Марыя Калеснікава звярнулася да людзей, якія абслугоўваюць рэжым

Марыя Калеснікава падчас стрыму ад імя штаба Віктара Бабарыкі звярнулася да беларусаў, якія сталі закладнікамі сістэмы і як мантру паўтараюць “Вы ж усё разумееце”. Наша прапанова да ўсіх людзей, вымушаных абслугоўваць рэжым — надышоў час зрабіць выбар і далучыцца да большасці. Гэта не страшна.


Вы ж усё разумееце. У кожнага з нас ёсць свой чалавек у дзяржсістэме. Свой дзядзя, які ставіць подпіс супраць сваёй волі, каб яго не выгналі з выканкама. Свая стрыечная сястра, якая лічыць галасы горш, чым лічыць першакласнік, каб не пазбавіцца працы ў сярэдняй школе. Свая мама, якая ідзе на парад пад пагрозай звальнення. Свой малодшы брат, які з-пад палкі радуецца рознакаляроваму фантану на свяце, каб застацца працаваць на хуткай. Пакуль мы змагаемся за свабоду, свае людзі ідуць галасаваць супраць яе. ”Вы ж усё разумееце”; — ціха і няёмка адказваюць яны. Мы разумеем, але мы хочам гэта выправіць. Сёння мы звяртаемся да гэтых людзей — людзей, якія абслугоўваюць рэжым.

Вы закладнікі сістэмы. Адзіны спосаб яе захаваць — гэта махлярства і падман, парушэнне ёй жа прынятых законаў. Адзіныя людзі, патрэбныя гэтаму рэжыму, — гэта фальсіфікатары, якiя выконваюць загады. Мы штодзень будзем нагадваць вам, што вы парушаеце закон і ідзяце супраць большасці. Штодзень вы будзеце бачыць вынік сваіх дзеянняў. Бойкі за чаргу ў паліклініцы. Занядбаныя бальніцы з абшарпанымі палатамі. Бабулю з пенсіяй у трыста рублёў, якая выбірае самы танны хлеб у краме. Адсутнасць грошай у вас, адсутнасць перспектываў у вашых дзяцей, хамства ад улады ў ваш адрас, бязладдзе і хаос. Вы хочаце жыць у такой краіне? Не? Вам давядзецца – вы ж усё разумееце…

Вы дасведчаны спецыяліст і ішлі на працу з высакароднымі мэтамі, але вельмі хутка вам паказалі вашае месца ў сістэме. Сапраўднае прызначэнне беларускага чыноўніка, супрацоўніка дзяржаўнага тэлебачання, нават настаўніка пры цяперашняй уладзе — гэта не даць сістэме загінуць. Дыктатура абапіраецца на вас і ваш страх. Вам здаецца, што злом займаюцца вышэйшыя чыны? Зло не мае рангаў. Карціна зла складаецца з дробных учынкаў. Банальнасьць зла — гэта бяздумнае падпарадкаванне бесчалавечным загадам. Калі людзі лічаць, што яны маленькія, лічаць што іхны ўнёсак у зло нязначны і яны нічога не вырашаюць, пагаджаючыся на дробныя дзеянні супраць народа. Што вы можаце зрабіць? Пратэставаць мякка і бяспечна. Вам кажуць прагаласаваць датэрмінова – «захварэйце». Вас просяць сфатаграфаваць ваш бюлетэнь – «забудзьцеся» гэта зрабіць. Вам загадваюць прыйсці на ўчастак – выпраўляйцеся на лецішча. Вас просяць пацвердзіць, што чалавек, які мірна стаіць у чарзе, лаяўся матам – сабатуйце. Вам мала плацяць, таму што дзяржаве выгадна, каб у вас не было грошай. Бо калі ў вас няма грошай і вы залежыце ад дзяржавы, тады яна можа даймаць вас, хаміць вам, звальняць вас, красці вашыя галасы і будучыню. Настаўнікі трымаюцца за маленькі заробак, заплюшчваючы вочы пры падліку галасоў, таму што ім здаецца, што акрамя дзяржавы яны больш нікому не патрэбныя. Гэта няпраўда. Ёсць шмат альтэрнатываў, дзе вы можаце выкарыстаць свае веды і навыкі, дзе заробак будзе вышэйшы, дзе вас могуць навучыць новаму або перапрафіляваць. Звальняйцеся, кажаце праўду, пішыце нам – мы заўсёды дапаможам любому дзяржаўнаму работніку. Прафесія настаўніка больш не можа лічыцца паважанай, калі настаўніку даводзіцца хлусіць пра колькасць галасоў. Падрабляючы лічбы, як можа педагог чакаць, што вучань паверыць яго словам на ўроку? Чым адрозніваецца настаўнік, які ўкідвае некарэктныя бюлетэні, ад вучня, які падрабляе ацэнкі ў часопісе?

Мы просім аб сумленнасці кожнага міліцыянта, амапаўца, суддзю, сябра выбарчай камісіі. Мы дзякуем за сумленнасць тым, хто ўжо знайшоў у сабе сілы супрацьстаяць сістэме прыніжэння. Мы захапляемся вашай смеласцюі цэнім вашыя ўчынкі. Дзяржаўная эканоміка здае, пакуль прыватная, нягледзячы на перашкоды, развіваецца. Многія неабыякавыя беларусы гатовыя прапанаваць дапамогу, навучанне, працоўнае месца тым, хто больш не хоча хлусіць за 400 рублёў у месяц. Узгадайце гісторыю фельчара з Ліды, які сумленна выказаўся пра каранавірус і рэальнае становішча ў ягоным горадзе. Паўла звольнілі, але за некалькі гадзін беларусы сабралі яму ягоны гадавы заробак. Бо, у адрозненне ад дзеючай улады, нам патрэбныя сумленныя і прыстойныя людзі. Вашыя будучыя працадаўцы гэта цэняць. Будзьце з большасцю — гэта не страшна. Страшна быць у злом меншасц — там, дзе вы цяпер. Мы ўдзячныя вам за тое, што вучылі нас, мы ўдзячныя вам за тое, што любілі нашых дзяцей, мы ўдзячныя вам за тое, што ахоўвалі нас. Толькі сістэма, якая робіць з вас рабоў, не ўдзячная. Цяпер слушны час, каб выбіраць. Вы таленавітыя, разумныя і вы маеце быць вольныя. Мы разам і разам — пераможам. Вы ж усё разумееце?

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu