21 ліпеня каардынатар штаба Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава выйшла ў прамы эфір і распавяла пра дэталі аб’яднання намаганняў з двума штабамі, нагадала пра пяць прынцыпаў і адказала на пытанні наконт агітацыйных матэрыялаў і сумесных пікетаў.

Таксама Марыя зрабіла сёння асобны зварот. Глядзіце яго па спасылцы.

Як вы вырашылі аб’яднацца?

14 ліпеня ЦВК не зарэгістраваў Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу кандыдатамі ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь. Для нас гэта азначала рух паводле новага плану. Наша галоўная мэта, якую агучваў Віктар Бабарыка, — гэта перамога. Мы абмяркоўвалі, якім шляхам мы можам прыйсці да перамогі. Кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская стала самым імаверным партнёрам для наступных дзеянняў. Мы правялі перамовы са штабамі Святланы Ціханоўскай і Вылерыя Цапкалы. Мы абмяркоўвалі магчымыя варыянты развіцця падзей. У выніку мы засталіся ўтрох — я, Святлана і Вераніка — і за 15 хвілін мы змаглі дамовіцца аб тым, што нашыя штабы аб’яднаюць свае намаганні вакол 5 прынцыпаў:

  1. Мы будзем заклікаць выбаршчыкаў прыйсці на выбары 9 жніўня 2020 года і галасаваць.
  2. Мы вызвалім палітвязняў, эканамічных вязняў, дамо права на перагляд справаў у незалежных і сумленных судах.
  3. Мы правядзём паўторныя сумленныя выбары пасля 9 жніўня 2020 года.
  4. Мы будзем інфармаваць выбаршчыкаў пра неабходнасць абараняць свой голас рознымі спосабамі.
  5. Мы будзем заклікаць да ўдзелу ў ініцыятывах за сумленныя выбары: «Сумленныя людзі», «Права выбару», «Рух Праўда» і інш., станавіцца назіральнікамі. Заклікаць да выкарыстання ў момант выбараў механізмаў, якія будуць прапанаваныя, для фіксацыі свайго голасу і яўкі.

Мы ведаем, што гэтае аб’яднанне для многіх было нечаканым. Мы ўтрох цяпер маем вельмі шчыльныя зносіны і разумеем, што гэтыя мэты нас вельмі моцна яднаюць. Мы заклікаем усіх нас падтрымаць.

У нядзелю мы разам ездзілі ў Дзяржынск і выступалі ў Мінску на плошчы Бангалор. І вашая падтрымка зарадзіла нас энергіяй. Я паўтараю і буду паўтараць — гэта вы нашая надзея. Мы вам вельмі ўдзячныя. Ад кожнага з вас залежыць нашая з вамі будучыня. Дзяліцеся інфармацыяй, актыўна ўдзельнічайце. У нас ёсць усяго тры тыдні для таго, каб дасягнуць мэты і змяніць Беларусь.

Навошта патрэбная белая стужка?

Гэта адзін з магчымых механізмаў кантролю, які прапанавала ініцыятыва «Сумленныя людзі». Насіце яе ўжо цяпер і прыходзьце з ёй на выбарчы ўчастак. Будзем бачыць сумленных людзей па гэтай стужцы! Таксама можаце насіць яе з сабой і раздаваць сябрам і знаёмым. Гэта можа быць проста стужка паперы, марля, бінт, бранзалет. Так мы будзем бачыць адзін аднаго і цешыцца тым, як нас многа.

Ці будуць агітацыйныя матэрыялы за Святлану Ціханоўскую?

Афіцыйныя лістоўкі і плакаты Святланы Ціханоўскай ужо адпраўленыя ў друк. Таксама будзе камплект для агітацыі. Вельмі важна агітаваць кожнаму беларусу. Паводле закона любы чалавек можа агітаваць за ці супраць любога кандыдата. Спасылкі на ўсе матэрыялы для сумеснай агітацыі мы ў хуткім часе размесцім на нашым афіцыйным сайце і ў сацыяльных сетках.

У якіх гарадах адбудуцца сустрэчы з вамі і даверанымі асобамі?

Мы плануем утрох наведаць ад 20 да 30 гарадоў. Вялікая колькасць пікетаў пройдзе таксама без нашага ўдзелу. Усяго мы запланавалі 160 пікетаў і мітынгаў. Сачыце за раскладам. Мы будзем аператыўна паведамляць пра сустрэчы. З чацвярга ці пятніцы мы ўжо пачнём наведваць гарады Беларусі.

Чаму столькі часу няма інфармацыі ад штаба?

Цяпер мы падаём заяўкі на пікеты, фарміруем маршруты. У нас вялікая каманда з трох штабоў, таму нам трэба абмяркоўваць вельмі шмат пытанняў, шукаць кампрамісы, дамаўляцца. Але калі людзі аб’яднаныя адной мэтай, дамаўляцца лёгка. Вельмі важна, што нам хапае і намаганняў, і мудрасці і жадання нешта змяніць. Гэты працэс займае час, але вынікам стануць нашыя сумесныя мерапрыемствы.

Ад штаба Віктара Бабарыкі я хачу выказаць падзяку штабам Святланы Ціханоўскай і Валерыя Цапкалы. Мы разам робім вельмі файную справу. Нам усім цяпер вельмі нялёгка, але важна, каб мы падтрымлівалі адзін аднаго, слухалі і чулі адзін аднаго, бо ў нас агульная мэта.

Як фінансава падтрымаць штаб Святланы Ціханоўскай?

Усю інфармацыю пра збор сродкаў мы сёння апублікавалі ў нашых сацыяльных сетках. Інструкцыю можна таксама знайсці па гэтай спасылцы.

Мы заклікаем усіх неабыякавых адгукнуцца. Звярніце ўвагу: максімальны памер ахвяравання ад фізічнай асобы – 540 рублёў, ад юрыдычнай асобы — 1350 рублёў. Ужо вельмі шмат людзей адгукнулася на заклік падтрымаць выбарчы фонд Святланы Ціханоўскай. Дзякуй за гэта! Гэта як раз прыклад той узаемадапамогі, якую мы назіраем з часоў COVID-19. Калі тысячы людзей засталіся неабыякавымі да праблем іншых людзей і дапамагалі адзін аднаму.

Якія ў вас зносіны са Святланай і Веранікай?

З самага першага моманту, калі мы сустрэліся, мы адна да адной прыглядаліся. Але калі засталіся сам насам, то зразумелі, што нас траіх аб’ядноўвае агульная мэта. Цяпер мы разам ходзім піць каву, любім абмяркоўваць жаночыя радасці, якіх апошнія месяцы мы былі пазбаўленыя. Нашае жыццё з мая круціцца толькі вакол перадвыбарчай кампаніі. Адносіны паміж намі дораць нам вялікую асалоду. Мы знайшлі адна ў адной апору і падтрымку. Жаночая каманда — гэта моцная, вельмі стабільная і вельмі плённая каманда.

Як справы ў Віктара і Эдуарда?

Я даўно ўжо не атрымлівала лістоў ад Віктара, хаця даслала яму чатыры вялікія лісты. Адказ атрымала на адзін. Ад Эдуарда нічога не атрымлівала яшчэ. Але мы ведаем, што яны бадзёрыя, усяляк нас падтрымліваюць і вераць у поспех. Гэта заражае нас энергіяй і пазітывам.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu