Марыя Калеснікава ад імя штаба выступіла падчас стрыму са зваротам і патлумачыла, які план прывядзе Беларусь да пераменаў.
Пачытаць адказы на пытанні карыстальнікаў аб аб’яднанні трох штабоў, сумеснай агітацыі і белых бранзалетах можна па спасылцы.
Сацсеткі забітыя пытаннямі: ці існуе план, як і хто ацэньваў рызыкі, як перамагчы, што рабіць далей, ці магчыма наогул змяніць уладу, байкот або выхад на вуліцу? Адказы ёсць, але іх мала хто заўважае. Шмат каму яны не надта падабаюцца.
Такога ніколі не было. Сапраўды не было.
У краіне склалася ўнікальная сітуацыя.
Улада стала губляць падтрымку, сталі расці пратэстныя настроі. Усё пачалося з каранавіруса. Ён закрануў ледзь не кожны населены пункт краіны. Людзі сталі хварэць і паміраць. Заплюшчыць вочы на гэта было немагчыма. Але ўлады пайшлі іншым шляхам – і гэта выклікала абурэнне. Здзекі з памерлых людзей, хамства і відавочная неадэкватнасць улады хутка разнесліся па краіне.
Пачалося скарачэнне даходаў людзей. Дзяржава дэманстратыўна адмовілася дапамагаць. Праблема не толькі ў скарачэнні працоўных месцаў, падзенні курсу і росце коштаў. У памежных рэгіёнах і абласных гарадах шэрая эканоміка круціцца вакол межаў, якія аказаліся зачыненымі. Людзі засталіся без сродкаў для існавання.
Вырасла роля інтэрнэта. Адсутнасць афіцыйнай інфармацыі аб тым, што адбываецца з каранавірусам, прывяла да таго, што асноўнай крыніцай інфармацыі стаў інтэрнэт. Манаполія ТБ у рэгіёнах і невялікіх гарадах пахіснулася.
Першы раз за ўсю гісторыю краіны з 1996 года большасць людзей перастае маўчаць. Людзі, якім было ўсё адно, якія практычна ніколі не хадзілі на выбары, сталі палітычна зацікаўленымі. Аснову гэтай большасці склаў беларускі сярэдні клас, людзі, якім ёсць што губляць. І яны сталі губляць.
Што адбылося.
Грамадзянскую актыўнасць напярэдадні выбараў хутка заўважыла і ўлада. Сяргей Ціханоўскі стаў увасабленнем выразнай і зразумелай пагрозы для рэжыму. Вулічны супраціў — гэта тое, да чаго ўлада рыхтавалася ўвесь гэты час. Абсалютна чакана і зразумела — ён быў даволі хутка прыбраны з палітычнай дошкі.
Цяперашняя ўлада і традыцыйная апазіцыя — у палоне шаблоннага мыслення. Мысленне гэтае закладзенае нашай сістэмай адукацыі і савецкім выхаваннем. Сакральнасць рэвалюцыі 1917 года прывяла ўсіх да адназначнай высновы, што толькі вулічны супраціў вырашае праблему змены ўлады пры адсутнасці сумленных выбараў. Высокая статыстыка негвалтоўных зменаў улады мала каго пераконвае. Каго наогул у гэтай краіне пераконвае статыстыка.
Вернемся ў Беларусь. Нечакана выявілася, што пакуль займаліся адным супернікам, прапусцілі іншага, значна больш небяспечнага. Ім стаўся мала зразумелы для паліттэхнолагаў і іншых людзей фантастычных прафесій Віктар Бабарыка. Банкір, багаты, які працуе ў банку, што належыць рускім, паўнаваты і не надта эфектны — вельмі слабая фігура на думку ўлады. Нават Валерый Цапкала, моцны сістэмны вылучэнец, звязаны з IT, выглядаў значна лепш.
Нечакана актуальным для раней палітычна неактыўнай большасці выявіўся вобраз Віктара Бабарыкі. Асабліва на кантрасце з заявамі і актыўнымі пагрозамі уладаў. Любоў супраць пагрозаў, ветлівасць супраць хамства, шчырасць супраць маны і ўтойвання статыстыкі, эфектыўнасць менеджменту супраць моцных правалаў у эканоміцы. За мір супраць пагрозаў вайны і майдану. Вобраз інтэлігентнага, разумнага чалавека стаў вельмі хутка распаўсюджвацца па краіне, дзякуючы узрослай сіле інтэрнэту.
У беларускай канспіралогіі з’явіўся новы персанаж — план штаба Віктара Бабарыкі. Аднак ён вельмі просты і, самае смешнае, нягледзячы на простасць, ён працуе і зыходзіць з разумення як уладкованая беларуская дзяржава і на чым і кім трымаецца. Без тэорый, на практыцы.
Аснова дзяржаўнай улады ў краіне — не міліцыя ці армія, АМАП або ГБ. Аснова ўлады — маса запалоханых, кепска аплачвальных беларускіх бюджэтнікаў. Як імі кіруюць? Самая важная гісторыя — страх і яшчэ важней боязь страты. Чыноўнікі і настаўнікі, міліцыянеры і дактары баяцца, што страціўшы працу, яны стануць нікому не патрэбныя і застануцца без сваіх і так не вельмі высокіх даходаў. Таму яны і выконваюць не заўсёды законныя распараджэнні і злачынныя загады, падтрымліваюць дзяржаву ганебнымі метадамі.
Праз страх дзяржаўная машына працуе ўсё горш і горш. Не задумваліся, чаму ў нас такая статыстыка па COVID19? Або чаму, нягледзячы на жорсткую вертыкаль, Міністэрства аховы здароўя не ведае, ці забяспечаныя бальніцы ўсім неабходным падчас пандэміі? Міністэрства кажа, што ўсё ёсць, а бальніцы радыя любой дапамозе ад валанцёраў, паколькі на самай справе бракуе ўсяго. Думаеце, справа ў тым, што Міністэрства баіцца гэта прызнаць? Не, рэальнай статыстыкі ў краіне ў прынцыпе не існуе. Праз страх згубіць сваё месца або сесці ў турму служачыя проста баяцца і не збіраюцца перадаваць рэальныя звесткі вышэй.
Усе, хто сутыкаўся з дзяржорганамі любога ўзроўню, ведаюць, што асноўная задача любога чыноўніка на любой пасадзе — пазбегнуць прыняцця рашэння, перакласці адказнасць, не зрабіць нічога, за што яго могуць пакараць. А пакараць у гэтай краіне могуць за любое, нават самае карыснае рашэнне. Бо панаванне кантрольных і праваахоўных арганізацый у краіне абсалютнае. Таму ў краіне ўсяго адзін чалавек перабірае бульбу, а апарат улады працуе ўсё горш. Яму застаецца толькі імітацыя бурнай дзейнасці, і калі 90 адсоткаў дзяржведамстваў зачыніць, нічога не зменіцца. Для таго, каб дзяржава працавала, — трэба даць людзям магчымасць рабіць сваю працу.
Як змяняць уладу
Беларускае грамадства не прымае гвалту. Нават намёкаў на яго. І змена ўлады ў гэтай краіне — доўгая, але ў бягучай сітуацыі абсалютна рэальная гісторыя.
Улада трымаецца на людзях, якія ўсяго баяцца, і маўклівай раней большасці, якое надае гэтай уладзе легітымнасць у вачах першых. Як аслабіць гэтую падтрымку?
- Маўклівая большасць мае перастаць маўчаць, бо маўчанне ў вачах усіх — гэта згода з тым, што адбываецца. Людзям страшна выказваць сваё меркаванне, ім ёсць што губляць, але яны ўсё адно выказваюць яго. Іх трэба падтрымліваць. Тых, хто выказваецца, — пахвалой, звольненых — працай або грашыма. І такіх людзей павінна становіцца больш і больш. Большасць людзей, якія выказваюць нязгоду любымі законнымі спосабамі, — аснова ўсяго. Бо большасці супрацьстаяць страшней, чым вышэйшаму начальству. Таму хтосьці разумны ва ўладзе і сацыялагічныя апытанні забараніў, і лепіць фэйкі з вялікім рэйтынгам.
- Трэба выражаць сваю нязгоду. Абсалютная большасць людзей мае зразумець і ўсвядоміць на канкрэтных прыкладах, што ўладзе на іх пляваць. Пастаўце сябе на месца настаўніка. Чаму настаўнікі не ідуць у касіры, дзе могуць зарабляць больш? З простай прычыны — у іх менш грошай, але большы сацыяльны статус. Але ўлада, прымушаючы іх удзельнічаць у фальсіфікацыях, пазбаўляе гэтых людзей статусу. Настаўніца, якая раней карысталася павагай цяперашніх і былых вучняў, іх бацькоў, суседзяў становіцца ізгоем, нікому не падабаецца, што яна робіць і ў чым ўдзельнічае. Пазбаўце іх статусу — і тады сапраўды больш прыстойна быць касірам: і грошай больш, і павагі. Таму трэба тузаць і дзяўбсці дзяржаву і яе прадстаўнікоў, каб большасць выражала сваю нелюбоў і нязгоду. Гэта ёсць самы важны фактар, які вядзе да пераменаў.
Чаму выбары важныя і што з імі рабіць?
Бо трэба выкарыстоўваць кожную магчымасць, каб паказаць, што нас большасць. У штабоў відавочна няма ілюзій, адносна таго, што выбары фальсіфікуюцца. Як мы разумеем, гэта адбываецца на трох асноўных этапах.
Першы — датэрміновае галасаванне. Менш датэрміновага — менш галасоў за ўладу. Датэрміновае галасаванне — гэта спосаб і дастаткова часу, каб падмяніць бюлетэні за каго трэба.
Другі этап — падлік галасоў і ўкідванне у дзень галасавання. Прасцей за ўсё ўкінуць за тых, хто не прыйшоў, падмяніць складаней. Таму байкот не працуе. Не прыйшлі — палегчылі хлусам жыццё, вас прасцей намаляваць. А трэба — прыйсці і дапамагчы назіральнікам стварыць невыносную для фальсіфікатараў атмасферу на ўчастках. Калі зламаецца адзін сябра камісіі, адразу зламаецца і другі.
Трэцяя частка, дзе фіналяцца ўсе праблемы — падлік у тэрытарыяльных выбарчых камісіях. Таму патрэбныя назіральнікі, якія будуць усё фіксаваць на ўчастках і сфатаграфуюць выніковы пратакол. Яго заліюць у інтэрнэт, палічаць, і будзе больш блізкі да рэальнага вынік выбараў — альтэрнатыўны падлік. А сябры тэрытарыяльных выбарчых камісій задумаюцца: ці варта далей займацца махлярствам, або хай ЦВК выкручваецца.
Чаму можа не атрымаецца
Існуе шмат небяспек на гэтым шляху. Гэта доўга. Выбарамі ўсё можа не вырашыцца і выказваць нязгоду давядзецца доўга. Ці стане ў людзей цярпення і моцы?
Гэта патрабуе ўдзелу кожнага, павінна мецца большасць. Даводзіцца верыць толькі ў сябе і гэткіх жа людзей як мы. Значна прасцей верыць у кагосьці — правадыра, штаб, ЕС, Расію, ЗША, што хтосьці прыйдзе і ўсё зменіць. Але ніхто не прыйдзе. А нязгода працуе толькі тады, калі становіцца масавай.
Лянота. Значна прасцей аб’явіць байкот, забіць, удаваць з сябе самага разумнага і нічога не рабіць.
Рэжым можа справіцца з Плошчай. Але з доўгім, рэгулярным і разнастайным пратэстам большасці — не. І ў яго застаюцца два шляхі. Або рэформы і допуск людзей да кіравання. Або — стаць адкрыта паліцэйскай дзяржавай, меншасцю, якая супрацьстаіць большасці, без усіх гэтых “выбарчых” кабінак, ЦВК ды іншых пацёмкінскіх вёсак. Але на рэформы патрэбная смеласць. А на паліцэйскую дзяржаву патрэбныя грошы. Але ні таго, ні іншага ў рэжыма няма.