— Я вельмі люблю ліставаць і раблю гэта заўсёды з вялікім задавальненнем. Тату, сястры, сваім родным і блізкім, знаёмым і ўсім тым, хто мяне падтрымлівае ў гэты складаны час. Ужо чатыры месяцы для мяне гэта адзіны спосаб камунікацыі са светам і я гэтым вельмі даражу.
Пасля таго, як былі апублікаваныя лісты, дзе названыя асобы і структуры, датычныя да майго выкрадання, утрымання, пагроз жыцця і спецаперацыі па дэпартацыі, якая правалілася, сталі адбывацца дзіўныя рэчы. А ў снежні я напісала больш за 200 (!) лістоў блізкім і сябрам (і толькі тату 23), з якіх дайшло..? Практычна ніхто не атрымаў маіх лістоў.
Адміністрацыя турмы запэўнівае мяне, што ўвесь допіс пасля праверкі цэнзарам скіроўваецца на пошту. І наадварот, усё, што прыходзіць з пошты, дастаўляецца мне. У Следчым камітэце на маё пытанне, ці існуе забарона або абмежаванне на ліставанне, адказалі адмоўна.
Увага! Пытанне: дзе мае лісты? Хто парушае наша права на ліставанне? Хто адкажа за тое, што аплачаныя паслугі, маркі, канверты, паштоўкі не рэалізаваныя? Чаму пошта, якая прымае аплату за гэтыя паслугі, іх не выконвае?