UPD: Карта “Колькасць пададзеных подпісаў” дадаткова адноўлена 6 ліпеня.
Сябры,
Мы абяцалі, што будзем адкрыта публікаваць інфармацыю пра ход кампаніі. Зрабілі для вас інфаграфіку па сабраных і пададзеных подпісах за вылучэнне Віктара Бабарыкі кандыдатам у Прэзідзенты Рэспублікі Беларусь.
Чаму гэта важна?
У нашай краіне апошнім часам бракуе адкрытай і праўдзівай інфармацыі. Мы не можам з абсалютнай пэўнасцю даведацца аб тым, што адбываецца з вадой у Мінску, адсутнічаюць сацыялагічныя апытанні і сумленныя звесткі пра COVID-19.
Каманда Віктара Бабарыкі спрабуе выправіць сітуацыю са звесткамі хоць бы адносна сабраных подпісаў. Мы ўжо расказвалі аб працэсе збору і верыфікацыі. Юрысты нашага штаба ўвесь час кансультаваліся з Цэнтральнай выбарчай камісіяй у працэсе праверкі бланкаў. Падчас верыфікацыі мы шукалі найдрабнейшыя памаркі ў радках, каб падаць у камісіі толькі ідэальна запоўненыя падпісныя лісты.
У святле апошніх дзён, калі ўчастковыя камісіі выбарча прызнавалі недакладнымі подпісы самых папулярных альтэрнатыўных вылучэнцаў, мы прапануем вам адкрытую інфармацыю аб тым, колькі мы з вамі сабралі і падалі бланкаў.
Рэкардсмены і мінімальная колькасць памылак
Перш за ўсё мы хацелі б падзякаваць усім сябрам ініцыятыўнай групы. Сябры, вы — проста космас! А яшчэ мы падлічылі асабістыя рэкорды зборшчыкаў подпісаў. І гэтыя рэкорды ўражваюць і натхняюць:
- 7 чалавек сабралі больш за 1 000 подпісаў,
- 18 чалавек – больш за 700 подпісаў,
- 89 чалавек – больш за 400 подпісаў.
Валанцёры штаба правялі неверагодную працу па праверцы кожнага подпісу, кожнага падпіснога ліста. Мы самі не маглі паверыць, наколькі дысцыплінаваныя і акуратныя былі сябры нашай ініціыятыўнай групы.
На інфаграфіцы вы можаце пабачыць, колькі мы сабралі, пацвердзілі і адхілілі подпісаў падчас праверкі:
- подпісы, дасланыя СІГу на выпраўленне: подпісы з памылкамі, якія можна было выправіць. Напрыклад, сябра ініцыятыўнай групы забыў закрыць сваім подпісам бланк або некарэктна выкрэсліў радок.
- пазначаныя «з памылкай» — подпісы, якія нельга было выправіць. Напрыклад, сябра ініцыятыўнай групы закрыў падпісны ліст няправільнай датай.
Юрысты штаба прымалі асобнае рашэнне па кожным спрэчным лісце, грунтуючыся на атрыманых у ЦВК тлумачэннях.
Колькі мы падалі подпісаў
Усяго мы падалі ў выбарчыя камісіі 364 365 подпісаў. На жаль, мы не змаглі падаць 42 308 подпісаў праз затрыманне Віктара і Эдуарда Бабарыкаў, бо ў некаторыя раённыя выбарчыя камісіі падаць бланкі маглі толькі сам прэтэндэнт і кіраўнік ініцыятыўнай групы.
А на гэтай інтэрактыўнай карце можна паглядзець, колькі было сабрана подпісаў у кожным кутку нашай краіны.
Карта “Колькасць пададзеных подпісаў” дадаткова адноўлена 6 ліпеня.
Мы вядзём нашую кампанію максімальна адкрыта, так, як яна і мае праходзіць у дэмакратычнай дзяржаве. Мы выступаем за сумленнасць, адкрытасць і публічнасць любой інфармацыі. Мы спадзяёмся, нас возьмуць за ўзор і ўсе органы ўлады, якія адказваюць за працэс выбараў. Разам пераможам!