11 чэрвеня супрацоўнікі Дэпартамента фінансавых расследаванняў правялі вобыск у офісе Белгазпрамбанка. У той жа дзень з боку гэтага банка была заблакіравана работа платформы MolaMola, праз якую людзі збіралі грошы на грамадска значныя ініцыятывы. Падчас штотыднёвага стрыму Віктар Бабарыка пракаменціраваў актуальны падзеі тыдня і адказаў на пытанні. Больш за 175 тысяч чалавек паглядзелі стрым на 13.06.2020.

Пра грошы, канфіскаваныя падчас вобыску ў галоўным офісе Белгазпрамбанка

Калі згаданыя грошы знойдзены ў маіх сяброў, тады я афіцыйна заяўляю: гэта мае грошы. У майго сябра, якога клічуць Дзмітрый, ёсць дэпазіт на 100 тысяч еўра, якія я папрасіў яго пакласці, таму што я банкір і не маю звычкі захоўваць усё ў адным кошыку. Мне патрэбна было размеркаваць рэсурс, у тым ліку на выпадак непрадбачаных дзеянняў.

Калі ў другога майго сябра, якога клічуць Уладзімір, знайшлі грошы ў памеры 100 тысяч долараў, што знаходзіліся ў ячэйцы, гэта мае грошы — я папрасіў яго захоўваць іх. Калі ў яго таксама знайшлі каштоўныя паперы, аблігацыі на прад’яўніка ў суме каля 250 тысяч еўра і 100 тысяч долараў, то гэта мае аблігацыі.

І калі падставай для абвінавачання з’яўляюцца менавіта гэтыя сумы, здымайце абвінавачанні — гэта грошы мае.  Я збіраўся і збіраюся адлюстраваць іх у сваёй дэкларацыі. І моцна спадзяюся, што яны будуць не толькі ў маёй дэкларацыі, але будуць вернуты мне па сканчэнні тэрміну дэпазіту ці пагашэння каштоўных папер.

Калі я чую падобныя абвінавачванні, то ўзгадваю стары анекдот, дыялог унучкі і бабулі ў кастрычніку 1917 года:

— Бабуля, здарылася тое, пра што марыў твой бацька-дзекабрыст — рэвалюцыя!

— Здорава! А за што змагаюцца людзі?

— За тое, каб не было багатых!

— Дарма! Мой бацька змагаўся за тое, каб не было бедных…

І я хачу, каб у Беларусі не было бедных. А не каб была краіна, якая адчувае нянавісць да багатых.

Пра добрае

Мы сабралі ўжо больш за 330 тысяч подпісаў, шмат з якіх ужо верыфікавалі. І сёння мы пачалі здаваць нашыя подпісы ў акружныя выбарчыя камісіі. Вялікі дзякуй за працу, якую мы з вамі робім!

І быццам бы, нягледзячы на падзеі, якія зараз адбываюцца, было сказана, што мяне ўсё ж такі жадаюць бачыць у якасці кандыдата ў прэзідэнты. Ёсць вялікая надзея, што нашую групу і мяне зарэгіструюць, і мы сапраўды раскажам усю праўду беларускаму народу пра тое, хто такі Віктар Бабарыка.

blank

blank

Пра перабоі ў рабоце MolaMola

MolaMola — інструмент, які дае магчымасць кожнаму дапамагаць іншым людзям. Менавіта праз гэтую пляцоўку збіраліся грошы на дапамогу нашым медыкам падчас COVID-19 у самым пачатку выбуху хваробы ў Беларусі. На гэтай пляцоўцы адбывалася рэалізацыя шматлікіх карысных ініцыятыў, у тым ліку збор сродкаў для фельчара, з якім не працягнулі кантракт на хуткай дапамозе пасля таго, як ён распавёў пра сітуацыю з COVID-19 (у Лідзе).

Лепей правільна рэагаваць на праблему ў краіне, чым забараняць вось такія народныя ініцыятывы для дапамогі адзін аднаму.  (Заўвага: увечары 11 чэрвеня падчас следчых дзеянняў Дэпартамента фінансавых расследаванняў Белгазпрамбанк у аднабаковым парадку заблакіраваў правядзенне транзакцый на карысць аўтараў кампаній на MolaMola. Адзін з заснавальнікаў платформы — Эдуард Бабарыка, сын і кіраўнік штаба Віктара Бабарыкі).

Я веру ў тое, што пляцоўка будзе існаваць, і мы, беларусы, будзем мець магчымасць дапамагаць адзін аднаму ў складаных абставінах і рэалізоўваць праекты, накіраваныя на агульнае развіццё нашай роднай краіны.

Пра затрыманых членаў ініцыятыўнай групы

Мы будзем намагацца дапамагчы ўсім, хто знаходзіцца пад ціскам у межах кампаніі, якая праходзіць. Тым членам ініцыятыўнай групы, у якіх узніклі праблемы, мы дапамаглі з адвакатамі.  І спадзяёмся, што (судовы) разбор будзе законным, таму што толькі вяршэнства закону ў краіне дазволіць нам жыць шчасліва і бяспечна.

blank

Пра тое, ці патрэбны змены ў падатковай сістэме

Безумоўна, падатковая сістэма патрабуе ўдасканалення: яе мэтай з’яўляецца не толькі папаўненне бюджэту, але і стымуляванне эканомікі.

Рэфармавання патрабуе і наша пенсіённая сістэма. Я бы ўжо зараз, магчыма, вярнуў улік у пенсіённы стаж навучання ў ВНУ і дэкрэтнага адпачынку. Пры гэтым пенсіённая сістэма ніякім чынам не павінна быць на карысць дзяржаве — яна павінна быць на карысць людзей.

Пра тое, ці варта траціць грошы на армію і зброю ў сучасным свеце

Я — тыповы беларус, а беларусы — мірныя людзі. Але сістэма бяспекі патрэбна, таму я за разумную дастатковасць. Наўрад ці ў Беларусі ёсць ворагі, якія жадаюць на нас напасці. І наўрад ці мы жадаем на каго-небудзь нападаць. Таму разумная дастатковасць — гэта забеспячэнне ўласнай бяспекі. Як знешняй, так і ўнутранай. Але мая мара — нейтральны статус Беларусі.

Пра тое, як убудаваць эканоміку Беларусі ў сусветную

Вырабляць тое, што мы ўмеем, і тое, што запатрабавана на рынках. Ні воднай з гэтых частак не патрэбна абмяжоўвацца. Не варта вырабляць запатрабаваныя тавары, калі мы прапануем горшую якасць. І не трэба спрабаваць прадаць тое, што мы ўмеем рабіць, калі гэта нікому не патрэбна.

Трэба адказаць на пытанні: 1) Што мы ўмеем, і што з гэтага запатрабавана на рынку? 2) Што запатрабавана, і што з гэтага мы можам навучыцца рабіць?

Вось два шляхі, па якім мы можам убудаваць нашу эканоміку ў сусветную.

Ці будзе свабода выйсці на плошчу і сказаць “Бабарыка дрэнны”

Такая свабода будзе. Але я вельмі спадзяюся, што вам не давядзецца так казаць.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu