Іван Краўцоў запісаў відэазварот і расказаў пра тое, як тры звычайныя беларусы без адмысловай падрыхтоўкі зламалі план спецслужбаў, а мільёны беларусаў кожны дзень ламаюць планы ўсіх органаў улады. Іван таксама нагадаў: наш агульны план – перамога!

Сябры, мяне клічуць Іван Краўцоў, я прадстаўнік штаба Віктара Бабарыкі. У штабе я знаходжуся з мая. На мінулым тыдні мяне пазналі, як чалавека, які ўмее своечасова націснуць педаль газу на мяжы, каб не застацца ў мінскім СІЗА па надуманым абвінавачанні.

Раней мы ўсе жылі з адчуваннем таго, што беларускія спецслужбы – гэта пільнае вока, якое сочыць за ўсімі. Што гэта камбінацыя розуму і ўсёмагутнасці. Нас у гэтым пераконвалі для таго, каб мы баяліся і не высоўваліся. Але давайце паглядзім праўдзе ў твар хаця б на прыкладзе маім, Антона Родненкова і Марыі Калеснікавай.

Аперацыю па выправаджэнні нас з краіны рыхтавала некалькі дзясяткаў чалавек. Яны сачылі за Марыяй, сачылі за намі, куплялі нам квіткі на самалёт і тэсты на ковід, дведваліся, чым снедае Марыя Калеснікава. Далей яны выдаткавалі шмат гадзін на гутаркі, дамаўленні, пагрозы, шантаж. Далей 35 чалавек вывозілі нас пад канвоем на мяжу, падганялі туды маю машыну і запраўлялі яе, перасаджвалі нас, гвалтам прывялі Машу. Далей, вы ведаеце – Маша рве пашпарт і ламае іх план, мы з Антонам паспяваем зьехаць, калі нас спрабуюць затрымаць паўторна, і што ламаецца іх план.

Тры звычайныя беларусы – флейтыстка, архітэктар і менеджар – без адмысловых навыкаў і падрыхтоўкі, без навучання ў акадэміі МУС і школе КДБ, без лялькаводаў і разнарадак зверху ламаюць план спецслужбаў.

Дакладна таксама цяпер мільёны беларусаў ломяць планы ўсіх органаў улады.

Быў план запалохаць усіх да смерці ў першыя дні пасля выбараў, запалохаць так, каб людзі больш не выйшлі. План праваліўся – людзі выйшлі. Быў план прыбраць з краіны Святлану Ціханоўскую, каб людзі страцілі надзею і перасталі змагацца. План праваліўся – людзі сталі паказваць сваю нязгоду з падвоенай сілай. Быў план перасаджаць усіх, каго толькі можна, – на суткі, па адміністрацыйцы, па крымінальнай справе, за падаткі, за мітынгі, на Акрэсціна, Валадарскага, у Жодзіна, каб людзі баяліся пратэставаць. План праваліўся – людзі сталі пратэставаць з патроенай сілай. Быў план задурыць беларусам галаву фэйкамі, недарэчнымі аспрэчаннямі, спехам скляпанымі малюнкамі, адмаўленнем сведчанняў катаванняў. План праваліўся – уладам і іх супольнікам больш ніхто не верыць.

Усе пыталі, які план у штаба Бабарыкі? Такі ж, як і ва ўсіх беларусаў. Наш план – перамога. І мы разам, сцяўшы зубы, пераадолеўшы страх, будзем ажыццяўляць яго і далей.

Хаатычныя, нелагічныя і неразумныя рухі ўлад толькі даводзяць усю роспач яе становішча, усю няздольнасць супрацьставіць неверагодным беларусам нічога, апроч шалёнай сілы і хлусні па тэлевізары.

Сябры, мы – неверагодныя! Мы не павінны спыняцца і не павінны саслабляць ціск нашага мірнага пратэсту.

Маша Калеснікава пераадолела страх застацца са спецслужбамі і падрала пашпарт. Айцішнік з аўтазака пераадолеў страх перажыванняў і расказаў, як яго згвалтаваў дубінкай АМАП. Беларусы пераадолелі страх апынуцца на Акрэсціна і выйшлі на чарговы марш. Кожны дзень мы ўсе змагаемся са сваім страхам дзеля адной агульнай вялікай мэты. Гэта вялікае шчасце быць усім разам, гэта вялікае шчасце быць заадно. План уладаў яшчэ ніколі не быў так блізкі да правалу.

На маё месца прыйдзе іншы чалавек, а потам іншай, а потым іншыя. У нас не павінны апускацца рукі з кожнай новай пасадкай, наадварот — павінна прачынацца воля да перамогі. Немагчыма зачыніць у турме жаданне народа, нас большасць, мы моцныя і неверагодныя, мы змагаемся і пераможам.

Разам – пераможам!

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu