Добры дзень, мяне завуць Максім Баграцоў

Я былы старэйшы віцэ-прэзідэнт кампаніі EPAM, дзе прапрацаваў 23 гады, некалі пачынаў з распрацоўніка, 20 гадоў таму я зьехаў з краіны, але кожны раз, прыезджая сюды я бачыў, як з кожным годам Беларусь змяняецца.

Сёлета краіна дайшла да крытычнай кропкі змен, пасля якой няма зваротнай дарогі –- ні нам, ні дзеючай уладзе. У сярэдзіне жніўня я прыняў рашэнне пайсці ў бестэрміновы адпачынак і вярнуцца ў Беларусь, каб прыкласці ўсе свае навыкі і намаганні для пабудовы вольнай і эфектыўнай грамадзянскай супольнасці.

Учора прайшоў новы нядзельны марш.

Улады зноў дзейнічалі груба, ліхаманкава, нярвова і вельмі па-дурному.

Гледзячы на карціну ўчарашняга дня, узнікае пытанне – як так можна не разумець народ? Як магчыма ў прынцыпе так не разумець сітуацыю?

Ужо ў першыя крывавыя дні пасля выбараў стала відавочным, што ані сілай, ані ціскам, ані прапагандысцкімі фэйкамі не прыбраць людзей з вуліц, не задушыць іх нязгоду.

Улада не ідзе на дыялог, які прапануе ёй Каардынацыйная Рада і народ.

Кожны дзень, які ўлада не ідзе на дыялог, –- яна наносіць шкоду эканоміцы краіны.

Мы губляем на волі людзей, якія кіравалі бізнесам, развівалі IT, працавалі на вытворчасці. Арыштаваныя рахункі кампаній, затрыманыя топ-менеджары –- гэта падатковыя страты, гэта знішчэнне працоўных месцаў, гэта водгук інвестыцый.

Тыя людзі, якія яшчэ на волі – губляюць эфектыўнасць, чым бы яны не займаліся. Іх думкі і час заняты змаганнем і турботай за сваю бяспеку і бяспеку сваіх блізкіх.

Замежныя фундатары і буйныя кампаніі не стануць укладаць грошы ў краіну, дзе выкрадаюць людзей, дзе ўцякаюць ад дубінак і дзе інтэрнэт выключаюць як святло на кухні.

Беларусы не захочуць узаемадзейнічаць з дзяржаўнай сістэмай, якая сімвалізуе гвалт, яны не стануць плаціць падаткі, якія пойдуць на зарплату тым, хто хапае іх на вуліцы і цягне па асфальце.

Лагічна, ці не праўда? Відавочна ўсім, акрамя дзеючай улады.

Яна ўсё яшчэ верыць, што зачыніць раты кляпамі, а дубінкай прымусіць беларусаў любіць сябе.

Мы заклікаем дзейную ўладу да дыялогу.

Краіна, якая можа расквітаць і прыгажэць, – з кожным днём усё бліжэй да краху і застою, таму што закон тут выконвае народ, а не ўлада.

Каб канкурыраваць на міжнародных рынках – людзям патрэбна воля, а не сіні бус, які вязе цябе ў цемру, таму што ты пакрыўдзіў дзейную ўладу тым, што не хочаш на яе працаваць.

Прававы дэфолт – гэта шлях у дзевяностыя. Дзеючая ўлада добра памятае дзевяностыя – і падобна, жыве ўсё яшчэ ў тым часе.

Новае пакаленне адважных, творчых, сучасных беларусаў не хоча жыць па законах дзевяностых, яны хочуць ісці наперад, яны хочуць і ўмеюць пабудаваць новую краіну.

Беларусы – разумныя, крутыя, знаходлівыя. Беларусы пабудуюць вольную краіну з развітай новай эканомікай, з такімі сучаснымі падыходамі, пра якія дзеючая ўлада нават не ведае.

Беларусы вельмі ініцыятыўныя і самастойныя. Мы заклікаем выяўляць сваю нязгоду ўсімі даступнымі законнымі спосабамі. Не чакайце каманды – працягвайце дзейнічаць. Ёсць ідэя – ідзі і рабі. Добра атрымалася – падзяліся з іншымі.

Многія нашы паплечнікі былі не з намі – цяпер яны за кратамі.

Давайце ні на адзін дзень не забываць пра палітычных зняволеных, якія ўжо заплацілі сваю цану за нашу з вамі волю і працаваць і за сябе, і за іх.

Яшчэ тры месяцы таму вы слухалі Віктара Бабарыку, потым ад імя штаба з вамі размаўлялі Марыя Калеснікава і Максім Знак, зараз – гэта раблю я.

Хутка на маім месцы можа з’явіцца нехта іншы, а потым магчыма нехта яшчэ, але гэта ўсё не катастрофа.

Колькі б людзей ні згубіла волю, немагчыма абысці аб’ектыўныя законы развіцця грамадства, эканомікі і проста арыфметыкі.

Нас большасць, і разам – пераможам!

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu