Сёння ў прамым эфіры быў юрыст штаба Максім Знак. Прыводзім асноўныя тэзісы.

22 ліпеня адбылося пасяджэнне Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзенні рэспубліканскіх рэферэндумаў. На гэтым пасяджэнні прысутнічалі новыя сябры ЦВК з дарадчым голасам, якіх накіравалі кандыдаты ў прэзідэнты. Аднаго з іх – Паўла Дзіка – накіравала Святлана Ціханоўская. Павел Дзік актыўна бярэ ўдзел у ініцыятыве «Сумленныя людзі». Таму можна цешыцца: сумленныя людзі ўжо ўвайшлі ў склад ЦВК.

На пасяджэнні ЦВК прыняла рашэнне аб абмежаванні колькасці назіральнікаў. Рашэнне прагназавалася, але ўсё адно стала непрыемным фактам: абмяжоўваецца права, гарантаванае Выбарчым кодэксам.
Тым не менш, Лідзія Ярмошына запэўніла, што не будзе перашкодаў ў акрэдытацыі назіральнікаў. Але на ўчастках змогуць знаходзіцца не больш за 5 чалавек з ліку тых, хто першым падаў заяўку (калі ў камісіі менш 7 за чалавек – колькасць назіральнікаў не больш за 50% ад колькасці сяброў камісіі).

Пры гэтым большасць назіральнікаў ініцыятывы «Сумленныя людзі» не змаглі падаць заявак, бо камісіі пакуль не працуюць на сталай аснове, і няма журналаў акрэдытацыі. Але разам з тым, ужо акрэдытаваныя больш за 40 000 назіральнікаў, то бок фармальна вольных месцаў – няма.

Яшчэ 17 чэрвеня Лідзія Ярмошына давала інтэрв’ю «Еўрарадыё», і там гучала прамое пытанне: “Скажыце, ці не будзе з пункту гледжання эпідэміялагічнай сітуацыі праблемаў з акрэдытацыяй назіральнікаў? Ці ўсіх пусцяць на ўчастак?». Прагучаў прамы адказ: няма ніякіх абмежаванняў. Сапраўды, сітуацыя змянілася. Цяпер абмежаванні ёсць у сувязі з пастановай.

Усе гэтыя элементы зводзяцца да таго, што з выбарчай кампаніі пачынаюць знікаць неабходныя элементы. У нас стала менш ці не з’явілася ўвогуле ўмоўна незалежных сяброў участковых камісій. Ну, так здарылася, што ўсім з іх адмовілі. Тлумачаць у судах, што гэта проста выпадковасць. Але мы не бачым проста выпадковасці ў тым, што ніхто з незалежных прэтэндэнтаў – а гэта паспяховыя, годныя, дасведчаныя людзі – ва ўчастковыя камісіі ад ініцыятывы «Сумленныя людзі» не прайшоў. Разам з тым, па ўсёй краіне па ўсіх камісіях у большасці выпадкаў праходзілі прадстаўнікі аднаго працоўнага калектыву. Калі гэта супадзенне, то імавернасць такога супадзення – нават не як імавернасць джэк-поту ў Лас-Вегасе, а значна меншая.

Што плануецца рабіць з гэтай нагоды:

  1. Сёння пасля навінаў з ЦВК актыўнасць вылучэння назіральнікаў узрасла. Па-ранейшаму мэта – максімальная колькасць назіральнікаў. Усе будуць акрэдытаваныя, і змогуць выконваць сваю функцыю. Бо дапамагаць можна і побач з участкам, на выездзе з урнай для галасавання або ўнутры памяшкання.
  2. Будзе прапанавана ЦВК абсталяваць усе ўчасткі камерамі за кошт групы грамадзян – тады ўвогуле функцыю назіральнікаў будзе выконваць камера, і бяспека сяброў участковых камісій будзе безумоўна забяспечаная.
  3. Будзе пададзеная скарга на ненарматыўны акт – пастанову аб назіральніках.

Таксама Максім Знак падрабязна расказаў пра лёс пададзеных скаргаў на адмову ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў прэзідэнта Віктара Бабарыкі. Пра гэта мы ўжо пісалі.

На пытанне аб тым, што такое белы бранзалет на руцэ, Максім Знак сказаў, што ён можа сімвалізаваць сумленнасць, перамены, а можа быць проста модным аксэсуарам гэтага лета. Галоўнае – носіце яго ўжо цяпер, раздавайце сябрам. Будзем пазнаваць адзін аднаго.

Мы бачым, што з сябрамі ўчастковых камісій ёсць пытанне. Па кандыдатах, якія дайшлі да спаборніцтва, ёсць пытанні. Да месцах для агітацыі ёсць пытанні. Па назіральніках ёсць пытанні. Што застаецца наогул з выбарчай кампаніі? Застаюцца яшчэ выбаршчыкі, якія ў любым выпадку прыходзяць 9 жніўня. Гэта значыць, калі б яшчэ выбаршчыкаў не пускалі, тады б выбараў не было. Але выбары будуць. 9 жніўня людзі прыйдуць на ўчасткі, будуць галасаваць, потым будуць лічыць іх галасы, пратаколы будуць вывешвацца, людзі з імі будуць знаёміцца ​​і прымаць агульнае рашэнне.

Разам – пераможам!

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu