Тэкст скаргі публікуецца з дазволу даверанай асобы Святланы Ціханоўскай Вольгі Кавальковай.

 

Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь
220020, г. Мінск, вул. Арлоўская, 76

Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні
рэспубліканскіх рэферэндумаў
г.Мінск, вул. Савецкая, 11

Кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь
Ціханоўскай Святланы Георгіеўны
……

СКАРГА

9 жніўня 2020 года адбыліся выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

У сувязі з дапушчанымі парушэннямі заканадаўства выбары ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь павінны быць прызнаныя несапраўднымі на падставе арт. 79 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь (далей – ВК РБ). Пасля прызнання выбараў несапраўднымі павінны быць адноўленыя парушаныя правы грамадзян, у тым ліку асоб, якія былі вылучаныя ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты, і, на падставе арт. 81 ВК РБ, прызначаныя новыя выбары.

Заяўнікам была падпісаная і 10 жніўня 2020 года пададзеная ў Цэнтральную камісію Рэспублікі Беларусь па правядзенні выбараў і рэспубліканскіх рэферендумаў (далей – Цэнтральная камісія) у трохдзённы тэрмін з даты правядзення выбараў скарга аб прызнанні выбараў несапраўднымі (далей – Скарга ў Цэнтральную камісію).

Цэнтральная камісія 14 жніўня 2020 года прыняла рашэнне аб адмове ў задавальненні пададзенай скаргі (далей – Рашэнне Цэнтральнай камісіі).

Паводле арт.79 ВК РБ, рашэнне Цэнтральнай камісіі можа быць абскарджанае ў Вярхоўны Суд Рэспублікі Беларусь на працягу 10 дзён. Заяўнік асабіста падпісвае дадзеную скаргу для падачы ў Вярхоўны суд Рэспублікі Беларусь у межах устаноўленага тэрміну. Заяўнік вызвалены ад выплаты дзяржаўнай пошліны за разгляд скаргі паводле п. 1.8.1 арт. 285 Падатковага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Падставай для адмены Рашэння Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмове ў задавальненні Скаргі ў Цэнтральную камісію з’яўляюцца тыя ж фактычныя абставіны і довады, якія пацвярджаюць неабходнасць прызнання выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 09.08.2020 г., несапраўднымі ў цэлым па Рэспубліцы Беларусь. Апісанне парушэнняў і прававыя абгрунтаванні дадзенай скаргі выкладзеныя ніжэй і адпавядаюць довадам Скаргі ў Цэнтральную камісію.

I. Агульная кваліфікацыя парушэнняў, якія былі дапушчаныя на працягу выбарчай кампаніі.
У дадзенай скарзе прыводзяцца агульныя звесткі аб групах (катэгорыях) аднародных парушэнняў і апісанне асобных парушэнняў. Скарга ўтрымлівае дастатковыя падставы для прызнання выбараў несапраўднымі, аднак можа быць дапоўненая па меры паступлення дадатковых доказаў і інфармацыі.

Паводле арт.79 ВК РБ, выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у цэлым па рэспубліцы могуць быть прызнаныя несапраўднымі па двух падставах:

  1. праз дапушчаныя парушэнні на працягу выбараў;
  2. праз дапушчаныя парушэнні пры падліку галасоў.

Пры гэтым неабходна, каб дадзеныя парушэнні ВК РБ паўплывалі на вынікі выбараў у цэлым па рэспубліцы, гэта значыць, парушэнні павінны мець істотны характар.

Пералічаныя ў дадзенай скарзе парушэнні маюць істотны характар і уяўляюць сабой адзіны комплекс парушэнняў, звязаных адінай мэтай – паўплываць на вынікі выбараў: праз выдаленне палітычных канкурэнтаў, зніжэнне палітычнай актыўнасці выбаршчыкаў, стварэнне ўмоў для падлогу дакументаў, фальсіфікацый, і праз свядома няправільны падлік галасоў.
Як правіла, у кожнай групе адлюставаных у дадзенай скарзе парушэнняў утрымліваюцца сотні або нават тысячы аднатыпных парушэнняў, што сведчыць аб сістэмнасці дапушчаных злоўжыванняў, аб наяўнасці агульных інструкцый для парушальнікаў і наяўнасці адзінай мэты. Сістэмныя парушэнні аказваюць прамы ўплыў на вынік выбараў за кошт эфекту маштабу.

Парушэнні ў ходзе падліку галасоў

Парушэнні, якія цягнуць за сабой няправільны падлік галасоў, могуць быць наступнымі:

  1. Свядома няправільны падлік галасоў членамі камісій.
  2. Свядома няправільнае сумаванне дадзеных, атрыманых ад асобных членаў, і ўнясенне непраўдзівых звестак аб выніках галасавання старшынёй (сакратаром) камісіі.
  3. Улік падробных бюлетэняў і дакументаў, якія не з`яўляюцца бюлетэнямі, змешчаных у скрынях для галасавання, у тым ліку пры замене сапраўдных бюлетэняў, якія запаўняліся выбаршчыкамі, а таксама пры імітацыі галасавання асобамі, якія не з’яўляюцца выбаршчыкамі дадзенага ўчастка.
  4. Завышэнне колькасці выбаршчыкаў на ўчастку за кошт уключэння асоб, якія не могуць галасаваць на дадзеным участку (замежныя грамадзяне у т.л. з відам на жыхарства, памерлыя грамадзяне, выдуманыя грамадзяне).
  5. Завышэнне колькасці галасоў за кошт галасоў, нібыта аддадзеных асобамі, якія свядома не галасавалі на дадзеным участку (у тым ліку, якія пастаянна знаходзяцца за мяжой, якія адсутнічаюць у сувязі з хваробай, памерлыя і г.д.).
  6. Любыя іншыя парушэнні, пры якіх колькасць улічаных бюлетэняў і размеркаванне галасоў выбаршчыкаў не адпавядае рэальнаму волевыяўленню выбаршчыкаў.

Іншыя парушэнні заканадаўства, якія цягнуць за сабой несапраўднасць выбараў

Да парушэнняў, якія цягнуць за сабой несапраўднасць выбараў, указаных у арт. 81 ВК РБ, належыць адносіць любыя парушэнні, якія ўплываюць на вынікі выбараў і супярэчаць нормам і прынцыпам кодэкса.

Паводле арт. 2 ВК РБ прававой асновай выбарчай сістэмы, рэферэндума з’яўляецца Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь. Паводле артыкула 38 Канстытуцыі, грамадзяне Рэспублікі Беларусь маюць права свабодна абіраць і быць абранымі ў дзяржаўныя органы на падставе ўсеагульнага, роўнага, прамога або ўскоснага выбарчага права пры тайным галасаванні. Гэтая канстытуцыйная норма разгортваецца, у прыватнасці, у арт.арт. 3,5,9 ВК РБ. У прыватнасці, устаноўлена, што выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах, за каго галасаваць на выбарах. Галасаванне на выбарах з’яўляецца тайным: кантроль за волевыяўленнем грамадзян падчас галасавання забараняецца. Дадзеныя нормы ўтвараюць асноўныя прынцыпы выбарчай сістэмы, і іх мэтанакіраванае парушэнне ў адносінах да шырокага кола выбаршчыкаў з’яўляецца безумоўнай падставай для прызнання выбараў несапраўднымі.

Пры гэтым паводле арт. 49 ВК РБ да парушэнняў кодэкса, у прыватнасці, аднесеныя таксама любыя дзеянні, якія перашкаджаюць свабоднаму ажыццяўленню грамадзянінам Рэспублікі Беларусь права свабодна абіраць і быць абраным; дзеянні, якія перашкаджаюць працы камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь; падробка дакументаў па выбарах, свядома няправільны падлік галасоў або іншае скажэнне вынікаў галасавання; парушэнне тайны галасавання; нявыдача камісіям неабходных дакументаў і іншыя. Дадатковыя звесткі аб парушэнні норм ВК РБ будуць прыведзеныя пры апісанні адпаведных катэгорый парушэнняў (напрыклад, пры правядзенні выбараў прэзідэнта ў 2020 годзе былі парушаныя такія нормы выбарчага заканадаўства, як арт.арт. 13, 20, 35-37, 45-49, 55, 61, 68, 68-1, 70-1, 73, 74 ВК РБ.

II. Цяжар даказвання і звесткі аб парушэннях

Паводле арт. 49-1 ВК РБ, арт. 339 Грамадзянскага працэсуальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, пры разглядзе скаргаў на дзеянні дзяржаўных органаў, арганізацый і службовых асоб, правяраецца законнасць і абгрунтаванасць такіх дзеянняў. Пры гэтым дзяржаўныя органы, арганізацыі і службовыя асобы павінны прадставіць матэрыялы, якія сталі падставай для адпаведных дзеянняў (бяздзейнасці).

Заяўнікі маюць права, але не абавязаныя прадстаўляць доказы і іншыя матэрыялы.

Улічваючы сціслы тэрмін падрыхтоўкі дадзенай скаргі, у ёй немагчыма адлюстраваць інфармацыю аб усіх парушэннях, асабліва з улікам таго, что звесткі працягваюць паступаць. Разам з тым, звесткі аб парушэннях у межах выбарчай кампаніі неаднаразова публікаваліся ў сродках масавай інфармацыі, шматлікія сістэмныя парушэнні ўжо сталі агульнавядомымі.

Да дадзенай заявы прыкладаюцца папкі з дакументамі, якія маюцца ў наяўнасці ў заяўніка, яны пацвярджаюць парушэнні, што былі дапушчаныя падчас правядзення выбарчай кампаніі і падліку галасоў.

Дадаткова просім разгледзець у якасці прыкладаў дапушчаных сістэмных парушэнняў не толькі тыя парушэнні, што проста названыя ў дадзенай скарзе, але і тыя парушэнні, якія на момант разгляду заявы будуць дадаткова размешчаныя на наступных анлайн-платформах:

Найменне і адрас анлайн-платформы Колькасць заяўленых парушэнняў (на момант падрыхтоўкі скаргі)
Платформа ЗУБР https://zubr.in/elections/messages
6532 унікальныя паведамленні з 1403 участкаў, якія ўтрымліваюць 3988 фатаздымкаў, відэа і аўдыязапісаў і 5955 тэкставых апісанняў
Платформа Права выбора 2020

https://pvby.org/ru

1634 парушэнняў
Платформа ВІКІ-Скарга, Сумленныя людзі

https://wiki.honestby.org/


Больш за 1000 парушэнняў, якія не адносяцца да перыяду галасавання

У фінальнай справаздачы платформ «Голас», «Сумленныя людзі» і «Зубр» – http://bit.ly/golos-final-report – адлюстравана мноства фальсіфікацый на прэзідэнцкіх выбарах. Таксама на платформе «Голас» апублікаваная карта з фальсіфікацыямі: так можна пабачыць разыходжанне афіцыйных і рэальных звестак на канкрэтных выбарчых участках.

Дзякуючы працы трох платформаў удалося атрымаць і апрацаваць выніковыя пратаколы з 1310 выбарчых участкаў з 5767 па ўсёй Беларусі. Гэтыя пратаколы ахопліваюць 22,7% усіх выбарчых участкаў і 32,2% ўсіх выбаршчыкаў краіны. Пратаколы па астатніх участках атрымаць не удалося. У асноўным гэта звязана з тым, што на многіх выбарчых участках выніковыя пратаколы не вывешваліся камісіямі або вывешваліся без подпісаў. Усе звароты грамадзян аб выдачы пратаколаў для азнаямлення былі пакінутыя без адказу: было заяўлена, што ўчастковыя, раённыя і абласныя камісіі па выбарах скончылі сваю працу, а Цэнтральная камісія не дае звестак аб выніках галасавання на ўчастку выбаршчыкам. На думку Цэнтральнай камісіі, калі выбаршчык не азнаёміўся з пратаколам на сваім участку (нават калі такі пратакол не быў вывешаны), адсутнічае магчымасць азнаямлення з пратаколам якім-небудзь іншым чынам. Разам з тым, дадзеных тых пратаколаў, што ёсць у наяўнасці, дастаткова для таго, каб зрабіць высновы аб фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Пры гэтым прашу Вярхоўны суд запатрабаваць у Цэнтральнай камісіі дадзеныя аб выніках галасавання па ўчастках, а з раённых (гарадскіх) выканаўчых камітэтаў і адміністрацый раёнаў копіі пратаколаў для разгляду дадзенай скаргі і ўстанаўлення вынікаў галасавання по кожным з участкаў для таго, каб заяўнікам маглі быць дадзеныя дадатковыя тлумачэнні па тых участках, па якіх няма дадзеных, а таксама вынікі, звераныя з дадзенымі вывешаных пратаколаў. Паводле арт. 155-1 ВК РБ, пратаколы ўчастковых камісій па выбарах Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь захоўваюцца ў органах, якія ўтварылі камісіі, цягам 5 гадоў, а ва ўчастковых камісіях па выбарах дэпутатаў, па рэфереэндуме, па правядзенні галасавання аб адкліканні дэпутата захоўваюцца ў органах, якія ўтварылі камісіі, цягам 4 гадоў, а затым у складзе фондаў гэтых органаў передаюцца на захаванне ў дзяржаўныя архівы.

