Марыя Калеснікава не змагла асабіста прыехаць за прэміяй імя Андрэя Сахарава, якую Еўрапейскі парламент прысудзіў прадстаўнікам дэмакратычнага руху Беларусі за ўнёсак у змаганне за правы чалавека і свабоду думкі. Гаворку Марыі зачытала яе сястра Таццяна Хоміч падчас пленарнага паседжання Камісіі па міжнародных справах, па развіцці, падкамітэта па правах чалавека.

Публікуем прамову, якая павінна была прагучаць голасам Марыі:

У дзень, калі Віктару Бабарыку без падстаў адмовілі ў рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты, мы, ягоная каманда, пайшлі падаваць скаргу ў Цэнтральную выбарчую камісію. Ідэя была не ў самай скарзе, а ў тым, каб выбудаваць ля будынка ЦВК кіламятровую чаргу з нязгодных беларусаў, паказаць супраціў. Напярэдадні я сумнявалася, я баялася, я казала рабятам – «Як я пайду, мяне ж могуць пасадзіць».

Гэта было 14 ліпеня.

8 верасня я рвала пашпарт, дакладна ведаючы, што цяпер мяне пасадзяць. Менш, чым два месяцы змянілі мяне – тое, чаго я баялася ў ліпені, стала цаной, якую я гатова плаціць за будучую волю.

Гэта прыклад з майго жыцця, але гэта гісторыя пра ўсіх беларусаў. Мы пераадольваем свой страх, мы плацім непадымную цану на за нашу будучую волю, з кожным днём мы робімся адважней і самаадданей.

Мы з дзяцінства выхаваныя на гісторыях перамог. Нам чыталі казкі пра адважных герояў, у падручніках пісалі пра подзвігі нашых продкаў. Мы рэдка асацыявалі сябе з гэтымі людзьмі, здавалася, каб рабіць так – трэба мець асаблівы ген. Апынулася, што гэты ген – проста ген чалавека.

Мы часта чуем ад людзей, якія перажылі турэмнае зняволенне, што сапраўдная свабода ўсярэдзіне. Мы часта чуем ад беларусаў на волі, што яны ў турме. Паглядзіце на беларусаў – гэта людзі з вольнымі галовамі, якія доўгія гады жывуць у няволі, не важна, што за вокнамі – турэмны двор ці зялёны сад.

Людзі шмат на што гатовыя дзеля славы, на большае – дзеля грошай, яшчэ на большае – дзеля ўлады. Але абсалютна на ўсё людзі гатовы ісці толькі дзеля аднаго – свабоды. Кожны дзень беларусы даводзяць гэта. Яны ідуць у аўтазак для свабоды. Яны звальняюцца з працы для свабоды. Яны рызыкуюць здароўем для свабоды. Яны сядаюць у турмы – для свабоды.

Гэту прэмію я падзяляю з усімі, хто знаходзіцца ў турмах, хто пацярпеў за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. З усёй камандай штаба Віктара Бабарыкі, хто і цяпер, дзень за днём здзяйсняе подзвіг. І, вядома, я падзяляю гэту прэмію з Віктарам Бабарыкам, чалавекам, які цаной сваёй волі нас усіх з’яднаў, натхніў і, дзякуючы якому, мы паверылі, што мы можам усё змяніць.

Беларусы павінны быць часткай вольнага дэмакратычнага еўрапейскага грамадства. Гэтыя таленавітыя і адважныя людзі без прыгнёту аўтарытарызму змогуць зрабіць вельмі шмат выбітных і важных рэчаў.

Так чулліва і так сумленна кожны дзень беларусы ваююць за тое, што належыць ім па праве народзінаў.

Змаганне са злом працягваецца, беларусы яшчэ не давялі, што дабро заўсёды перамагае, але ўжо давялі, што дабро – ёсць.

blank

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu