Усё, што вы хацелі спытаць пра рэферэндум, у адказе нашага юрыста
Сёння штаб Віктара Бабарыкі выйшаў у эфір са свежымі навінамі. Асноўнай тэмай сталі адказы на пытанні пра заяўлены рэферэндум. Акрамя гэтага, мы нагадалі аб закліку берагчы сябе і бараніць свае правы толькі законнымі спосабамі, не правакаваць і не паддавацца на правакацыі (цягам апошніх дзён у краіне праходзілі мірныя акцыі салідарнасці, прыклады рэакцый на якія з боку прадстаўнікоў улады маюцца ў СМІ і сацыяльных сетках).
Таксама мы звярнулі ўвагу на тое, што падрыхтоўка рэферэндуму — гэта не замена перадвыбарчай кампаніі Віктара Бабарыкі. Кампанія працягваецца, а перыяд зацішша да абвяшчэння рэгістрацыі кандыдата — гэта найбольш удалы момант для прапрацоўкі пытання аб рэферэндуме.
Пра тое, чаму, у якія тэрміны і як яго правесці, мы б хацелі распавесці больш падрабязна.
Навошта трэба праводзіць рэферэндум.
Паводле цяперашняй Канстытуцыі Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь валодае надзвычай шырокімі паўнамоцтвамі і можа быць абраны неабмежаваную колькасць разоў. Прэзідэнт асабіста ўдзельнічае ў прызначэнні ўсіх галінаў улады: судовай, заканадаўчай і выканаўчай. Згодна з 37 артыкулам, дэкрэты Прэзідэнта стаяць вышэй за законы краіны. Гэта ў корані супярэчыць ідэі эфектыўнага кіравання, з якой выступае Віктар Бабарыка. Таму мы і прапануем вярнуцца да Канстытуцыі 1994 года, якая робіць незалежнай кожную галіну ўлады і ўводзіць абмежаванні па тэрмінах.
Чаму мы запускаем працэдуру менавіта цяпер.
Для гэтага маецца некалькі прычын. Па-першае, гэтыя змены — перадвыбарчыя абяцанні нашага кандыдата, якія ён хоча пачаць выконваць ужо цяпер, незалежна ад вынікаў выбараў. Па-другое, сам працэс даволі працяглы (ад 1 д,а 5 месяцаў), таму яго трэба ініцыяваць як мага раней. Па-трэцяе, гэта чарговая магчымасць праводзіць пікеты і тлумачыць грамадзянам, навошта нам патрэбная новая канстытуцыя. Асабліва гэта актуальна ў тыя моманты, калі мы не можам праводзіць перадвыбарчую агітацыю. Мы звяртаем вашую ўвагу, што выбары — па-ранейшаму наш прыярытэт, а рэферэндум — ініцыятыва доўгай дыстанцыі.
Што ўяўляе з сябе працэдура рэферэндуму і якія цяжкасці могуць нас чакаць.
Усю працэдуру па змене канстытуцыі можна падзяліць на некалькі этапаў. Падрабязней пра кожны:
- Збор заявак для фарміравання ініцыятыўнай групы. Тэрмін: да двух тыдняў. З нашым досведам гэты этап не ўяўляе з сябе нічога складанага.
- Сход ініцыятыўнай групы. На сходзе зацвярджаецца канчатковы спіс сяброў ініцыятыўнай групы, выбіраюцца старшыня і раённыя каардынатары, абмяркоўваецца непасрэдна пытанне, якое выносіцца на рэферэндум. На гэтым этапе маюцца некаторыя тэхнічныя цяжкасці: подпіс кожнага сябра ініцыятыўнай групы павінен быць завераны натарыусам. Таксама ў кожнай вобласці краіны павінна быць прыкладна аднолькавая колькасць сяброў ініцыятыўнай групы.
- Падача дакументаў аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы.
- Атрыманне заключэння ад Міністэрства Юстыцыі і ад Генеральнай пракуратуры аб тым, што пытанне, якое выносіцца на рэферэндум, адпавядае заканадаўству. На гэтым этапе мае вялікае значэнне дакладная, сціслая фармулёўка пытання, якая не дапускае ніякага двухсэнсоўнага тлумачэння.
- Пачатак збору подпісаў. Добра вядомы вам этап па мінулай кампаніі. Выдача пасведчанняў, падпісных лістоў, пікеты. На гэта ў нас маюцца цэлыя два месяцы, і мы не сумняемся ў поспеху.
- Праверка подпісаў. Працэдура амаль гэткая ж, як пры рэгістрацыі кандыдата ў Прэзідэнты. З вашай дапамогай мы паказалі, што мы можам праверыць любую колькасць падпісных лістоў у любыя тэрміны.
- Прыняцце рашэння Цэнтральнай выбарчай камісіяй і далейшае выданне ўказа Прэзідэнта аб правядзенні рэферэндуму. Прэзідэнт абавязаны выдаць указ аб правядзенні рэферэндуму ў двухмесячны тэрмін пасля вынясення прапановы грамадзянамі. Адзіная магчымая цяжкасць: Прэзідэнт можа зацягнуць выданне ўказа на два месяцы. Нягледзячы на тое, што мы пакуль не ведаем, хто будзе прэзідэнтам пасля 9 жніўня, мы спадзяёмся, што новы кіраўнік дзяржавы не будзе марудзіць.
- Правядзенне рэферэндуму. Рашэнне прымаецца простай большасцю. Асноўнай цяжкасцю тут зноў можа стаць зацягванне часу: рэферэндум можа быць прызначаны не пазней за трохмесячны тэрмін з моманту выдання ўказа.
Дакладная фармулёўка пытання аб зменах у Канстытуцыі.
Як мы ўжо пісалі, ад дакладнасці і сцісласці залежыць вельмі многае. Цяпер мы максімальна прапрацоўваем гэты момант і ў бліжэйшы час пастараемся агучыць нашую фармулёўку. Паводле духу закона гэта будзе вяртанне да Канстытуцыі 1994 года з усім, што вынікае: правядзенне выбараў у Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь, абмежаванне тэрмінаў выбрання Прэзідэнта.
Падчас сустрэчы з сябрамі ініцыятыўнай групы ў Салігорску Віктар Бабарыка абяцаў, што мы не дамо вам занудзіцца. Мы разумеем, што наш кандыдат цяпер знаходзіцца не на волі. Але для грамадства надышоў час самому вызначаць свой лёс. Рэферэндум — прамое волевыяўленне ўсяго народа Беларусі. Давайце ж выразім нашую волю. Разам пераможам!
(Фота з сустрэчы Віктара Бабарыкі ў Салігорску 17 чэрвеня 2020 )
Фота: Паша Крычко