Дадзеныя з выніковых участковых пратаколаў, якія трапілі ў адкрыты доступ, былі звераныя з абагульняльнымі вынікамі Цэнтральнай камісіі, а таксама з фотаздымкамі рэальных бюлетэняў ад выбаршчыкаў. Як мінімум на 30% указаных выбарчых участкаў атрыманымі ад выбаршчыкаў фотаздымкамі бюлетэняў пацверджаныя фальсіфікацыі, праз якія выбары нельга прызнаць законнымі. У дачыненні да астатніх участкаў у сістэме «Голас» недастаткова інфармацыі, аднак няправільны падлік галасоў на ўчастках можа быць пацвержданы пры дапамозе іншых сродкаў даказвання.

Пасля вывучэння атрыманых пратаколаў відавочна: у афіцыйных выніках заніжаная колькасць рэальных галасоў за Святлану Ціханоўскую. На 1310 з 5767 участкаў С.Г. Ціханоўская афіцыйна атрымала 81% галасоў ад усіх, што на яе карысць агучыла ЦВК: 471 709 з 588 619 галасоў.

Атрымліваецца, што на астатніх 77,3% выбарчых участках, пратаколы з якіх атрымаць не ўдалося, прыходзіцца толькі 19,9% галасоў за Ціханоўскую – 116 910. Такі перакос магчымы толькі пры фальсіфікацыі вынікаў. На ўчастках, дзе апублікаваныя пратаколы, за С.Г. Ціханоўскую галасавалі ў сярэднім па 360 чалавек. А на ўчастках, дзе публічнай інфармацыі няма, – павінны былі прагаласаваць у сярэднім па 26 чалавек. Розніца паміж публічнымі і непублічнымі пратаколамі – у 13 разоў.

Неабвержныя доказы фальсіфікацый па Мінску. Згодна з афіцыйнымі вынікамі ЦВК, у сталіцы за С.Г.Ціханоўскую прагаласавалі 126 861 чалавек на ўсіх 731 участках. У распараджэнні платформаў «Голас», «Зубр» і «Сумленныя людзі» маюцца пратаколы з 432 сталічных выбарчых участкаў. І сумма галасоў за С.Г.Ціханоўскую, адлюстраваная ў іх, ужо перавышае выніковыя дадзеныя ад ЦВК. Гэта азначае, што на самой справе за С.Г. Ціханоўскую ў Мінску прагаласавала больш людзей, чым агучана ў афіцыйных выніках Мінскай гарадской камісіі па выбарах, улічаных Цэнтральнай камісіяй пры вынясенні агульных вынікаў.

Аналагічная сітуацыя і па Мінскай вобласці. Калі проста падсумаваць дадзеныя па наяўных пратаколах, то на астатнія 74% участкаў (а гэта 736 участкаў з 993) застаецца толькі 0,7% галасоў за С.Г.Ціханоўскую – 751 голас ад усіх 115 304.

Завышанай з’яўляецца і колькасць галасоў, аддадзеных за А.Р. Лукашенку, якая была агучаная Цэнтральнай камісіяй. Зыходзячы з апублікаваных бюлетэняў, размеркаванне галасоў паміж выбаршчыкамі на ўчастках, дзе афіцыйна перамагаў Лукашэнка (на думку заяўніка – пры дапушчаным няправільным падліку галасоў), і на ўчастках, дзе афіцыйна перемагала Ціханоўская (нават на ўчастках з завышанай яўкай датэрміновага галасавання і магчымым падлікам падложных бюлетэняў) выглядала наступным чынам:

Лукашэнка перамагаў з вынікам 66,6% (у Ціханоўскай на гэтых участках 20,4%), а Ціханоўская перамагала з вынікам 57,6% (у Лукашэнкі на гэтых участках 31,3%). Для таго каб Лукашэнка атрымаў у выніку 80,1%, на астаніх 4457 выбарчых участках за Ціханоўскую павінны былі прагаласаваць 2,97% выборцаў, а за яе галоўнага апанента – 88,85%. Такое размеркаванне прынцыпова адрозніваецца ад размеркавання галасоў на ўчастках, па якіх ёсць пратаколы. Што ў прынцыпе немагчыма, калі б галасы былі падлічаныя сумленна.

Параўнанне выніковых пратаколаў з фатаздымкамі бюлетэняў ад выбаршчыкаў прывяло да сумнай высновы: на 30% участкаў вынікі сфальсіфікаваныя.

На платформе «Голас» зарэгістраваныя больш за 1,26 млн беларусаў, з якіх 1 047 933 заявілі аб сваім выбары (1 001 569 галасоў у сістэме «Голос» – 95,58% – за С.Г.Ціханоўскую), і па выніках выбараў даслалі больш за 550 000 фотаздымкаў бюлетэняў, якія аўтаматычна размеркаваліся па выбарчых участках і паказалі, дзе дадзеныя камісій і выбаршчыкаў не супалі. Калі бюлетэняў за пэўнага кандыдата на канкрэтным участку аказваецца больш, чым галасоў за яго ж у выніковым пратаколе УВК, то можна весці размову аб фальсіфікацыі на гэтым выбарчым участку.

550 000 фотаздымкаў былі накіраваныя выбаршчыкамі з усёй Беларусі і складаюць толькі 9,5% ад агульнай колькасці грамадзян, якія ўзялі ўдзел у галасаванні паводле звестак Цэнтральнай камісіі. Тым не менш накладанне гэтых звестак на дадзеныя пратаколаў 22,7% участкаў у Беларусі дазволіла выявіць фальсіфікацыі. Карта ўдзельнікаў з фальсіфікацыямі апублікаваная на платформе «Голас» – https://partizan-results.com/ — іх больш за 400 (больш за 30% ад тых участкаў, якія маглі быць прааналізаваныя). Там жа паказаныя ўчасткі, дзе фальсіфікацыі не знойдзеныя, і участкі, дзе для высноў аб сумленнасці працы выбарчых камісій недастаткова інфармацыі.

У якасці дадатковага доказу ў складзе дакументаў аб парушэннях да дадзенай скаргі прыкладаецца флэш-накапляльнік. На ім змешчаная абагульненая інфармацыя аб парушэннях і скаргах, пададзеных па факце іх выяўлення, а таксама адпаведныя доказы. Частка доказаў з флэш-накапляльніка раздрукаваная і дадаецца ў выглядзе копій дакументаў. Просім праслухаць падчас судовага пасяджэння аўдыя і відэазапісы з удзелам членаў выбарчых камісій, якія пацвярджаюць фальсіфікацыі вынікаў, выклікаць членаў адпаведных камісій (у тым ліку тых камісій, аб фальсіфікацыях у якіх паведамілі СМІ на падставе звестак, атрыманых ад членаў камісій) у якасці сведкаў пры разглядзе гэтай скаргі.

У папках «справаздачы аб парушэннях» і «дадатковыя доказы» ўтрымліваюцца адпаведныя файлы (інфармацыя), якія пацвярджаюць наяўнасць шматлікіх фальсіфікацый, іншых парушэнняў выбарчага заканадаўства. Асобы, якія ўказаныя ў дакументах у якасці асоб, што далі доказы, могуць быть прыцягнутыя ў якасці сведак у адносінах да выяўленых парушэнняў.

Таксама на накапляльніку змяшчаецца інфармацыя ў выглядзе копій пратаколаў участковых камісій і копій заяў грамадзян, якія пацвярджаюць сапраўдную колькасць асоб, што прагаласавалі на ўчастку за С.Г. Ціханоўскую. Існуе некалькі дзясяткаў участкаў, выбаршчыкі якіх прынялі рашэнне аб раскрыцці тайны галасавання і адкрыта пацвердзілі, што аддалі свой голас за С.Г.Ціханоўскую, прычым колькасць такіх подпісаў у разы перавышае колькасць галасоў, якія пазначаныя ў афіцыйных пратаколах, вывешаных на адпаведных участках. Найбольш паказальнай з’яўляецца колькасць подпісаў, сабраных выбаршчыкамі пад заявамі аб узбуджэнні крымінальных спраў па факце аб учыненні злачынстваў па арт. 192 КК РБ. Падпісваючы такія заявы і адзначаючы, што падпісанты аддалі свае подпісы за С.Г.Ціханоўскую яны абвяргаюць дадзеныя, якія зазначаныя ў пратаколах участковых камісій. Пры неабходнасці ўсе пазначаныя выбаршчыкі могуць быць выкліканыя ў суд у якасці сведак і дадаткова пацвердзіць факт галасавання за Ціханоўскую С.Г. І няправільны вынік галасавання на адпаведных участках.

Варта адзначыць, што, адмаўляючы ў задавальненні скаргі, Цэнтральная камісія спаслалася на адсутнасць канкрэтных фактаў парушэнняў. Разам з тым, П.А.Дзікам, членам Цэнтральнай камісіі з правам дарадчага голаса, цягам пасяджэння 14.08.2020 было прапанавана вывучыць доказы, якія маюцца у наяўнасці, (частка з іх была даступная на пасяджэнні ў папяровым выглядзе, рэшта ў электронным), для чаго перанесці паседжанне на 18 жніўня ў мэтах вывучэння ўсяго масіва доказаў членамі камісіі. Абедзве прапановы былі адхіленыя. Доказы не разглядаліся і не ацэньваліся. Такім чынам, рашэнне камісіі было прынятае без належнага вывучэння доказаў заяўніка. Больш за тое, старшынямі выбаркамаў (Віцебская вобласць і г. Мінск), фактычна прызнавалася наяўнасць выбарчага заканадаўства ў частцы забеспячэння доступа ўсіх грамадзян да вынікаў галасавання па канкрэтных участках, што разам з наяўнымі доказамі аб неадпаведнасці пратаколаў, якія былі вывешаныя для агляду на ўчастках і пратаколамі рэальна адпраўленымі ў тэрытарыяльныя камісіі, пацвярджае факт спланаванай маштабнай фальсіфікацыі. Гэтыя асобы могуць быць апытаныя ў якасці сведак. Просім Вярхоўны суд запатрабаваць аудыязапіс і стэнаграму пасяджэння Цэнтральнай камісіі, якое адбылося 14.08.2020 для дадатковага пацверждання пазначаных звестак.

III. Агульныя звесткі аб катэгорыях і групах парушэнняў

У гэтым раздзеле скаргі ўказваюцца катэгорыі і групы парушэнняў, якія паўплывалі на вынікі выбараў, у тым ліку накіраваныя на зніжэнне палітычнай актыўнасці, а таксама на забеспячэнне магчымасці для ажыццяўлення свядома неправільнага падліку галасоў.

I. Пераслед паводле палітычных матываў

Пераслед паводле палітычных матываў праводзіўся разнастайнымі сродкамі і метадамі: у першую чаргу для выдалення палітычных канкурэнтаў і пераследу іх прыхільнікаў, а таксама для пераследу любых палітычна актыўных грамадзян і ўшчамлення іх права абіраць і быць абраным.

Безпадстаўнае пазбаўленне асобных грамадзян магчымасці быць зарэгістраванымі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, безумоўна, паўплывала на вынікі выбараў і з’яўляецца падставай для іх несапраўднасці.

I.I. Крымінальны пераслед паводле палітычных матываў

Накіраванне ў следчыя органы загадаў, якія датычацца палітычных канкурэнтаў А.Р. Лукашэнкі, было неаднаразова пацверджанае ягонымі ўласнымі выказыванні (і ў дачыненні да Сяргея Ціханоўскага, і ў дачыненні да Віктара Бабарыкі, і ў дачыненні да Валерыя Цапкалы). Пры такіх абставінах патэнцыяльныя кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь, іх прыхільнікі, а таксама іншыя палітычна актыўныя грамадзяне, у дачыненні да якіх былі ўзбуджаныя крымінальныя справы, былі абгрунтавана прызнаныя палітычнымі вязнямі.

I.I.I. Узбуджэнне крымінальных спраў у дачыненні да кандыдатаў у прэзідэнты і іх прыхільнікаў, а таксама палітычных актывістаў

Пачынаючы з этапу збору подпісаў патэнцыяльныя кандыдаты ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. С.Ціханоўскі і В.Бабарыка, а таксама каардынатары і сябры іх ініцыятыўных груп не маглі браць паўнавартасны ўдзел у выбарчай кампаніі, пакольку ім былі прад’яўленыя абвінавачанні і прынятыя меры стрымання ў выглядзе ўзяцця пад варту. У адносінах да В. Цапкалы, а пасля адмаўлення ў ягонай рэгістрацыі і ў адносінах да ягонай жонкі – Веранікі Цапкала – неаднаразова гучала пагроза ўзбуджэння крымінальнай справы.

I.I.2. Правядзенне незаконных затрыманняў

У дачыненні да палітычна актыўных грамадзян, уключаючы С.Ціханоўскага, В.Бабарыку, у межах крымінальнага працэсу праводзіліся незаконныя затрыманні з выкарыстаннем фізічнай сілы.

I.I.3. Незаконнае ўзяцце пад варту.

Нягледзячы на адсутнасць прамых падставаў, наяўнасць асабістых даручальніцтваў грамадзян, а таксама нягледзячы на актыўную фазу выбарчай кампаніі, амаль усе палітычна актыўныя грамадзяне, якія з’яўляцца абвінавачанымі па крымінальных справах, у тым ліку С.Ціханоўскі, В. Бабарыка, працягвалі заставацца пад вартай. Пры гэтым усе пададзеныя хадайніцтвы аб замене меры ўтрымання на іншую (напрыклад, хатні арышт, даручальніцтва – адхіляліся).

Пры падачы асабістых даручальніцтваў за В.Бабарыку шэраг грамадзян былі затрыманыя непасрэдна ў будынку КДБ, у дачыненні да часткі затрыманых былі складзеныя адміністратыўныя пратаколы за правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства, былі вынесеныя судовыя пастановы аб адміністратыўным пакаранні (14-15 сутак).

I.I.4. Парушэнне прэзумпцыі невінаватасці

Нягледзячы на наяўнасць канстытуцыйнага прынцыпу прэзумпцыі невінаватасці, да разгляду судом прад’яўленых абвінавачванняў, а часта і да іх прад’яўлення, у адносінах да С.Ціханоўскага і В.Бабарыкі былі дапушчаныя шматлікія выказванні найвышэйшых службовых асоб, уключаючы А.Р.Лукашэнку, якія дапускалі іх віну ва ўчыненні злачынных дзеянняў, а таксама неаднаразова размяшчаліся матэрыялы ў СМІ, у тым ліку змантаваныя здымкі следчых дзеянняў. Пры гэтым варта адзначыць, што адвакаты абвінавачанных з прычыны адабранай падпіскі не маглі ніяк каментаваць зробленыя выказванні і выпушчаныя сюжэты.

I.I.5. Парушэнне права на абарону

У адносінах да большасці абвінавачаных неадпаведным чынам рэалізавалася права на абарону: у прыватнасці, нягледзячы на наяўнасць раней заключанай дамовы з адвакатамі ў В.Бабарыкі, адвакаты не былі дапушчаныя да абароны (і нават не былі дапушчаны ў будынак), потым ствараліся перашкоды для наведвання абвінавачаных адвакатамі.

2. Адміністратыўныя справы па палітычных матывах

Найбольш частым спосабам уздзеяння на палітіычна актыўных грамадзян стала ўзбуджэнне ў адносінах да іх адміністратыўных спраў або прымяненне нормаў адміністратыўнага працэсу пры адсутнасці ўзбуджаных спраў.

2.1.Незаконныя затрыманні

Падчас пікетаў, мірных акцый салідарнасці, у тым ліку пры рэалізацыі свайго права на падачу звароту ў дзяржаўныя органы (ЦВК, КДБ) многія грамадзяне былі затрыманыя без тлумачэння прычын. Затрыманне, як правіла, праводзілася людзьмі ў цывільным, без прад’яўлення службовых пасведчанняў. У адносінах да часткі затрыманых не складаўся пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, прычыны затрымання так і не былі патлумачаныя.

2.2. Незаконнае выкарыстанне фізічнай сілы

На працягу затрыманняў, а ў некаторых выпадках і тады, калі не правадзілася затрыманне, у дачыненні да палітычна актыўных грамадзян ўжывалася фізічная сіла (удары кулаком, локцем, удары нагамі, заломванне рук і г.д.). Часта не складаўся пратакол аб адміністратыўным правапарушэнні, прычыны ўжывання фізічнай сілы не былі абгрунтаваныя.

3. Пагрозы і выкарыстанне негатыўных мер на месцы працы, вучобы і т.п.

Задакументаваныя выпадкі, калі пасля ўзбуджэння адміністратыўнага працэсу альбо пасля затрымання інфармацыя аб палітычнай дзейнасці грамадзяніна накіроўвалася для прыняцця мер на месцы ягонай працы, вучобы і т.п. Палітычная актыўнасць магла стаць прычынай звальнення, у тым ліку непрацягнення кантракту, неналічэння прэміі і г.д.

4. Парушэнні на этапе рэгістрацыі ініцыятыўных груп кандыдатаў

Неабгрунтаваная адмова ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп паўплывала на вынікі выбараў у цэлым.

4.1. Адмаўленне ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп па фармальных прэтэнзіях да дакументаў.

Непасрэдна пасля прыняцця рашэння аб вылучэнні ў якасці кандыдата ў прэзідэнты, але перад пачаткам рэгістрацыі ініцыятыўных груп, 6 мая 2020 г., С. Ціханоўскі быў затрыманы і накіраваны для адбыцця пакарання, вынесенага ў студзені 2020 года. Праз 2 дні была прынятая пастанова аб прызначэнні прэзідэнцкіх выбараў. Зыходзячы з устаноўленага тэрміна, С.Ціханоўскі не паспяваў падаць дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы асабіста.

Дакументы для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Ціханоўскага былі пададзеныя на падставе натарыяльнай даверанасці. Нягледзячы на гэта, дакументы прынятыя не былі, ініцыятыўная група не была зарэгістраваная па фармальных падставах. Насуперак волі С.Ціханоўскага, Цэнтральная камісія палічыла, што на падставе даверанасці падаваць дакументы нельга. Дадзенае парушэнне аказала істотны ўплыў на вынікі выбараў.

4.2. Адмаўленне ў рэгістрацыі ініцыятыўных груп пасля праверкі звестак аб членах ініцыятыўных груп.

У адносінах да часткі ініцыятыўных груп (у т.л. Мікалая Кудраўца, Пятра Карабанава, Тамары Патоцкай, Мікалая Саляніка, Уладзіміра Неўмяржыцкага), Цэнтральнай камісіяй была праведзеная не прадугледжаная заканадаўствам працэдура апытання патэнцыйных членаў ініцыятыўных груп і прынятае рашэнне аб адмаўленні ў рэгістрацыі груп.

Выбарчы кодэкс не прадугледжвае, што асоба можа быць членам толькі адной ініцыятыўнай групы, не прадугледжвае тэлефанавання членам ініцыятыўных груп і якіх-небудзь наступстваў пры недастаткова дакладных адказах на пытанні таго, хто тэлефануе.

4.3.Нявыдача пасведачанняў членам ініцыятыўных груп

Каля 300 членаў ініцыятыўнай групы В.Бабарыкі атрымалі пасведчанні і пацверджанне аб магчымасці выкарыстання гэтых пасведчанняў напрыканцы збору подпісаў.

5. Парушэнні на этапе вылучэння, збору і здачы подпісаў

5.1. Прымус і подкуп выбаршчыкаў, выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу для збору подпісаў за кандыдатаў у прэзідэнты

Найменш задакументаванай, але разам з тым найбольш шырокай катэгорыяй парушэнняў з’яўляецца прымус грамадзян Рэспублікі Беларусь да ажыццяўлення дзеянняў, накіраваных на вылучэнне і абранне А.Р. Лукашэнкі ў якасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У СМІ прыводзіліся звесткі аб разнастайных выпадках прымусу выбаршчыкаў да пакідання подпісу за вылучэнне А.Р. Лукашэнкі, аб фактах удзелу выбаршчыкаў у зборы подпісаў. Разам з тым гэты кандыдат не быў прыцягнуты да адказнасці, у рэгістрацыі ў якасці кандыдата не было адмоўлена, рэгістрацыя не была адмененая, што аказала ўплыў на вынікі выбараў.

5.2. Пераслед каардынатараў, адмаўленне ў замене каардынатараў, адмаўленне ў прыёме подпісаў

Каардынатары С.Ціханоўскай і В.Бабарыкі былі затрыманыя праваахоўнымі органамі. Цэнтральная камісія не дазволіла замяніць каардынатараў. Частка падпісных лістоў не была здадзеная, таму што Цэнтральная камісія адмовілася прымаць подпісы ад каго-небудзь, акрамя каардынатараў (нават з улікам знаходжання патэнцыйнага кандыдата ў прэзідэнты В.Бабарыкі, кіраўніка ініцыятыўнай групы Э.Бабарыкі і іншых каардынатараў у СІЗА КДБ).

5.3. Здача несабраных подпісаў

Участковыя камісіі па выбарах былі сфарміраваныя нібыта выпадковым чынам, аднак вывучэнне даступных матэрыялаў паказвае, што фарміраванне камісій у такім складзе ахоплівалася адзіным планам і было накіраванае на стварэнне умоў для магчымасці заведама няправільнага падліку галасоў у мэтах абрання А.Р. Лукашэнкі.

6. Парушэнні пры працэдурах вылучэння членаў УВК грамадзянамі (падробленыя подпісы і інш.)

На шэрагу ўчасткаў было ўстаноўлена, што дакументы аб вылучэнні тых членаў, якія былі ўключаныя ў склад камісіі, рабілася грамадзянамі з парушэннямі.

  1. Адны і тыя ж 10 грамадзяне вылучалі некалькі (да 4-х прадстаўнікоў) ва УВК
  2. Ад імя грамадзян подпісы пад дакументамі аб вылученні ставіла невыяўленая асоба (падробка дакументаў).

Нягледзячы на выяўленне і пацверджанне дадзеных выпадкаў, рашэнні аб фарміраванні УВК так і не было прызнанае неправамерным, а накіраваныя грамадзянамі заявы аб падробцы подпісаў з міліцыі былі накіраваныя для разгляду ў тую ж камісію. Пры гэтым тыя ж сябры УВК, якія былі вылучаныя з дапамогай падробленых подпісаў, былі замененыя тымі ж самымі грамадзянамі, толькі па дакументах ад іншых асоб, што іх вылучаюць (палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў).

6.2. Парушэнні пры працэдурах вылучэння членаў УВК партыямі, грамадскімі аб’яднаннямі (вылучэнне асоб, якія не з’яўляюцца членамі і інш.)

Па шэрагу ўчасткаў у якасці прадстаўнікоў палітычных партый і аб’яднанняў былі вылучаныя асобы, якія заведама не маглі быць іх членамі (напрыклад, не адпавядаюць патрабаванням статута паводле ўзросту (БРСМ), стажу (Саюз ветэранаў) і г.д. Пры гэтым у аніводным выпадку не былі прадстаўленыя дакументы, якія пацвярджаюць членства ў адпаведнай партыі (грамадскім аб’яднанні), аднак меліся звесткі аб тым, што тыя ж асобы цягам мінулых кампаній вылучаліся ад іншых партый, грамадскіх аб’яднанняў.

6.3. Парушэнні пры працэдурах вылучэння членаў УВК працоўнымі калектывамі (неправядзенне сходаў працоўных калектываў і інш.)

Па шэрагу ўчасткаў маюцца звесткі, што працоўныя калектывы з прысутнасцю больш за 50% членаў працоўнага калектыву, які вылучаў члена УВК, не праводзіліся.

6.4. Парушэнні пры працэдуры галасавання па кандыдатурах членаў выбарчых камісій

У большасці выпадкаў галасаванне па кандыдатурах членаў участковых камісій (УВК) праводзілася без абмеркавання асабістых якасцяў, без допуску кандыдатаў, пры гэтым галасаванне ішло сінхронна ўсімі членамі камісіі па папярэдне ўзгодненым сцэнарыі (маюцца аудыёзапісы, якія пацвярджаюць змову).

У выніку «галасавання» па ўсіх участках на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атрымліваецца статыстычна неверагодная карціна – ад шматлікіх арганізацый і грамадзян (да 16 розных арганізацый, якія накіроўвалі на ўчастак), пры ўсёй разнастайнасці кандыдатур, на ўсіх участках нязменна фарміраваліся камісіі, якія складаліся з членаў аднаго працоўнага калектыву, якія, як правіла, мелі папярэдні досвед удзелу ў выбарчай кампаніі.

Выпадковае супадзенне выключанае – мела месца змова пры фарміраванні ўчастковых камісій для забеспячэння магчымасці наступнай фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Пры гэтым незалежныя назіральнікі, у тым ліку ад ініцыятывы «Сумленныя людзі», нягледзячы на высокую кваліфікацыю, не змаглі ўвайсці ў склад УВК, а тыя адзінкі, у якіх гэта атрымалася, пасля былі выключаныя са складаў УВК па надуманых прычынах.

6.5. Парушэнні абраных членаў камісій

Многія з членаў камісій, у тым ліку раённага ўзроўню, адкрыта і публічна праводзілі агітацыйныя мерапрыемствы на карысць А.Р. Лукашэнкі, у тым ліку адпаведныя тэматычныя грамадскія прыёмныя ГА «Белая Русь». Інфармацыя аб такіх дзеяннях размяшчалася ў сетцы Інтэрнэт, у сацыяльных сетках. Пры гэтым нягледзячы на падачу пісьмовых заяў з адлюстраваннем фактаў парушэнняў, дадзеныя асобы так і не былі выключаныя са складаў камісій насуперак патрабаванням арт. 35 ВК РБ.

7. Парушэнні ў дачыненні да назіральнікаў

Прыняцце мераў для нядопуску на ўчасткі незалежных назіральнікаў з’яўляецца яшчэ адной мерай па падаўленні палітычнай актыўнасці грамадзян (стварэнне ўмоў для палітычнай апатыі), а таксама прызначана для стварэння ўмоў скажэння пры падліку галасоў з мэтай абрання А.Р.Лукашэнкі.

7.1. Парушэнні пры накіраваніі назіральнікаў

Пры накіраваніі назіральнікаў ад арганізацый, партый, грамадзян выкарыстоўваліся тыя ж метады, што і пры накіраванні членаў УВК і былі дапушчаныя тыя ж парушэнні (адсутнасць пратаколаў сходаў, членства, адсутнасць подпісаў грамадзян і г.д.)

7.2. Парушэнні пры акрэдытацыі назіральнікаў

За перыяд да 24.07.2020 незалежныя назіральнікі практычна на ніводным участку не маглі прайсці акрэдытацыю, бо ім патлумачылі, што адсутнічае журнал рэгістрацыі. Пры рэгістрацыі ў журнале пасля 24.07.2020 яны ўбачылі, што раней аказаліся запісанымі 5-15 іншых назіральнікаў (незразумела якім чынам яны прадставілі дакументы, калі камісія яшчэ не збіралася, не працавала, журнал адсутнічаў).

7.3. Парушэнні пры нядопуску назіральнікаў

З прычыны барацьбы з інфекцыйнымі захворваннямі Цэнтральнай камісіяй былі прынятыя абмежаванні па знаходжанні назіральнікаў у памяшканні для галасавання. Пры гэтым правы назіральнікаў, гарантаваныя арт. 13 ВК РБ, неабгрунтавана не маглі быць рэалізаваныя. Дадатковым раз’ясненнем ЦВК патлумачыла, што назіральнікі атрымліваюць магчымасць прысутнічаць на ўчастку ў парадку праведзенай акрэдытацыі, прычым складаецца графік, і адсутнасць назіральніка паводле графіка не дае права іншаму назіральніку прайсці на ўчастак. У выніку назіральнікі ажыццяўлялі назіранне па-за межамі памяшкання для галасавання, а часта іх пересоўвалі за межы будынка ці нават тэрыторыі (напрыклад, за агароджу школы).

7.4. Пераслед назіральнікаў

Штодзённа назіральнікаў затрымлівалі па надуманых падставах, абвінавачвалі ў здзяйсненні правапарушэнняў (хуліганства, непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі), ужывалі адміністратыўнае пакаранне ў выглядзе арышту да 15 сутак.

7.5. Адмаўленне ў фіксацыі парушэнняў па патрабаванні назіральнікаў

У выпадку выяўлення парушэнняў выбарчага заканадаўства назіральнікам, члены камісіі адмаўляліся выпраўляць зробленыя памылкі (напрыклад, выкрэсліваць грамадзяніна Расійскай Федэрацыі са спіса выбаршчыкаў), а таксама адмаўлялі ў прыёме скаргаў ад назіральнікаў.

8. Парушэнні на этапе праверкі подпісаў і рэгістрацыі кандыдатаў

Вылучэнне кандыдатаў скончылася этапам праверкі подпісаў, на якім былі забракаваныя сотні тысяч подпісаў.

8.1. Прызнанне несапраўднымі подпісаў па выніках праверкі ОУС

У шэрагу выпадкаў подпісы (за Бабарыку В., Цапкалу В.) прызнаваліся несапраўднымі на падставе лістоў з органаў унутраных спраў, нібыта на падставе няпэўных звестак аб імя і прозвішчы. Тлумачэнняў дадзена не было – магчыма праблемы былі выкліканыя почыркам. Паказальна, што нягледзячы на пісьмовы адказ Центральнай камісіі, несапраўднымі прызнаваліся подпісы ў тых выпадках, калі член ініцыятыўнай групы ўказваў свае дадзеныя на падставе пашпарта, а ў пасведчанні ў яго была зроблена памылка (напрыклад, замест імя па бацьку «Аляксеевіч» з пасведчанні было напісана «Аляксеевч»).

8.2. Прызнанне несапраўднымі подпісаў па выніках «экспертыз»

Большая частка подпісаў была адбракаваная на падставе ліста камітэта судовых экспертыз, у якім адзначалася, што дата і подпіс выбаршчыка выкананыя адной рукой. Якім чынам магла быць праведзеная такая праверка за тры дні ў дачыненні да дзясяткаў тысяч подпісаў і пры адсутнасці свабодных і эксперыментальных узораў – незразумела. Лісты так і не былі паказаныя заяўнікам, у праве на абскарджанне вынікаў праверкі подпісаў было адмоўлена і патэнцыйным кандыдатам, і выбаршчыкам, у выдачы інфармацыі аб подпісе выбаршчыкам таксама было адмоўлена. Пры гэтым было адмоўлена і ў судовай абароне.

8.3. Адмаўленне ў рэгістрацыі кандыдатаў

Падставай для неправамернай адмовы ў рэгістрацыі В. Цапкалу стала прызнанне несапраўднымі подпісаў, скарга ў Вярхоўны суд таксама была адхіленая, нягледзячы на прыкладанне тысячаў пацверджанняў аб сапраўднасці подпісаў ад выбаршчыкаў.

14.07.2020 В. Бабарыку было адмоўлена ў рэгістрацыі на падставе ліста КДК, які парушаў прэзумпцыю невінаватасці і ўтрымліваў нерэлевантныя звесткі. Ліст не быў прадэманстраваны прадстаўнікам кандыдата. У прыёме скаргі, пададзенай на падставе натарыяльнай даверанасці 15.07.2020, было адмоўлена ў сувязі з тым, што, на думку Вярхоўнага суда, патрабуецца асабістая падача скаргі. У прыёме скаргі, пададзенай асабіста Бабарыкам В., было адмоўлена па матывах пропуску трохдзённага тэрміну на падачу скаргі, нягледзячы на наяўнасць хадайніцтва аб аднаўленні ўказанага тэрміну.

Адмаўленне ў рэгістрацыі В. Цапкалу і В. Бабарыку значным чынам змяніла сітуацыю ў выбарчай кампаніі і безумоўна адбілася на выніках выбараў.

9. Парушэнні на этапе перадвыбарчай агітацыі

На працягу перадвыбарчай агітацыі назіралася сістэматычнае выкарыстанне службовага становішча А.Р. Лукашэнкам і стварэнне перашкод для правядзення агітацыі С.Г. Ціханоўскай.

9.1. Абмежаванне правоў на перадвыбарчую агітацыю, у тым ліку ва ўзгодненых месцах і ва ўзгоднены час

Права на перадвыбарчую агітацыю было абмежаванае ад пачатку, паколькі был вызначаны спіс месцаў, у якіх магчыма было агітаваць (і нідзе больш).

Пачынаючы з 03.08.2020 г. аніводны кандыдат, апрача А.Р. Лукашэнкі, не атрымаў магчымасці выступіць публічна на легальным мерапрыемстве, яны адмяняліся з надуманых нагодаў: прарыў трубы, рамонтныя работы і г.д. Пачынаючы з 06.08.2020 на ўсіх пляцоўках для агітацыі ў Мінску неправамерна былі прызначаныя культурныя мерапрыемства (нягледзячы на загадзя пададзенае і атрыманае ўзгадненне правядзення палітычных мітынгаў). Такім чынам, ажыццяўлялася актыўнае супрацьдзеянне рэалізацыі права кандыдата на перадвыбарчую агітацыю. Больш за тое, з 03.08.2020 нават выбаршчыкам перасталі даваць магчымасць для правядзення агітацыі ў памяшканнях (сустрэч выбаршчыкаў).

9.2. Выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу, незабеспячэнне роўных правоў кандыдатаў пры агітацыі

На працягу агітацыйнай кампаніі А.Р.Лукашэнка, парушаючы арт. 73 ВК РБ, актыўна выступаў на розных мерапрыемствах і пляцоўках з агітацыяй (з прыхаваным заклікам галасаваць за ці супраць пэўных кандыдатаў), пры гэтым выкарыстоўвалася службовае становішча. Агітацыя размяшчалася ў афіцыйных сродках масавай інфармацыі, іншыя кандыдаты не мелі магчымасці размяшчаць свае матэрыялы альбо хоць бы абвергнуць высунутыя абвінавачванні на тых жа ўмовах. Спробы С.Г.Ціханоўскай атрымаць памяшканні для падобных выступленняў засталіся беспаспяховымі. У прыватнасці, са спасылкай на арт.арт. 73,74 ВК РБ, былі накіраваныя лісты ў Нацыянальны сход, у ваенныя часткі, у якіх выступаў А.Р. Лукашэнка.

9.3. Недапушчальныя матэрыялы ў сродках масавай інфармацыі

Сродкамі масавай інфармацыі (напрыклад, газета «СБ.Беларусь сегодня», аўтар Мукавозчык А.) неаднаразова публікаваліся недапушчальныя матэрыялы, якія ў тым ліку ўтрымлівалі агітацыю, ганебныя параўнанні ў дачыненні да С.Г.Ціханоўскай і яе штаба, накіраваныя на распальванне нацыянальнай варожасці і няроўнасці. На дзяржаўных ТБ- і радыёканалах сістэматычна размяшчаліся матэрыялы, якія дыскрэдытавалі палітычных апанентаў А.Р. Лукашэнкі.

10. Парушэнні на этапе датэрміновага галасавання ў дачыненні да выбаршчыкаў

Асноўным парушэннем на працягу датэрміновага галасавання, акрамя нядопуску назіральнікаў, стала фальсіфікацыя яўкі. На некаторых участках было заяўлена ў 10 разоў больш выбаршчыкаў, якія прагаласавалі, чым па дадзеных незалежных назіральнікаў. Таксама на ўчастках (у тым ліку і ў дзень асноўнага галасавання) не было забяспечанае права на тайнае галасаванне: былі створаныя ўмовы для кантролю дзеянняў выбаршчыкаў.

11. Парушэнні ў дзень галасавання ў дачыненні да выбаршчыкаў

Асноўнымі парушэннямі ў дзень асноўнага галасавання сталі: нядопуск назіральнікаў, у тым ліку да працэдуры падліку галасоў; выяўленне асоб, якія лічацца прагаласаваўшымі, хаця не галасавалі, а таксама асоб, якія ў прынцыпе не могуць з’яўляцца выбаршчыкамі на ўчастку (тым больш галасаваць на ім). Таксама на ўчастках заканчваліся бюлетэні, заканчвалася месца ў скрынях для галасавання, шмат выбаршчыкаў не паспелі прагаласаваць у сувязі з тым, што назіраліся шматгадзінныя чэргі, а таксама ў сувязі з закрыццём участкаў (напрыклад, за мяжой), яўка па некаторых участках па звестках назіральнікаў значна перавысіла 100%. Гэтыя факты ў тым ліку пацвярджаюць парушэнні, дапушчаныя на этапе датэрміновага галасавання.

 


 

Мяркуем, што звестак, прыведзеных у дадзенай скарзе, дастаткова для таго, каб даць прававую адзнаку ўсім дапушчаным парушэнням і прыняць рашэнне аб прызнанні выбараў несапраўднымі.

На падставе вышэ йвыкладзенага, кіруючыся арт.арт. 79, 81, 70-1 ВК РБ
ПРАШУ

  • Адмяніць Рашэнне Цэнтральнай выбарчай камісіі аб адмаўленні ў задавальненні скаргі ў Цэнтральную камісію.
  • Прызнаць выбары Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якія адбыліся 9 жніўня 2020, года несапраўднымі цалкам па Рэспубліцы Беларусь.

Дадаткі:

  1. Копія дадзенай скаргі для зацікаўленай асобы.
  2. Дакументы, якія пацвярджаюць асобныя парушэнні.

___ жніўня 2020 г.                                                                       Ціханоўская С.Г.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu