Марыя Калеснікава падчас стрыму ад імя штаба Віктара Бабарыкі звярнулася з падзякай да тысяч беларусаў, якія прыходзілі на мітынгі на мінулым тыдні, расказала пра спосабы абароны нашых галасоў 9 жніўня і аб падачы Хадайніцтва аб змене меры стрымання Віктару Бабарыку. І, вядома, заклікала нас не баяцца: мы ведаем, што нас большасць, і разам мы пераможам.
Прыводзім поўны тэкст звароту.

Сябры, вітаю!

Ведаеце, мне цяпер складана казаць проста “вітаю”. Хочацца крычаць: “Вітаааааю! Вітаааааю, Бабруууйск! Прывітанне, Гооомель! Вітаю вас, Мінск!”.

Гэта ўсё таму, што мінулы тыдзень — найлепшы тыдзень у маім жыцці. Разам са Святланай Ціханоўскай і Веранікай Цапкалай я выступала ў Дзяржынску, Мінску, Барысаве, Оршы, Глыбокім, Наваполацку, Гомелі, Рэчыцы, Віцебску і Магілёве. Я бачыла дзясяткі тысяч людзей, агонь у вашых вачах, вашую надзею і ўхваленне, вашую падтрымку. Вас было неймаверна шмат, і вы ўсё неверагодныя. Дзякуй вам за тое, што выходзіце і выказваеце сваю нязгоду, за тое, што паказваеце кожны дзень, што вы хочаце і можаце змяніць краіну. Дзякуй кожнаму гораду, дзе мы былі, і жыхарам іншых месцаў, што прыехалі з намі сустрэцца. Я і раней выступала на сцэне, але гэта не параўнаецца з тымі адчуваннямі і тым шчасцем бачыць вас і разумець, што мы разам змяняем краіну.

На гэтым тыдні ў нас не менш насычаны расклад. У нас будзе вялікі святочны канцэрт у Мінску і тур па іншых гарадах. З раскладам можна будзе азнаёміцца ​​пазней. Будзем радыя ўсіх бачыць, прыходзьце! Пакажыце, што вам не ўсё адно, што вы хочаце пераменаў, што мы гатовыя зрабіць нашу краіну лепшай.

Мы маем некалькі навінаў. Вы ўсе ведаеце, што Віктар і Эдуард Бабарыкі па-ранейшаму за кратамі. І я хацела б звярнуцца да вас: мы хочам папрасіць усіх неабыякавых, усіх, хто верыць у Віктара і Эдуарда, выступіць іх даручальнікамі для змены меры стрымання. Для гэтага трэба запоўніць заяву і аднесці яе ў Камітэт Дзяржаўнай Бяспекі. Спасылка на заяву з’явіцца на нашым сайце ў бліжэйшы час. Я панясу сваё даручальніцтва заўтра, у аўторак, а 16-00 у КДБ па адрасе праспект Незалежнасці, 17. Калі раптам нас будзе шмат, займіце, калі ласка, чаргу, буду ўдзячная.

Мы не перастаём здзіўляцца таму, як на кожным кроку ўлада чыніць перашкоды сумленным выбарам. Участковыя камісіі, подпісы выбаршчыкаў, назіральнікі. Засталося забараніць прыходзіць галасаваць. Мы мяркуем, што гэта праблема кожнага выбаршчыка і кожнага выканаўчага органа. Але найперш – дэпутатаў парламента, якія павінны абараняць інтарэсы выбаршчыкаў сваёй акругі. Вельмі дарэчы, што 3 жніўня дэпутаты будуць у Парламенце. Мы прапануем вам звярнуцца да іх з просьбай разабрацца з тым, што адбываецца ў сваёй акрузе: чаму зніклі подпісы. Як так супала, што розныя партыі вылучалі членаў аднаго працоўнага калектыву, і ў Выканкаме аднагалосна галасавалі толькі за іх. Як так здарылася, што судовай абароны правоў выбаршчыкаў няма, а назіральнікаў плануюць не пусціць на ўчасткі.

Мы не павінны маўчаць. Кожны дзень мы павінны паказваць уладзе сваю нязгоду, пакуль яна з глузду не з’едзе ад нашай незадаволенасці. Мы павінны прымушаць уладу працаваць на людзей, а не строіць дурня сабе на карысць.

Ведаеце, на якія словы лепш за ўсё рэагавалі людзі на нашых пікетах? Дзяўбсці, дзяўбсці, дзяўбсці гэтую ўладу! Хай ведае, што мы не пацерпім беззаконня і знявагі. Што мы будзем дзяўбсці!

Калі 100 адсоткаў насельніцтва краіны ўбачаць, што ўлада не выконвае свае ж законы, перамены будуць непазбежныя. Кожны з нас павінен прачуць сапраўдны хаос і безгаспадарчасць, што адбываюцца ў краіне.

Паглядзіце на гэтую белую стужку. Многія з вас ужо ведаюць, што гэта такое. Тысячы людзей у розных гарадах уздымалі руку з белай стужкай. Белая стужка – гэта спосаб убачыць сваіх. Гэта сімвал людзей, якія хочуць пераменаў і свабоды. Гэта спосаб палічыць і зразумець, колькі нас. Насіце яе ўжо цяпер і абавязкова ў дзень выбараў. Зрабіце яе з любых падручных матэрыялаў. Імправізуйце! Насіце з сабой некалькі стужак, каб раздаць іх сябрам, суседзям, мінакам.

Яшчэ адзін вельмі важны інструмент – гэта анлайн-платформа для лічбавага галасавання з дапамогай смартфона або наўтбука. Яна называецца «Голас».

Ужо сёння вы можаце аддаць свой голас за любога кандыдата. Заходзьце на сайт у апісанні да гэтага відэа і пераходзіце ў зручны для вас сэрвіс паведамленняў – Telegram ці Viber. І галасуйце за свайго кандыдата.

У дзень выбараў прыходзьце на свой участак, запоўніце бюлетэнь, выдадзены камісіяй, сфатаграфуйце бюлетэнь у кабінцы на ўчастку. Дашліце фота бюлетэня ў чат-бот «Голасу» ў Telegram ці Viber, каб пацвердзіць свой голас. Калі будзе кепскі інтэрнэт, фота можна даслаць і ў сябе дома.

Гэта бяспечна, серверы знаходзяцца па-за зонай дасяжнасці уладаў. Платформа не запытваецца пра вашыя пашпартныя дадзеныя, толькі нумар тэлефона і фота бюлетэня, каб кожны голас быў верыфікаваны. Дадзеныя будуць зашыфраваныя. Таямніца галасавання не парушаецца.

Калі мы былі на мітынгах, хлопцы-міліцыянты ўсміхаліся нам і паказвалі сэрцайкі. Гэта выдатна, але гэта не дзіўна. Міліцыя – гэта гэткія ж неверагодныя беларусы. У міліцыі таксама ёсць сэрца! У іх ёсць жаданне пераменаў і любоў да сваёй краіны і сваіх беларусаў.

Я ўдзячная тым чыноўнікам, суддзям, супрацоўнікам праваахоўных органаў, ваенным. Усім, хто піша нам словы падтрымкі і прыходзіць на мерапрыемствы. Дзякуй, што вы з намі!

Мы ведаем, што вам гэтая ўлада таксама не падабаецца. Мы ведаем, што вы можаце зрабіць шмат добрага для народа. Мы ведаем, што вы ўжо пачалі гэта рабіць.

Мой бацька марак, ён служыў на падводнай лодцы і жыў у згодзе з сумленнем. Ён навучыў мяне жыць у згодзе з сумленнем. Не быць рабом. Мы хочам вызваліць вас з гэтага рабства, дзе вы патрэбныя ўладзе толькі для таго, каб душыць свой народ, каб яна ўтрымалася ў крэсле. Пакуль мы ўсе кажам пра мір і мірны пратэст, улада заклікае вас да гвалту. Пакуль вы павінны заставацца па-за палітычнымі звадкамі, улада ўцягвае вас у іх. Толькі ўдумайцеся – Улада. Прымусіць. Вас. Ісці. Супраць. Свайго. Народа. Не супраць ваеннага ўмяшання збоку, а супраць людзей, якія хочуць іншага прэзідэнта. Прэзідэнт – ён не помнік, ён павінен змяняцца. Асабліва, калі гэтага хоча народ. Прымушаць народ трываць сябе сілай – гэта злачынства. Сілаю не будзеш мілы. І сілаю не будзеш прэзідэнтам.

Калі мы акажамся ў новай, свабоднай краіне, любому яе кіраўніку спатрэбіцеся вы: моцная армія, надзейная міліцыя, кваліфікаваны дзяржапарат. Задача якіх будзе захаваць радзіму, а не крэсла пад канкрэтным чалавекам.

Выбар просты: баяцца, нічога не рабіць, выконваць бесчалавечныя загады. Працягнуць жыць у краіне з галечай, бязладдзем, разрухай і хамствам уладаў. Або разам дамагчыся новай, свабоднай, эканамічна развітай краіны з нацыянальным адраджэннем, росквітам і павагай.
Наш выбар відавочны. А ваш?

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu