Сёння ў нас прайшоў традыцыйны стрым! Тэма юрыдычныя пытанні. Юрыст штаба Максім Знак гаварыў пра рэферэндум і змяненні Канстытуцыі, а таксама пракаментаваў працэс праверкі подпісаў у тэрытарыяльных камісіях, вылучэнне ва ўчастковыя выбарчыя камісіі і ў назіральнікі. Чытайце асноўныя тэзісы!

«Гэта не вяртанне да дагістарычнага мінулага»

 Пра Канстытуцыю 1994 і 1996 гадоў. Па-першае, гэта адна і тая ж Канстытуцыя, проста ў яе былі ўнесены папраўкі на рэферэндумах, але з пункту гледжання правоў чалавека і грамадзяніна ўсе грунтоўныя палажэнні тоесныя. Адрозненні — у размеркаванні паўнамоцтваў паміж трыма галінамі ўлады. Гаворка ідзе, у першую чаргу, пра зняцце паўнамоцтваў з прэзідэнта і перадачу іх іншым галінам улады. Так што гэта не дагістарычнае мінулае. У нас вельмі маладая Канстытуцыя. Канстытуцыя ЗША дагэтуль дзейнічае, і апошняя папраўка была прынята ў 1992 годзе. 

Што тычыцца моўнага пытання і, больш шырока, пытання фармулёвак, якія будуць выносіцца на рэферэндум, мы гатовыя абмяркоўваць са ўсімі зацікаўленымі асобамі, з навукоўцамі-канстытуцыяналістамі. Але пытанне трэба падабраць так, каб яно было максімальна зручным і найменш праблемным з кропкі погляду самой фармулёўкі і наступнага галасавання.  

Каля 15 000 заявак пададзена ў нашую ініцыятыўную групу па правядзенні рэферэндуму. Зараз мы чакаем адказу ад пляцовак, якія маглі б такі сход прыняць.  Пры гэтым мы накіруем прапановы па змяненні пэўных артыкулаў Канстытуцыі прэзідэнту, і гэта магло б прывесці да рэфармавання палітычнай сістэмы шляхам ініцыявання рэферэндуму без неабходнасці збору подпісаў грамадзян то-бок, рашэннем прэзідэнта. Але ўсю працэдуру рэгістрацыі групы і збору подпісаў мы збіраемся прайсці.

Юрыст штаба Максім Знак Юрыст штаба Максім Знак

«Яно, канешне, жах, але не жах-жах»

 Ідуць пасяджэнні раённых камісій, якія правяраюць пададзеныя подпісы. Я паспрабую не даваць эмацыйных адзнак. Прыходзяць навіны з раённых камісій, дзе подпісы прынялі. Дзесьці адсотак браку 0,5 %, дзесьці 15 %, і подпісы не прымаюць. Мы адчуваем сябе, як у стужцы, дзе змяненні ў галасаванні грамадзян адлюстроўваюцца на экране. Праўда, яшчэ ніхто не зарэгістраваны, а ўжо назіраецца нейкая інтрыга. Мы ў штабе надта здзіўленыя тым, што адбываецца. 

У некаторых раённых камісіях вялікая колькасць нашых подпісаў прынята. Але дакладна, па ўсіх выпадках, дзе былі забракаваныя подпісы, будуць падавацца заявы, скаргі ў вышэйстаячыя камісіі, каб запатрабаваць дакументы з раённых камісій, паглядзець на іх і пачуць падставу, паводле якой яны не былі прынятыя.  Мы маем упэўненасць, што з пададзенымі подпісамі ўсе як мае быць. Камісія не адбірае толькі подпісы, які падаюцца падазронымі. Я нагадваю, што, калі подпісы падаваліся, штаб сканаваў усе подпісы, яны былі сшытыя і пакладзеныя ў таткі,  зроблена апісанне, можна праверыць любы подпіс.  

Калі камісіі ўзялі  20% подпісаў, што да іх трапілі, і ў іх 15 % браку, то бяруцца яшчэ 15 %, і калі ў іх 15 % браку, то ўсе подпісы, што былі аддадзеныя ў раён, абвяшчаюцца забракаванымі. Гэта 5,25 % ад усіх пададзеных подпісаў, то-бок прыкладна 15 000 подпісаў. Але мы ўпэўненыя ў тым што, нават пры наўмысных злосных дзеяннях чальцаў выбарчых камісій столькі несапраўдных подпісаў быць не можа.

«Не трэба засмучацца, што замест адных паважаных людзей у камісіі трапілі іншыя паважаныя людзі»

 Што мы пабачылі паводле вынікаў працэдуры вылучэння ў тэрытарыяльныя камісіі? 

Калі зыходзіць з апублікаванай статыстыкі:

  • у вялікай колькасці камісій пераважаюць чальцы аднаго калектыву, як правіла, “гаспадара памяшкання”.  Гэта цікавы момант — яны ж трапілі на ўчастак рознымі шляхамі: кагосьці вылучыла партыя, кагосьці калектыў, кагосьці АА, то-бок усе яны, не згаворваючыся, накіравалі людзей менавіта на гэты ўчастак. Якім чынам менавіта гэтыя людзі трапілі менавіта на гэтыя ўчасткі — пытанні да тэорыі верагоднасці.
  • Потым за вылучэнцаў павінны былі прагаласаваць выканкам ці мясцовая адміністрацыя. Ёсць 18 заявак на 14 месцаў, рэальная сітуацыя ва Фрунзенскім раёне. З пункту гледжання камбінаторыкі можна па-рознаму падлічыць, маецца больш за 3 000 спосабаў, як гэта можна зрабіць. Верагоднасць, што мы бяром 14, і менавіта яны становяцца чальцамі калектыву,  —  1 да 3000. Парушэнне працэдуры не было знойдзена, але гэта дзівосна з пункту гледжання матэматыкі.

Ну што ж, мы ўпэўненыя, што ў камісіі прайшлі вартыя пашаны людзі. Сумневаў і падазрэнняў не існуе, усе падазрэнні лёгка адмесці. Любая камісія на сваім участку можа пацвердзіць, што ўсё законна.  

«Заклікаем да ўсяго, што адбываецца, ставіцца са спакоем. І не бойцеся»

Адказваючы на пытанне пра фальсіфікацыю выбараў:

—  Калі чалавек прагаласаваў, то, у неабходным выпадку, ён можа гэта пацвердзіць. Калі чалавек не з’явіўся на выбарах: па-першае, калі менш за 50% з’явіцца на выбарах, то выбары будуць прызнаныя несапраўднымі. Па-другое, фальсіфікацыя выбараў  злачынства, 192 артыкул Крымінальнага кодэкса.  У нас — тайнае галасаванне, свабоднае волевыяўленне, прымушаць галасаваць нельга  гэта артыкул 9.10 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях. Калі грамадзяне пра гэтае і іншыя парушэнні паведамляюць, то ёсць нагода для высвятлення, калі не   то і парушэння няма. Парушэнне ўзнікае тады, калі пра гэта паведамілі праваахоўным органам. Таму не бойцеся фіксаваць парушэнні і не бойцеся паведамляць пра іх органам правапарадку.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu