Юрыст штаба каментуе праблемы з водазабеспячэннем у Мінску. І звяртае ўвагу на тое, як абараніць свае правы і патрабаваць кампенсацыю за нанесеную шкоду.
Сітуацыя з якасцю пітной вады ў сталіцы дазволіла наглядна выявіць адразу шэраг праблем.
Забруджванне вады невядомым рэчывам
Якім чынам адбылося забруджванне, як адаб’ецца забруджванне на сістэмах водазабеспячэння, што будзе з людзьмі, якія выкарыстоўвалі забруджаную ваду — дакладна не вядома.
Няздольнасць арганізаваць альтэрнатыўныя крыніцы водазабеспячэння ў крызіснай сітуацыі
Падзякаваць трэба грамадзянам, якія адгукнуліся на заклік аб дапамозе і падвезлі ваду ці прапанавалі забраць ваду з іх крыніцаў. Прадстаўнікі СМІ цікавіліся ў штаба ўчора ўвечары — ці будзе штаб нешта рабіць для водазабеспячэння. Да таго часу многія сябры ініцыятыўнай групы ўжо дапамагалі — гэта натуральна, таму што ў ініцыятыўных групах сабраліся самыя актыўныя прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці.
І самае галоўнае — няздольнасць сказаць праўду
Утойванне інфармацыі, супакойванне ў СМІ, адсутнасць смеласці заявіць аб небяспецы. Здавалася б, пасля серыяла пра Чарнобыль ужо не павінна быць ваганняў у тым, каб перасцерагчы людзей пры найменшых прыкметах небяспекі. Але не.
Алгарытм дзеянняў для абароны
- Тыпавая дамова з Водаканалам прадугледжвае дасудовы парадак вырашэння спрэчак. Напішыце прэтэнзію ў Водаканал, выкладзіце свае патрабаванні. Для складання прэтэнзіі і ў далейшым іскавай заявы можна скарыстацца дапамогай спецыялістаў з Таварыстваў абароны правоў спажыўцоў або адвакатаў.
- У выпадку адмовы ў пакрыцці стратаў — звяртайцеся ў суд, іскі вызваляюцца ад дзяржпошліны, можна прад’явіць іск у суд па сваім месцы жыхарства.
- Пры наяўнасці шкоды здароўю — зафіксуйце факты, звяртайцеся ў праваахоўныя органы для прыцягнення вінаватых асобаў да адказнасці.
На што абапірацца
Грамадзянска-прававая абарона
У кожнага карыстальніка ёсць дамова з Водаканалам. У дамове замацаваныя асноўныя правы карыстальніка і адказнасць.
Паводле п. 14 тыпавой дамовы, выканаўца абавязаны кампенсаваць страты, шкоду, нанесеныя жыццю, здароўю і (ці) маёмасці Спажыўца з прычыны неаказання жыллёва-камунальнай паслугі або аказання паслугаў водазабеспячэння і (ці) водаадвядзення (каналізацыі) з хібамі, у тым ліку з прычыны выкарыстання ў працэсе іх аказання тэхналогій, небяспечных для жыцця, здароўя і (ці) маёмасці Спажыўца, а таксама навакольнага асяроддзя.
Спажывец мае права патрабаваць ад Выканаўцы кампенсацыі маральнай шкоды, нанесенай парушэннем правоў спажыўца жыллёва-камунальных паслуг, незалежна ад маёмаснай шкоды, якая падлягае кампенсацыі. Памер кампенсацыі маральнай шкоды вызначаецца судом.
Акрамя палажэнняў дамовы, дзейнічаюць нормы Закона Рэспублікі Беларусь ад 16 ліпеня 2008 г. № 405-З «Аб абароне правоў спажыўцоў жыллёва-камунальных паслуг». Паводле арт. 6 Закона, Спажывец мае права на:
— задавальненне патрэбаў у жыллёва-камунальных паслугах;
— бяспеку жыллёва-камунальных паслугаў;
— інфармацыю аб выканаўцы і жыллёва-камунальных паслугах, якія ён ажыццяўляе;
Паводле арт. 22 Закона, у выпадку парушэння правоў спажыўца жыллёва-камунальных паслугаў выканаўца кампенсуе нанесеныя страты, шкоду і выплачвае няўстойку, прадугледжаную заканадаўствам аб абароне правоў спажыўцоў і (ці) дамовай, калі не давядзе, што парушэнне правоў спажыўца адбылося не па ягонай віне.
Пакрыццё стратаў, шкоды, нанесеныхспажыўцу па віне выканаўцы, здзяйсняецца выканаўцам у поўным аб’ёме, уключаючы дадатковыя выдаткі.
Такім чынам, спажывец можа запатрабаваць спагнання стратаў і маральнай шкоды, уключаючы:
– Кошт сапсаваных рэчаў і тэхнікі
– Кошт дадаткова панесеных выдаткаў для аднаўлення правоў (набыццё вады і г.д.)
– Пакрыццё выдаткаў на лячэнне і лекавыя сродкі
– Кампенсацыю маральнай шкоды (кампенсацыя ў сувязі з перанесенымі фізічнымі пакутамі (хвароба, пагаршэнне самаадчування і г.д. дакументальна зафіксаванае) і маральнымі пакутамі — перажыванні і г.д.)
Крымінальна-прававая абарона
Калі пацвердзяцца факты атручвання людзей, нанясення значнай шкоды маёмасці, то належыць звярнуць на гэта ўвагу ўпаўнаважаных праваахоўных органаў, з мэтай вывучэння дзеянняў службовых асобаў на прадмет здзяйснення службовых злачынстваў, у тым ліку пры запэўніванні ў бяспецы карыстання вадой і ў выпадку ўстанаўлення факта замоўчвання небяспекі.