Беларусы, мы любім вас. Любім вас усіх без выключэння. Мы не дзелім беларусаў на народ і чыноўнікаў, на людзей у цывільным і ў чорнай форме, на выбаршчыкаў і членаў выбарчых камісій. Мы ўсе беларусы, мы ўсе сям’я. Калі нехта з нас спатыкнуўся – мы працягнем руку. Калі нехта здзейсніў несумленны ўчынак – мы дапаможам гэта выправіць. Калі хтосьці зрабіў сумленна – мы будзем вамі ганарыцца. Мы ніколі не будзем пагражаць, запалохваць, шантажаваць. А галоўнае – мы ніколі не будзем прыўлашчваць сабе краіну. Таму што Беларусь не належыць палітыкам, прэзідэнтам, партыям або групам. Беларусь належыць толькі сабе і свайму народу.
Калі нехта кажа, што не аддасць краіну іншай уладзе, мы не разумеем гэтых словаў. Каму не аддасць? Як не аддасць? Хіба яе нехта прыўлашчыў, каб аддаваць? Хіба нехта прыватызаваў нас, каб аддаваць? Хіба мы нечая ўласнасць? Дзейная ўлада супраць прыватызацыі прадпрыемстваў, але прыватызавала ўсю краіну. Беларусь не ўласнасць, а краіна не павінна належаць аднаму чалавеку.
Апошнім часам вядзецца шмат размоваў пра моцнага лідара. Хто такі моцны лідар? Усё проста.
Гэта чалавек, якому не трэба трымаць у страху мільёны чалавек, каб заставацца прэзідэнтам.

Гэта чалавек, якому не трэба арганізоўваць схемы, дзе завышаецца яўка, замяняюцца бюлетэні, прыпісваюцца галасы, каб заставацца прэзідэнтам.

Гэта чалавек, якому не трэба выкарыстоўваць фізічную сілу і маральны ціск, каб заставацца прэзідэнтам.

Гэта чалавек, якому не трэба кідаць у турмы кандыдатаў, іх дзяцей і паплечнікаў, каб заставацца прэзідэнтам.

Гэта чалавек, якому не патрэбныя ілжывыя сведчанні і несумленныя абвінаваўчыя прысуды, каб заставацца прэзідэнтам.

Гэта чалавек, які не будзе знішчаць усё на сваім шляху, каб заставацца прэзідэнтам.

Гэты спіс можна працягваць доўга, але мы не будзем адбіраць у вас паўтары гадзіны жыцця.
Беларусы – гэта гучыць з гонарам. Тое, што вы зрабілі з краінай – гэта грандыёзна. Такога яшчэ не было. Беларусь прачнулася, і ўжо не засне. Засталося толькі мякка абудзіць тых, хто знаходзіцца ў дрымоце. Нашая грамадзянская пазіцыя – уражвае і захапляе ўвесь свет. На нас цяпер павернутыя ўсе камеры, мікрафоны, позіркі. І гэта захопленыя погляды. Гэтыя падзеі ўвойдуць у сусветную гісторыю, застануцца ў падручніках, сэрцах, помніках, фільмах. Пра гэтае лета вы раскажаце вашым дзецям і ўнукам.
Беларусы – у вас прыгожыя твары. Шчырыя, светлыя, смелыя. Дзейная ўлада кажа, што яна нашае адлюстраванне, твар народа. Але твар беларусаў не скажоны злосцю, калі гаворка ідзе пра народ. На твары беларусаў няма нянавісці, калі гаворка ідзе пра апанентаў. На твары беларусаў няма лютасці, калі гаворка ідзе пра магчымую страту крэсла. На нашых тварах адкрытыя ўсмешкі, а ў вачах любоў і адвага.
Беларусь – краіна моцных людзей. Улада кажа, што моцныя дзяржавы цяпер у модзе. Толькі моцная дзяржава будуецца не гвалтам. Яна атрымліваецца, калі ўлада шануе народ і ягоную волю, выконвае законы, не хлусіць і не хаміць, не абражае грамадзян, клапоціцца аб іх здароўі, дабрабыце і бяспецы, не аддае злачынныя загады і не прымушае іншых іх выконваць. Цяпер спытайце сябе, у нас моцная дзяржава або дзяржава гвалту?
Беларусы – разумныя і таленавітыя людзі. Мы самі ўсе гэтыя гады не дзякуючы, а насуперак стваралі геніяльныя рэчы, будавалі бізнес, рабілі адкрыцці, адраджалі культуру, прыдумлялі праекты, выраблялі сусветна вядомую прадукцыю, узводзілі дамы, упрыгожвалі свет вакол сябе, гадавалі дзяцей, вучылі іх слушным рэчам. Толькі ўявіце, колькі ўсяго мы яшчэ маглі б зрабіць, да якіх вышыняў мы маглі б дабрацца, калі б нам не чынілі перашкодаў, не загадвалі, не абмяжоўвалі нас. Дзейная ўлада расказвае нам, якія мы і расказвае нам, што нам рабіць. Але мы не хочам, каб нам расказвалі пра нас саміх. Мы ведаем, хто мы і ведаем сабе цану. Мы не хочам, каб нам загадвалі. Прэзідэнт павінен слухаць народ, а не казаць, што яму рабіць.
Беларусы маюць шырокі кругагляд і лагічнае мысленне. Мы лёгка выяўляем прычыны і наступствы, нас цяжка падмануць. Мы маем вочы і вушы, мы цікаўныя і нас не ашукаеш. Нам не трэба расказваць, што ўвесь свет заграз у хаосе, Еўропа ў агні, а мы мусім быць шчаслівыя, што няма вайны. Так, з прычыны пандэміі беларусы даўно не выязджалі за мяжу, але не настолькі, каб у гэта паверыць.
Беларусы – людзі гонару. Вайскоўцы, праваахоўныя органы, людзі ў форме – гэта ўзор адвагі і абаронцы краіны. Абаронцы народа і ягонай волі, а не ўлады канкрэтнага чалавека. Менавіта яны – гэта гарантыя нашай незалежнасці і стабільнасці радзімы. Сілавым структурам не патрэбныя падачкі і абяцанні кватэр. Усё гэта павінна мецца ў іх па змаўчанні. У войска павінны імкнуцца, службай у арміі павінны ганарыцца. Гэтыя людзі заўжды будуць нашай каштоўнасцю, яны неабходныя нам, яны застануцца з намі, як бы ні змянялася ўлада. Мы будзем ганарыцца імі, іх подзвігам.
Днямі ў адным з гарадоў да мяне падышлі два міліцыянты. Яны ўсміхаліся і дзякавалі. Адзін з хлопцаў сказаў, што жонка не паверыць яму, калі ён скажа, што сустрэў Калеснікаву. Я прапанавала сфатаграфавацца. З жалем ён адмовіўся, сказаў – пакуль нельга. Я спадзяюся, хутка мы будзем жыць у краіне, дзе фотаздымак не будзе злачынствам. Мы не баімся сілавых структураў, мы ганарымся імі і верым у іх. Не толькі міліцыя з народам – народ з міліцыяй.
Беларусы – дыпламатычныя і мірныя. Мы супраць гвалту на вуліцах і плошчах. Мы супраць сутыкненняў. Мы за сумленныя, празрыстыя выбары. Нам важна захаваць жыццё і свабоду сваіх грамадзян. Нашыя намеры чыстыя і шчырыя, мы дзейнічаем законнымі метадамі і верым у дабро і справядлівасць.
Беларусы, што сніцца вам ноччу ў вашым ложку, на палянцы апоўдні ўлетку, у крэсле Палаца Рэспублікі падчас паслання народу? Вам сніцца шчаслівае, багатае жыццё ў бяспечнай і свабоднай краіне. Жыццё, якое вы заслугоўваеце.
Мы верым у тое, што ў падручніках гісторыі, у артыкулах у інтэрнэце, у памяці людзей назаўжды застанецца подзвіг беларускага народа, які адмовіўся выконваць злачынныя загады. Мы верым у вас. Гэтаму подзвігу народа таксама жыць у стагоддзях.
Беларусы, вы неверагодныя! Як раней ужо ніколі не будзе. Мы разам, а разам – пераможам. Улада кажа, што Беларусь любая, а любую не аддаюць. Мы кажам ёй: сілаю не будзеш мілы, а калі любіш – адпусці.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu