Больш за тыдзень таму беларусы выбралі сабе новага прэзідэнта і назіраюць за тым, як стары прэзідэнт дэманструе, што прэзідэнтам яго робіць не воля народа, а ўласнае жаданне і сілавы захоп. Тыдзень беларусы разгойдваюцца на эмацыянальных арэлях. Боль, страх, душэўны ўздым, эйфарыя, апатыя, гонар, надзея, бяссілле, шчасце. За гэты тыдзень мы пражылі мноства жыццяў.

Беларусы – мы больш, чым неверагодныя. За тыдзень мы зрабілі тое, на што ў многіх сышло б стагоддзе.

Увесь свет вар’яцее ад беларусаў. Мы паказалі нашую сілу, смеласць, нашую прыстойнасць, упартасць. Мы паказалі нашую гатоўнасць дапамагчы, наш розум і кемлівасць. Усё, што ўлада не магла і не хацела рабіць для нас нас – мы рабілі самі. На першых палосах усіх сусветных газет беларусы – гордыя, прыгожыя, адважныя.

Нас 26 гадоў пераконвалі, што мы дэфектныя. У нас забівалі пачуццё ўласнай годнасці, пачуццё нацыі. Не атрымалася. Беларусы зноў сталі беларусамі ў лічаныя гадзіны. Яшчэ два тыдні таму нас штрафавалі за маленькі сцяг на люстэрку машыны – цяпер самым прыгожым сцягам завешаны ўвесь горад. Яшчэ тыдзень таму нас забівалі да смерці за тое, што мы выйшлі на вуліцу – цяпер тысячы людзей штодня стаяць ля міністэрстваў і выказваюць ім сваю нязгоду. Яшчэ некалькі дзён таму цяжка было ўявіць, што дзяржаўнае тэлебачанне пакажа праўду, а не бульбу – сёння дзесяткі людзей страйкуюць, звальняюцца і друкуюць сведчанні неймавернай звярынай лютасці сілавікоў на першай паласе. Яшчэ нядаўна ўлада адчытвала рабочых і вешала ім пустыя абяцанні – сёння заводы крычаць ёй у твар «сыходзь» і не выходзяць на працу.

Сябры, мы разумеем: нехта з вас стамляецца, а нехта адчайваецца. Але мы, беларусы, выбралі шлях мірнага, законнага, негвалтоўнага пратэсту. А гэты шлях патрабуе часу. Тое, што ўкаранялася 26 гадоў не можа знікнуць у адзін момант. Нам усім спатрэбіцца час упартай працы і цярпення. Мы павінны працягваць выказваць сваю нязгоду. Пісаць, казаць праўду, выходзіць, стаяць, страйкаваць, скардзіцца, адмаўляцца ад супрацоўніцтва, байкатаваць, не згаджацца. Даваць зразумець кожнаму нядобрасумленнаму чыноўніку, што ён не мае рацыі, а мы з ім не згодныя. Гэта марафон, а доўга у супраціўленню рэжым не здольны даць рады.

У нас ёсць падтрымка сусветнай супольнасці, у нас ёсць падтрымка сусветнай прэсы, але галоўнае – у нас ёсць падтрымка адзін аднаго. Для страйкоўцаў-завадчан – нашых гонару і надзеі – сабралі ўжо велізарныя сумы. Для пацярпелых ад злачынных дзеянняў падчас разгону мірных акцый – таксама. Тым, хто хоча завязаць з рэжымам, аказваюць матэрыяльную дапамогу, дапамагаюць з новай працай. А што ёсць у дзеючай улады? Сілавікі, афіцэрскі гонар якіх яна пляміць сваімі злачыннымі загадамі. Бюджэтнікі са сцягамі СССР на мітынгах, куды іх звезлі за прэмію ў 50 рублёў або пад пагрозай звальнення. Недалужныя піяршчыкі, якія пачварную ману няўмела хаваюць за таннай падробкай. Гісторыі пра лялькаводаў і развал краіны, у якія ўжо даўно ніхто не верыць.

Уключыце дзейнай уладзе інтэрнэт. Пакажыце ёй фотаздымкі знявечаных людзей, якіх везлі з РУУС і Акрэсціна на хуткіх. Пакажыце ёй рабацяг, якія прайшлі шмат кіламетраў, каб падтрымаць адзін аднаго на страйку. Пакажыце ёй вуліцы гарадоў у мінулую нядзелю. Пакажыце ёй 400 тысяч чалавек са сцягамі і белай вопратцы ў Мінску, якія крычаць «сыходзь!».

Сябры, не здавайцеся, не адчайвайцеся. Мы яшчэ пачынаем шлях, але мы ўзялі вельмі добры старт. Улада спрабавала ўтаймаваць нас сілай, яна спрабуе ўтаймаваць нас сваім ігнорам і рэпрэсіямі. Улада чакае, пакуль мы спужаемся, пакуль стомімся, пакуль нам надакучыць. Будзе цяжка, часам будзе здавацца, што нічога не атрымаецца. Але гэта не так. Нельга паддавацца. Калі здаецца, што ўсё страчана – усё ўжо выратавана.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu