Юрыст штаба Максім Знак падчас прамога эфіру зладзіў сапраўдны юрыдычны экскурс і расказаў, як павінен працаваць Выбарчы кодэкс. Галоўнай тэмай нашага стрыму былі адказы на звароты і скаргі аб несапраўдных подпісах у выбарчыя камісіі.
ытайце асноўнае з таго, што адказвалі камісіі, што кажа закон і што будзе рабіць штаб далей.
Што мы даведаліся з адказаў выбарчых камісій?
Выбаршчыкі, сябры ініцыятыўнай групы і каардынатары, а таксама юрысты штаба накіроўвалі звароты ў выбарчыя камісіі наконт лёсу подпісаў. Мы прааналізавалі першыя адказы з камісій і можам зрабіць такія высновы. Аказваецца:
- Грамадзянін не мае права даведацца наконт лёсу свайго подпісу за кандыдата.
- Грамадзянін не мае права абскардзіць рашэнне камісіі, нават калі ягоны подпіс беспадстаўна палічылі несапраўдным.
Кіраўніца ЦВК на днях заяўляла, што «у чужы манастыр са сваім статутам не ходзяць», але Выбарчы кодэкс – не чужы статут.
Такая інтэрпрэтацыя выбарчага закона не адпавядае прынцыпам, выкладзеным у Канстытуцыі. Кожны грамадзянін мае права на атрыманне інфармацыі ад дзяржаўных органаў і права на судовую абарону.
Сітуацыю можна назваць юрыдычным дэфолтам – калі прававыя нормы існуюць, але яны не выконваюцца зусім або не выконваюцца належным чынам.
Што кажа Канстытуцыя?
Артыкул 40 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь замацоўвае права кожнага грамадзяніна падаваць звароты ў дзяржаўныя органы, а тыя павінны адказаць або пісьмова матываваць немагчымасць адказу.
Для таго, каб не даць інфармацыю аб прызнанні подпісу грамадзяніна несапраўднай, павінны быць вельмі важкія падставы. Але для таго, каб адказаць на такі запыт, дастаткова проста зверыцца з актам і паглядзець, ці маюцца ў ім прозвішча, імя і імя па бацьку грамадзяніна; гэта не такая працаёмкая працэдура, як, напрыклад, вывучэнне ўсіх падпісных лістоў.
Артыкул 60 Канстытуцыі гарантуе кожнаму права на судовую абарону. Пазіцыя ЦВК аб тым, што дакументы не падлягаюць судоваму абскарджанню, не адпавядае артыкулу 60.
Артыкул 112 кажа пра тое, што правасуддзе ажыццяўляецца на падставе Канстытуцыі як галоўнага закона: «Калі пры разглядзе канкрэтнай справы суд прыйдзе да высновы аб неадпаведнасцi нарматыўнага акта Канстытуцыі, ён прымае рашэнне ў адпаведнасці з Канстытуцыяй і ставіць ва ўстаноўленым парадку пытанне аб прызнанні дадзенага нарматыўнага акта неканстытуцыйным».
Што мы зрабілі?
Мы прагледзелі сканы дакументаў, якія захоўваюцца ў нас на серверах і ўпэўніліся, што подпіс і дата ставілася асабіста выбаршчыкам, прычым, часцей за ўсё нават іншай асадкай. Пры праглядзе відаць, што почырк і атрамант адрозніваюцца. Калі мы пачалі тэлефанваць у раённыя камісіі, то сутыкнуліся з цікавымі адказамі на нашыя пытанні: «Што было на пасяджэнні — не памятаем, чакайце інфармацыю на сайце».
Інфармацыя пра ўключэнне подпісаў павінна была з’явіцца на сайце не пазней за наступны дзень. Не з’явілася яна ані ў аўторак, ані ў сераду, ані дагэтуль.
Больш за ўсё подпісаў было забракавана на падставе заключэння эксперта. Імаверна, заключэння аб тым, што подпіс і дата ставіліся рознымі людзьмі.
Калі ўзяць ўсе подпісы, якія ЦВК палічыў здадзенымі ў камісіі, павінны былі быць праверанымі ад 73 000 да 128 000. Экспертыза праводзілася тры дні. Для почырказнаўчай экспертызы неабходныя час і рэсурсы. Калі парушаны парадак і часу на даследаванні відавочна недастаткова — экспертызу нельга лічыць дакладным і дапушчальным доказам.
Што мы можам зрабіць яшчэ ў рамках закона?
Асоба, якой будзе адмоўлена ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата на пасаду прэзідэнта, можа падаць пазоў у Вярхоўны суд. Але гэта права тычыцца этапу пасля 14 ліпеня, а да яго яшчэ ёсць час.
Грамадзяне могуць падаваць у адпаведныя камісіі заявы і скаргі. Паводле закону грамадзяніну павінны адказаць, калі ж на заяву або скаргу не будзе адказу па сутнасці, ён мае права звярнуцца ў вышэйшую камісію, а затым — у суд. Мы падрыхтавалі ўзоры дакументаў і размясцілі іх у адкрытым доступе на афіцыйным сайце. Імі можна скарыстацца з улікам сітуацыі і запытаў грамадзяніна.
Мы падалі ў ЦВК чатыры новыя скаргі. Адна з іх — аб прызнанні несапраўднымі значнай колькасці подпісаў — змяшчае 12 старонак і досыць шмат падставаў для прызнання гэтых подпісаў. Другая скарга тычыцца абласных і гарадскіх камісій па выбарах, трэцяя — скарга на адмову гарадской камісіі азнаёміць нас з матэрыяламі справы, і чацвёртая — аб тым, што дагэтуль няма апублікаванай інфармацыі аб прызнанні подпісаў на афіцыйным сайце.
На фоне адбракавання вялікай часткі подпісаў на другі план адышла гісторыя з уключэннем грамадзян ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. У гэтым напрамку мы таксама будзем дзейнічаць, бо ў працы адміністрацый маюцца сур’ёзныя парушэнні.
Мы будзем накіроўваць адпаведныя дакументы ў Генеральную пракуратуру і іншыя органы для аднаўлення правоў грамадзян, бо пры першасным абскарджанні гэтага зрабіць не атрымалася.
Прававая пазіцыя штаба — прынцып галоснасці, апісаны ў Выбарчым кодэксе, які дазваляе кожнаму грамадзяніну даведацца пра лёс ягонага подпісу.