Сябры!

Наўпрост цяпер ад нашых дзеянняў залежыць вынік выбараў. Залежыць лёс нашай краіны.

Тое, што мы скажам, датычыцца ўсіх нас. Незалежна ад палітычных поглядаў і выбранага кандыдата. Каб не думаць, што рабіць наступныя пяць гадоў, запомніце тры простыя пункты, якія трэба зрабіць цяпер.

Першае.

Мы павінны ведаць сапраўдныя вынікі выбараў. Таму мы просім усіх вас скарыстацца платформай «Голас». Ужо цяпер зайдзіце на сайт belarus2020.org, перайдзіце па спасылцы ў Вайбер або Тэлеграм і пазначце свайго кандыдата. Прагаласавалі самі – раскажыце бацькам. Чым больш людзей зарэгіструецца на платформе, тым больш дакладныя вынікі мы атрымаем.

Другое.

Ужо цяпер насіце белую стужку – сімвал сумленнасці і пераменаў. З ёй жа ідзіце на галасаванне і толькі дзявятага жніўня. Не галасуйце датэрмінова. Калі на вас ціснуць – адмаўляйцеся. Калі вам пагражаюць – звяртайцеся ў праект «Сумленныя людзі». Знайдзіце яго ў інтэрнэце, і вам дакладна дапамогуць.

Трэцяе.

У дзень галасавання на ўчастку праверце свой бюлетэнь: на адваротным баку павінна стаяць не менш за два подпісы. Прагаласуйце і сфатаграфуйце свой бюлетэнь з двух бакоў. А фотаздымкі дашліце чат-боту платформы «Голас» у Вайбер або Тэлеграм, дзе вы пазначылі свайго кандыдата. Гэта абавязковы крок. Калі будуць праблемы з інтэрнэтам, усё адно фатаграфуйце бюлетэнь і дасылайце пазней. Калі сябры камісіі паспрабуюць забараніць рабіць фота – папрасіце паказаць артыкул Выбарчага кодэкса, які забараняе фатаграфаваць бюлетэнь. Такога артыкула не існуе. Гэта дазволена законам і бяспечна. Ніхто не даведаецца пра ваш выбар, а голас будзе дакладна палічаны.

Яшчэ раз.

Ужо цяпер перайдзіце на сайт «Голаса» і абярыце свайго кандыдата. Прыходзьце галасаваць у белай стужцы і толькі дзявятага жніўня. Сфатаграфуйце бюлетэнь з двух бакоў і дашліце яго фота чат-боту.

Гэта асноўныя тры пункты, якія дапамогуць правесці сумленныя выбары. Дапамажыце расказаць пра іх усім беларусам. Распаўсюдзьце гэтае відэа, пагутарце з сябрамі і сваякамі, дапамажыце тым, хто кепска валодае смартфонам. Многія хочуць пераменаў, але не ўсе разумеюць, што менавіта трэба зрабіць. Гэтыя тры крокі дапамогуць нам правесці сумленныя выбары і даведацца вынік, палічаны самімі выбаршчыкамі.

Застануцца пытанні – шукайце суполку «Сумленныя людзі» ў сацыяльных сетках.

Пабачымся 9 жніўня на ўчастках. Мы будзем бараніць кожны голас.

Дзякуй.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu