Юрыст штаба Максім Знак падчас нашага традыцыйнага прамога эфіру павіншаваў усіх гледачоў з хуткім пачаткам перадвыбарчай агітацыі і расказаў пра значныя падзеі для штаба за за апошні тыдзень.

Вось асноўныя тэзісы з яго сённяшняга выступлення.

Рэгістрацыя Віктара Бабарыкі

Сёння адвакаты Віктара Бабарыкі азнаёміліся з матэрыяламі праверкі пададзеных у ЦВК дакументаў. У адказах, якія паступілі ад упаўнаважаных органаў, пацвярджаюцца звесткі, указаныя ў дэкларацыі і іншых дакументах, накіраваных для рэгістрацыі Віктара Бабарыкі у якасці кандыдата ў прэзідэнты.
Чакаем рэгістрацыі заўтра, 14 ліпеня, на паседжанні ЦВК аб 11.00

Пра Вашыя зніклыя подпісы

Па зніклых подпісах удалося атрымаць пратаколы і акты раённых камісій і ўбачыць поўную карціну прызнання подпісаў несапраўднымі. Нашыя першапачатковыя гіпотэзы пацвердзіліся — подпісы масава адбракоўваць з прычыны таго, што даты на падпісных лістах нібыта пастаўленыя адной і тым жа асобай.

Вось сціслае рэзюмэ па гэтым пытанні:

  • Адсутнічае экспертыза, спецыялістамі праводзілася нейкае «вывучэнне» подпісаў.
  • Лістоў, якія паступілі ў раённыя камісію, юрыстам штаба не паказалі, бо іх у ЦВК ніколі не было.
  • З падпіснымі лістамі азнаёміцца не атрымалася, іх таксама не было ў ЦВК — прозвішчы выбаршчыкаў, чые подпісы былі прызнаныя несапраўднымі, дагэтуль невядомыя.
  • Вывучэнне датаў было праведзена ў рэкордныя тэрміны — 1-3 дні для 16 тысяч подпісаў.
  • Магла быць дапушчаная сістэмная памылка пры падліках.
  • У дакументах маецца мноства недакладнасцяў.

Мы ўжо падрабязна разбіралі сітуацыю, калі атрымалі адказ ЦВК аб тым, што такая масавая адбракоўка подпісаў не мае прававога значэння і не можа быць абскарджаная, паколькі не стварае перашкодаў для рэгістрацыі. Мы катэгарычна не згодныя з такім падыходам і падалі скаргу ў суд Маскоўскага раёна. Бо і ў гэтым выпадку парушаюцца і ўшчамляюцца правы як кандыдата ў прэзідэнты, так і вашыя выбарчыя правы. Чакаем разгляду. Мяркуем, што гарантаванае Канстытуцыяй права на судовую абарону (арт.60), дазваляе разлічваць на разгляд гэтай справы судом. Асабліва важным ёсць прадастаўленне судовай абароны з улікам таго, што, як высвятляецца, не зразумела, як складаліся лісты спецыялістамі і як аналізаваліся даты. ЦВК гэтыя звесткі, атрымліваецца, зусім ня ацэньваў.

Пра месцы для агітацыі

Замест прынцыпу «агітуй паўсюль, дзе не забаронена» з гэтага года пачаў выкарыстоўвацца прынцып «агітуй толькі там, дзе наўпрост дазволена». У Мінску вызначаныя 6 месцаў для агітацыі, прычым наўрад ці знойдзецца мінчук, якія наўскідку раскажа, як да кожнага з іх дабрацца.

У сувязі з відавочным абмежаваннем правоў на перадвыбарчую агітацыю была пададзеная калектыўная скарга – больш 1500 заяўнікаў. Чакаем разгляду.

Пра раней запушчаныя працэсы і ініцыятывы

Выбарчая кампанія ў Беларусі праходзіць вельмі хутка. Сёння ніводны з кандыдатаў яшчэ не зарэгістраваны, а ўжо заўтра застаецца толькі 26 дзён да выбараў.

Усе працэсы, запушчаныя намі, будуць працягваць развівацца. Павольна, метадычна, дзесьці нудна, але выключна законнымі сродкамі і мэтамі. Ужо прайшлі судовыя працэсы па вылучэнні ва ўчастковыя камісіі. І не паспелі яшчэ падаць наглядчыя скаргі і заявы ў пракуратуру, як пайшла другая хваля — высветлілася, што грамадзяне заяўляюць пра падробку сваіх подпісаў па вылучэнні некаторых сяброў ва ўчастковыя камісіі. Ужо пададзеныя заявы ў органы ўнутраных справаў па некалькіх участках. Яшчэ не праведзеная праверка па вылучэнні ад палітычных партый, грамадскіх аб’яднанняў, ад працоўных калектываў. Праца працягваецца.

Пра важнасць юрыдычных скаргаў

У нас часта пытаюцца, навошта патрэбныя скаргі, скрупулёзнае даследаванне парушэнняў і гэтак далей. Бо і гэтак жа ўсё зразумела. Ці не робім мы непатрэбную і няўдзячную працу? Важна і трэба абараняць правы!

Пры задавальненні скаргі аднаўляецца парушанае права. У выпадку адмовы – становіцца відавочным, што тое, што адбылося, не з’яўляецца выпадковасцю, збіраюцца доказы, аб факце парушэння становіцца вядома ўсім удзельнікам працэсу. Выкрываюцца сістэмныя парушэнні. Гэты працэс няхуткі, дзесьці нудны, але з кожным новым крокам мы набліжаемся да мэты.

Адказы на пытанні

Таксама Максім у прамым эфіры адказаў на шэраг вашых пытанняў.

Усіх вас вельмі турбуе пытанне аб магчымым змяненні меры стрымання Віктару Бабарыку ў выпадку рэгістрацыі ў кандыдаты ў прэзідэнты. Гэта можа быць падпіска аб нявыездзе, хатні арышт ці асабістае даручальніцтва. Усё гэта дазволіць Віктару Дзмітрыевічу праводзіць перадвыбарчую агітацыю ў выпадку рэгістрацыі ў кандыдаты ў прэзідэнты.

Пра выбарчы рахунак: абмежаванне, накладзенае КДБ пакуль не знятае, таму рахунак знаходзіцца пад арыштам.

Пра агітацыю: кожны грамадзянін мае права весці агітацыю самастойна. Вы можаце праводзіць яе ў рамках заканадаўства ў любой форме, якая вам падабаецца. Галоўнае — выконваць патрабаванні Выбарчага кодэкса.

Другі спосаб — вы зможаце дапамагчы агітацыі штаба ў якасці валанцёра.

Акрамя таго, Максім Знак, адказваючы на ​​пытанні акцэнтаваў вашую ўвагу на тым, што ў мэсанджарах з’явілася мноства фэйкавых каналаў, якія размяшчаюць інфармацыю ад імя Віктара Бабарыкі і штаба. Будзьце ўважлівыя — спасылкі на ўсе афіцыйныя каналы размешчаныя выключна на нашым сайце.

Застаемся на сувязі!

Разам пераможам!


Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu