Сёння 19.08.2020 адбылося першае пасяджэнне Каардынацыйнай рады. Па яго выніках быў прыняты найважнейшы дакумент: Рэзалюцыя

У ёй сябры Каардынацыйнай рады канстатуюць, што неабходна:

  1. Спыненне палітычнага пераследу грамадзян Рэспублікі Беларусь з боку ўладаў, узбуджэнне крымінальных справаў, прыцягненне вінаватых да адказнасці.
  2. Вызваленне ўсіх палітычных зняволеных, адмена незаконных судовых пастановаў, выплата кампенсацый усім пацярпелым.
  3. Прызнанне выбараў 9 жніўня 2020 года несапраўднымі. Правядзенне новых выбараў паводле міжнародных стандартаў з новым складам усіх камісій па выбарах, уключаючы Цэнтральную камісію.

Таксама ў Рэзалюцыі сказана, што да прызначэння новых выбараў і выканання іншых патрабаванняў беларускі народ працягне рэалізоўваць свае грамадзянскія правы, гарантаваныя Канстытуцыяй, з мэтай аднаўлення законнасці і справядлівасці:

  • права на працу і права на страйк;
  • забарона прымусовай працы (арт. 41 Канстытуцыі);
  • права на мірныя акцыі (арт. 35 Канстытуцыі);
  • права на судовую абарону (арт. 60 Канстытуцыі);
  • права на вольнае выражэнне думак і перакананняў (арт. 33 Канстытуцыі);
  • права на атрыманне поўнай і праўдзівай інфармацыі (арт. 34 Канстытуцыі);
  • права на распараджэнне сваёй уласнасцю (арт. 13 Канстытуцыі).

Поўны тэкст рэзалюцыі чытайце ТУТ.

Акрамя таго, быў абраны Прэзідыум Рады. Як гэта адбывалася? На пасяджэнні сябры КР прапаноўвалі кандыдатуры, якія яны хацелі б бачыць у Презідыуме (з ліку сяброў КР). Таксама былі агучаныя прапановы па складзе ад Святланы Ціханоўскай. У выніку ў намінацыю трапіла 14 кандыдатаў. Пасля гэтага адбылося галасаванне, на якім прапанавалі абраць 7 сяброў Прэзідыума.

Па выніках галасавання ў склад Прэзідыума ўвайшлі:

  • Святлана Алексіевіч, пісьменніца, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры
  • Лілія Уласава, міжнародны медыятар, юрыст
  • Сяргей Дылеўскі, прадстаўнік стачкама Мінскага трактарнага завода
  • Максім Знак, юрыст, адвакат
  • Вольга Кавалькова, давераная асоба Святланы Ціханоўскай
  • Марыя Калеснікава, каардынатар штаба Віктара Бабарыкі
  • Павел Латушка, былы міністр культуры, надзвычайны паўнамоцны пасол

Сябры Рады таксама сфарміравалі шэсць працоўных груп па самых вострых пытаннях, якія стаяць перад нашым грамадствам на сённяшні дзень: парушэнні правоў чалавека і гвалт падчас мірных дэманстрацый, праблемы рэгіёнаў, пытанні страйкаў, камунікацыя з органамі ўлады/элітамі/моладдзю, фальсіфікацыі на мінулых выбарах, камунікацыя і каштоўнасці беларускага грамадства.

Сачыце за навінамі! Застаемся на сувязі.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu