той палітыцы, якая праводзіцца, усё роўна ў малым і сярэднім бізнэсе працуе большая частка беларусаў. Таму не трэба пужацца рэфармавання. У мяне ёсць дакладнае разуменне, што беспрацоўе недапушчальнае. Прафесіяналізм беларускіх рабочых на прадпрыемствах дастаткова высокі, і ён павінен быць запатрабаваны. Што трэба далей — ацаніць неабходнасць прадукцыі, якая выпускаецца, і зрабіць так, каб яна адказвала выклікам часу.

blank

Якой павінна быць зарплата педагога і медыка

Мы кажам, што самае важнае — гэта людзі. Так давайце гэтую каштоўнасць спачатку створым! А ствараюць яе настаўнікі, якія гадуюць грамадзяніна, гадуюць проста чалавека. У педінстытуты заўсёды быў высокі прахадны бал. А цяпер — умоўна, 15 балаў, і ты ўжо педагог. Чаму так? Настаўнік працуе за відавочна неэквівалентныя грошы. А як зразумець, колькі павінен зарабляць настаўнік? Ёсць просты шлях: бяром любую краіну, сістэма адукацыі якой нам падабаецца. І глядзім, дзе знаходзіцца заробная плата настаўніка ў адносінах да сярэдняй па ўсёй краіне. Як правіла, яна вышэй за гэтую планку.

Давайце зробім і ў нас гэтак жа з заробкамі настаўнікаў і медыкаў. Бюджэт можа сабе гэта дазволіць. Чаму міліцыянт можа атрымліваць больш, а настаўнік не?

Што тычыцца сістэмы аховы здароўя, то маё бачанне супадае з бачаннем большай часткі прафесійнай супольнасці. Медыцына павінна ўключаць у сябе тры часткі. Першая — вельмі добрая і бясплатная сацыяльная медыцына. Другая — прыватная медыцына. Гэта тое ж самае, як гатэлі: можна адпачываць у двухзоркавым, а можна ў пяцізоркавым. Але і двухзоркавы гатэль забяспечвае больш-менш добры ўзровень. Трэцяя, і самая галоўная частка — страхавая медыцына.

blank

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu