Госці стрыму Марыі Калеснікавай – прадстаўнікі бастуючых прадпрыемстваў Аляксандр Яцына (БелАЗ»), Вадзім Павін (МТЗ), Глеб Сандрас («Беларуськалій»)

МК: Я дзякую вам за вашу смеласць, за грамадзянскую пазіцыю, за тое, што вы не пабаяліся рабіць тое, что вы робіце. Мэта нашай сустрэчы – даведацца, як вы пачуваецеся, як бачыце сённяшнюю сітуацыю і чым мы можам вам дапамагчы.

Пачну з такого пытання, якое, напэўна, шмат каго цікавіць: за каго вы галасавалі 9 жніўня?

ВП: За Ціханоўскую.

ГС: Аналагічна.

АЯ: Я таксама галасаваў за Ціханоўскую.

МК: Чаму вы галасавалі за Святлану Ціханоўскую?

ВП: Я даволі малады, і на маёй памяці гэта першы кандыдат, вакол якога аб’ядналіся прадстаўнікі адразу некалькіх штабаў. Асабіста я чакаў гэтага вельмі даўно, прынамсі двое апошніх выбараў я гэтага чакаў. І нарэшце гэта здарылася. Чаму б і не?

ГС. Калі пачаўся збор подпісаў, за Ціханоўскую я, нават можа на свой нейкі сорам, не пакінуў свой подпіс, таму што я не ўспрымаў яе як сур’ёзнага кандыдата. Але нашыя ўлады зрабілі ўсё магчымае, каб людзі зразумелі, што гэта адзінае выйсце, якое цяпер магчымае.

АЯ. Я адкажу коратка – таму што я проста не бачыў іншага варыянта.

МК. З чаго пачаліся для вас страйкі? Чаму менавіта кожны з вас вырашыў у іх удзельнічаць?

ВП. У мяне такое адчуванне, што я ўсё жыццё гэтага чакаў на самой справе. Адразу пасля 9 жніўня я ўжо ішоў на працу з усведамленнем таго, што я пачынаю барацьбу. Першы тыдзень прайшоў не надта прадуктыўна, я проста імкнуўся расказваць людзям інфармацыю, скідваць спасылкі на Nexta, на іншыя крыніцы. Наторкваўся, канешне ж, на сцяну непаразумення. І ўжо да пятніцы першага тыдня пасля выбараў досыць шмат людзей пазналі, пачулі, зразумелі.

Мы неяк стыхійна выбраліся на нашу галоўную плошчу побач з галоўнай прахадной. Там як раз Сярога Дылеўскі ўпершыню з’явіўся. І тады мы зладзілі шэсце, інфармацыя аб якім так моцна разышлася па інтэрнэце. З гэтага моманту мы і працуем.

ГС. Яшчэ прыкладна за месяц да выбараў ніхто сур’ёзна не быў настроены на нашым прадпрыемстве гойдаць човен, што называецца. У нас горад сыты і заможны, людзі былі дастаткова скептычна настроеныя. Большасць з іх проста не ўяўлялі масштабу таго цемрашальства і бязмежжа, якія можа дазволіць сабе ўлада. Але падзеі 9 – 11 жніўня сталі кропкай кіпення. Людзі выбухнулі. Гэта было на хвалі ўздыму, якую пачаў БелАЗ. Мы таксама далучыліся.

Я хацеў бы адразу зрабіць паправачку такую: я не магу казаць за ўвесь наш завод, я прыехаў сюды выказаць менавіта сваю думку, як грамадзяніна, як беларуса. Для мяне самай апошняй кропляй сталі вось гэтыя зверствы.

Я бачыў тых людзей, якіх адпускалі ў Жодзіна з СІЗА. У сілу сваіх магчымасцяў я спрабаваў ім дапамагаць. Для мянэ гэта быў стрэс, мне проста хацелася плакаць.

МК. У Салігорску і Жодзіна таксама былі такія акты гвалту, як і ў Мінску?

ГС. Ну можа быць не на столькі, але прыблізна на такім узроўні. Я гэта назіраў ад 9-га да 11-га жніўня. Калі пачалі хапаць дзяцей, простых людзей, якія выходзілі з крамы, якія пілі каву дзесьці ў кавярні, калі спыняўся сіні мікрааўтобус і забіраў усіх з кавярні разам з гаспадаром, бармэнам і ўсімі гасцямі незалежна ад узросту і полу.

МК. Што зараз адбываецца на вашых прадпрыемствах?

ВП. Сёння (24.08.2020) Сяргей Дылеўскі аб 11 прыехаў на працу разам з вашай калегай Вольгай Кавальковай. Ён напісаў нам у тэлеграме: хлопцы, выходзьце. Мы не сталі збіраць шмат людзей, таму што ў нас з мінулага аўторка пад прахадной увесь час дзяжурыць аўтазак.

Мы не планавалі ніякага мітынгу сёння. Мы проста хацелі, каб актыў і стачкам паразмаўлялі, найперш з Вольгай. Ну і сустрэцца з Сярогай, шмат у каго былі да яго пытанні. Да нас выйшаў намеснік дырэктара па ідэалогіі нашага завода, таксама з ім паразмаўлялі трохі. А потым падышлі людзі ў чорным, сталі прасіць нас разысціся.

Пад’ехаў аўтазак, выскачылі яшчэ хлопцы ў чорным, нас пачалі адціскаць да завода і неяк так, ведаеце, вельмі прафесійна адрэзалі ад натоўпу, аддзялілі  Дылеўскага ад кампаніі. Ну і з Вольгай пасля тое самае адбылося.

Абстаноўка на заводзе, калі вас цікавіць маральны бок, настрой рабочых, дык я б не казаў, што ён баявы. Ёсць стачкам. Ён працуе, спрабуе па меры сваіх недасведчаных сіл збіраць дакументы, размаўляць з праваабаронцамі, палітолагамі, нейкія складаць акты, планаваць нарэшце – мы ўсяго толькі два тыдні, як знаёмыя. Ёсць актыў, я б сказаў, цалкам чалавек 400 на ўвесь завод, якія ўвесь час жадаюць дзеяння. Яны разам з намі падпісалі дакументы аб адміністрацыйным адпачынку на тры дні. Гэты актыў прысутнічае амаль на ўсіх мітынгах, якія мы збіраем у горадзе. Астатнія ж людзі вельмі пасіўныя.

Я скажу так: 90%, можа, нават больш за 90% падтрымліваюць Ціханоўскую. Прайшлі тыя часы, калі за Лукашэнку ад пачатку стаялі грудзьмі.

МК. А у вас ёсць ідэя, чаму прайшлі?

ВП. Наш былы прэзідэнт вельмі часта гаворыць пра стабільнасць, гэта ягоны асноўны лозунг! Гэта хлусня! Ніякай стабільнасці няма і не было. Мы памятаем, як у 2015 годзе пазачынялася процьма прадпрыемстваў. Мы памятаем падобнае па 2010 году. Мы бачым, што ў нас адбываецца з рублём увесь час. Гэта не стабільнасць, гэта хлусня. І я мяркую, што людзі так ці інакш гэта разумеюць.

МК. Якія абставіны на «Беларуськаліі»?

ГС. Вельмі напружаная у нас абстаноўка, таму што сёння (24.08.2020) на размову выклікалі старшыню стачкаму Анатоля Бокуна і ён чамусьці вырашыў, што туды пойдзе, але ён адтуль не выйшаў. У выніку суд прызначыў яму штраф. Яшчэ, наколькі нам стала вядома, на 9 сябраў стачкаму заведзеная крымінальная справа па артыкуле 200, гэта прымус да забастоўкі. І заўтра да нас прыедуць следчыя з Менску. Будзем спадзявацца, што гэта не так, але гэта вельмі верагодная інфармацыя з надзейных крыніцаў.

МК. Якія зараз абставіны на «БелАЗе»?

АЯ. Наколькі я валодаю інфармацыяй, у нас на дадзены момант нават няма стачкама.  Я прыехаў сюды як грамадзянін выказаць нейкую сваю пазіцыю, у тым ліку як працаўнік завода БелАЗ. Я працую цяпер грузчыкам. Просты чалавек, скажам так.

Як я бачу становішча на заводзе? Наша прадпрыемства з’яўляецца галаўным у холдынгу, то бок у нас большая колькасць інжынерна-тэхнічных працаўнікоў. І ўбачыць іх на мітынгу ці страйку – гэта малаімаверна. Зразумела, што мне, простаму працаўніку, выйсці на мітынг прасцей, чым чалавеку, які працуе ў нейкім аддзеле і сядзіць за сталом побач з начальнікам аддзела. Напэўна, гэта больш складана.

Другі момант: на прадпрыемстве вельмі шмат супрацоўнікаў перадпенсійнага і пенсійнага ўзросту. Гэта людзі, якія не хочуць хадзіць ні на якія страйкі: дайце нам дажыць і ўсё, нам больш нічога не патрэбна. Вядома, ёсць пэўны адсотак працаўнікоў, якія галасавалі за Аляксандра Рыгоравіча і свята вераць, што ў нас усё добра і ўсёвыдатна. Я не магу сказаць, што іх няма: яны ёсць і займаюць пэўны адсотак калектыву.

Вялікая частка працаўнікоў хочуць бачыць нейкага лідара, які будзе рухаць наперад, але па той інфармацыі, якая ў мяне цяпер ёсць – гэта проста стасункі паміж людзьмі, на дадзены момант лідараў няма. І нават тыя, якія хацелі б пайсці на страйк, яны не бачаць вось гэтага мэтанакіраванага руху. У гэтым праблема нашага прадпрыемства.

ГС. Я адразу для сябе прыняў рашэнне, што я іду да канца, да перамогі. Да пераможнага канца. Жэраб кінуты, Рубікон пяройдзены. І назад дарогі проста няма. Таму што калі мы цяпер адступім, то гэта будзе край.

Я таксама разумею людзей, у якіх крэдыты, машыны, сем’і, дамы, кватэры. Так як гэта ў Салігорску сярод большасці абсалютнай, не толькі сярод работнікаў “Беларуськалія”, але і ўсяго гораду. Я іх цудоўна разумею.

Але трэба зразумець, калі мы свабоду прамяняем на хлеб, то ні хлеба, ні свабоды не будзе. Таму што  грошы заробяцца, раны загояцца, косткі зрастуцца, а памяць наша народная застанецца. Мы не даруем, мы не забудземся на гэта ўсё. Але калі мы страцім свабоду, мы страцім абсалютна усё!

МК. Як грамадства можа вам дапамагчы? Што было б важна для вас? Я цяпер пытаю вас як прадстаўнікоў вашых калектываў. Вы маеце зносіны з людзьмі, вы разумееце іх боль, вы разумееце, чаго бракуе.

ВП. Мы са стачкамам працуем з юрыстамі, з айцішнікамі, якія прапануюць дапамогу, з фондамі. Пакуль яшчэ не вельмі арганізавана ў нас гэта праца стаіць, але мы вучымся ў працэсе. Я скажу так: у прынцыпе нястачы ў дапамозе як такой няма. Вельмі шмат людзей прапануе сваю дапамогу. Гэта цешыць, безумоўна. Калі мы выходзілі першым разам – піцу прывезлі, гэта было ў самае сэрцайка!

Але я б хацеў, каб тыя, хто хоча нам дапамагчы, трошкі лепш разумелі нас. Вельмі цешыць гатовасць людзей дапамагаць. Аднак… Вось прыкладам, ёсць фонд BYSOL. Яны прапануюць цалкам пэўныя сумы па цалкам пэўных умовах. То бок звольнілі – атрымваеш кампенсацыю, умоўна. Добра, але вы ж разумееце, што ў нас дагэтуль нікога не звольнілі. І звольняць не хутка, таму што сама па сабе працэдура звальнення чалавека – гэта даволі працаёмкі працэс для нашай адміністрацыі. Да таго ж, з тае прычыны, што людзі не вераць у гэту дапамогу – яны баяцца, нават калі ў душы падтрымваюць наш рух.

Было б добра, калі б людзі, якія імкнуцца дапамагчы, маглі б дапамагаць нават не так адрасна, як больш прыземленым, што ці, сцэнарам. Дапусцім, чалавек выходзіць на страйк, ён страйкуе тыдзень, за гэта час губляе нейкую пэўную колькасць грошай, з-за чаго прасядае яго сямейны бюджэт, а хутка верасень, дзяцей у школу збіраць. Добра было б, калі б працаўніку можна было б звярнуцца за дапамогай у кампенсацыі вось гэтага вось тыдня.

МК. А гэта можна неяк дакументальна абгрунтаваць?

Уласна кажучы, мы цяпер гэтым і займаемся, сябар нашага стачкама дапамагае нам каардынаваць, збіраць інфармацыю пра такія вось дробныя ініцыятывы. Якраз учора-сёння мы заняліся складаннем спіса тых людзей з 250 страйкоўцаў на мінулым тыдні, каму сапраўды патрэбна дапамога. Мы гэты спіс фармуем, спадзяюся, заўтра завершым яго, хаця б першыя 15-20 чалавек, каб ужо быў прыклад.

Гэтыя 20 чалавек звернуцца да нашых памагатых, атрымаюць дапамогу і, я спадзяюся, што такі незнеасоблены прыклад, што камусьці сапраўды дапамаглі, дапаможа іншым працаўнікам паверыць у гэту дапамогу і, магчыма, пазбавиць іх ад страху.

Так, дапамога прыдасца: юрыдычная, перанавучанне. Ну і, вядома, фінансавая дапамога ў першую чаргу, таму што людзей крайне турбуе іх фінансавая бяспека.

ГС. Я цалкам згодны с маім калегам. Вельмі шмат прапаноў паступае. Але як гэта ўсё неяк рацыяналізаваць – у нашых галовах пакуль што не ўкладаецца, паколькі нас мала і ў кожнага ёсць шмат сваёй працы. Можа, з цягам часу гэта ўсё, дай Бог, неяк укладзецца. У тым ліку важныя людзі, якія б маглі заняцца арганізацыяй, размеркаваннем гэтай дапамогі. Людзі, якія б гэтым займаліся. 

МК. То бок менеджеры вам патрэбныя?

ГС. Так. Гэта не абавязкова людзі, якія былі б на месцы, хаця пажадана. Людзі, якія б узялі на сябе адказнасць за тое, каб размяркоўваць гэтую дапамогу. Таму што на дадзены момант, акрамя таго, што там дапамога фінансавая, дапамога ежай у нас арганізаваная. Мне прапанавалі прывезці 500 школьных набораў у Салігорск і дапамагчы сабраць дзяцей у школу. Я кажу, што я проста элементарна не змагу гэтым заняцца, таму што трэба знайсці людзей, якім гэтая дапамога патрэбна. І я ўжо знайшоў, папрасіў дапамагчы нашых людзей вось менавіта гэтым размеркаваннем. Спадзяюся, гэта ўсё атрымаецца.

МК. Я так разумею, што пэўна для вас BYSOL ці нейкая канкрэтная матэрыяльная дапамога не з’явіліся тым фактарам, які прымусіў вас паверыць у свае сілы і выступіць з актыўнай пазіцыяй?

ГС. Калі я размаўляў са сваімі калегамі і адразу сказаў, што вось, ёсць фонд салідарнасці і калі што… Яны паглядзелі на мяне: “Мы ўвогуле пра грошы не думаем. Нам хопіць. Вы што?!”

ВП. А вось у нас трошкі іншая сітуацыя. Часта на прапанову страйкаваць я чую ад працаўнікоў, ад калегаў пытанне: “А дзяцей мы чым будзем карміць?” Не магу не пагадзіцца, але ў той жа час складана ўлавіць іх логіку.

МК. Можа, у вас ёсць у адным сказе нейкае пажаданне, ідэя, пасланне, якія важныя менавіта для вас?

ВП. Стачкам працуе! У нас ёсць план!

АЯ. Кожнае пакаленне павінна зрабіць свой подвіг!

ГС. Пішам гісторыю! Пішам, рабяты!

МК. Вялікі дзякуй, мне было вельмі прыемна з вамі размаўляць. Сапраўды, вы ўсе героі, зараджайце вашымі ідэямі ўсіх, хто вас атачае. Гэтая праца дакладна не знікне дарма. Вы ўжо зрабілі вялікую справу. І мы разам будзем працягваць наш складаны шлях.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu