2 жніўня адбыліся мітынгі Святланы Ціханоўскай з удзелам Веранікі Цапкала і Марыі Калеснікавай у Баранавічах і Брэсце! Беларусы, вы — неверагодныя!
Прыводзім асноўныя тэзісы выступленняў

Чытайце агляд паездак у Смаргонь, Маладзечна і Ліду тут.
Чытайце агляд паездак у Гродна,Ваўкавыск і Слонім тут.

Святлана Ціханоўская

blank
Для нас гэта стала ўжо штодзённасцю: тут забралі, там забралі, толькі потым сваякі бегаюць і не ведаюць, дзе знаходзяцца затрыманыя. Так балюча і крыўдна, што гэта стала нейкай нормай, ад гэтага трэба пазбаўляцца, і я вам абяцаю, што ў новай Беларусі такога ніколі не будзе, калі за праўду, калі за сваё асабістае меркаванне хтосьці будзе пакутаваць.

Я хачу жыць у краіне, дзе нашым дзецям не будуць пагражаць, што іх аддадуць у дзіцячы дом. Што нам не давядзецца вывозіць іх толькі таму, што ў нас актыўная грамадзянская пазіцыя ці таму, што мама захацела стаць прэзідэнтам. Я хачу, каб людзей, якія стаяць у чарзе і адкрыта выказваюць сваю грамадзянскую пазіцыю, не кідалі ў аўтазакі. Я хачу ведаць праўду, калі ў нас здараецца нейкая бяда ў нас Беларусі. Я хачу, каб мы ведалі, што мы з гэтай бядой справімся разам. Я хачу, каб людзі не з’язджалі ў іншыя краіны ў пошуках лепшага жыцця, каб яны заставаліся і працавалі на карысць краіны. У нас працавітыя, разумныя людзі. Я звычайны чалавек. Мяне заўсёды бянтэжыць, калі вы мяне так вітаеце, таму што я адчуваю сябе гэткай жа, як і вы. Дзякуй вам вялікі, што вы паверылі мне, што вы даверыліся мне. І будзьце ўпэўненыя, што я пайду да перамогі. Я з вамі, вы са мной. Памятаеце, сябры, што толькі разам мы зможам пабудаваць краіну для жыцця.

Я вельмі люблю Брэст. Я вельмі люблю ваш горад. І ваш горад стаў асаблівым для ўсёй Беларусі — і вы ведаеце чаму. Таму што менавіта вы былі ўзорам для ўсёй краіны. Вы, простыя грамадзяне, усталі на абарону свайго горада, на абарону сваіх дзяцей, на абарону сваіх сем’яў ад пагрозы, якую нясе будаўніцтва акумулятарнага завода. На вас уся краіна глядзела з надзеяй. Дзякуй, Брэст, вам за гэта! Гэта вельмі цяжка зразумець, чаму ў XXI стагоддзі ў цывілізаванай дзяржаве для таго, каб адстаяць сваё права на закрыццё шкоднага прадпрыемства, людзям трэба кожную нядзелю больш за два гады выходзіць і адстойваць свае правы! Чаму людзі за гэта павінны атрымліваць штрафы і арышты? Чаму мы самі не можам вырашаць, якім мае быць наш горад, якой мае быць нашая краіна?

Марыя Калеснікава

blank
Баранавічы, я бачыла ваш помнік ахвярам эпідэміі стогадовай даўніны. А дзе помнік героям сённяшняй бітвы? Утойванне рэальных лічбаў захварэлых і памерлых ад каранавіруса, грэблівае стаўленне да лекараў, ані слова добрага ў адрас лекараў і валанцёраў, якія вырашалі праблему.
У Баранавічах 30% стратных прадпрыемстваў. Больш за 50% эканомікі горада — гэта прыватныя малыя і сярэднія прадпрыемствы. І гэта не альтэрнатыўныя звесткі, гэта гучала па АНТ у 2019 годзе, калі прыязджаў прэзідэнт. Замест таго, каб разабрацца з прадпрыемствамі, падняць іх эфектыўнасць, улада хаміць і абражае. Яна не хваліць вашыя дасягненні, яна хавае свае памылкі. Улада здольная адно пагражаць турмой, фарбаваць траву і мыць шампунем асфальт перад прыездам дзейнага прэзідэнта.

Яшчэ нядаўна мы ўсе казалі: «Усё адно нічога не зменіцца». Людзі не хадзілі галасаваць, бо думалі, што ўсё адно нічога не зменіцца. Людзі не спрачаліся, бо думалі, што ўсё адно нічога не зменіцца. Людзі не паказвалі ўладзе, што яны народ, бо думалі, што ўсё адно нічога не зменіцца. Хіба вы так думаеце цяпер? Хіба цяпер вы думаеце, што вы нічога не зменіце? Не! Цяпер мы кажам: «Я магу ўсё змяніць!»

Нам трэба перастаць баяцца. Нам трэба браць на сябе адказнасць за сваю будучыню, а не чакаць, што на пікеты прыйдуць іншыя людзі, пакуль мы застанемся дома.
Дыктатура будуецца на страху. Мы просім аб сумленнасці кожнага міліцыянта, амапаўца, суддзю, сябра выбарчай камісіі. Мы дзякуем за сумленнасць тых, хто ўжо знайшоў у сабе сілы супрацьстаяць сістэме прыніжэння.

Мы захапляемся вашай смеласцю і цэнім вашыя ўчынкі. Шмат неабыякавых беларусаў гатовыя прапанаваць дапамогу, навучанне, працоўнае месца тым, хто больш не хоча хлусіць за 400 рублёў у месяц. У адрозненне ад дзейнай улады нам патрэбныя сумленныя і прыстойныя людзі.

Вераніка Цапкала

blank
3 жніўня дзейны прэзідэнт будзе звяртацца да Парламента і да народа са штогадовым зваротам. Ён называе гэта пасланнем да народа, але, па сутнасці, гэта пасланне да чыноўнікаў, якіх ён сам жа і прызначыў, якія непасрэдна яму і падпарадкоўваюцца. У мяне першае пытанне да яго: а чаму ён не стане вось на гэтую сцэну, перад вамі, і не раскажа, што было зроблена за 26 гадоў? Ён зняў з прэзідэнцкай кампаніі самых моцных кандыдатаў: Сяргея Ціханоўскага, майго мужа Валерыя Цапкалу, Віктара Бабарыку. А вы ведаеце, чаму ён іх зняў? Таму што ён іх баіцца, таму што яны задавалі б яму гэткія ж нязручныя пытанні, на якія, я думаю, ён не мае адказаў.

Памятаеце, у нас ёсць такі вельмі вядомы беларускі рэжысёр Міхаіл Пташук, мабыць, многія з вас глядзелі фільм «У жніўні 44-га». Я таксама глядзела, мне ён вельмі падабаецца. Я спадзяюся, што сёлета ў гісторыі Беларусі з’явіцца новы раздзел, якая будзе называцца «У жніўні 20-га». І калі ў будучыні да вас прыйдуць вашыя дзеці, вашыя ўнукі, можа быць, вашыя праўнукі і спытаюць: «Бабуля, дзядуля, а што ты рабіў у жніўні 20-га года?», я спадзяюся, што вы скажаце, — а вы напэўна скажаце! — што я быў з народам, я быў са Светай!


blank blank blank blank blank blank

blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank blank  blank blank blank blank blank blank blank blank

Фото: Паша Кричко

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu