Дарагія сябры!
У гэтыя казачныя, чароўныя і добрыя дні, Новы год і Каляды, я хачу звярнуцца да вас усіх са словамі велізарнай падзякі за тое, што вы:
— асвятлілі гэты год дабрынёй і шчырасцю сваёй душы, незалежна ад веку і свайго становішча, ад студэнтаў да неверагодна маладых і заўзятых пенсіянераў;
— паказалі сваю любоў да ўсіх людзей, да сваёй краіны, не пабаяўшыся пагроз, гвалту і нянавісці, якімі вас за гэта «узнагародзіла» сістэма ўлады;
— ахвяравалі сваім дабрабытам, некаторыя — асабістай свабодай і нават крывёй і жыццём дзеля самага каштоўнага, што ёсць у чалавеку: пачуцця ўласнай годнасці, павагі і свабоды;
— пераадолелі хлусню, нянавісць і страх, якімі на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў атручвалі вашы душы і розум, і сталі ў ланцужкі салідарнасці, праўды і дабра;
— пайшлі з кветкамі ў руках і ўсмешкамі дабра на твары да закутых у браню і схаваўшыхся пад маскамі ад страху і сораму ўзброеных «ахоўнікаў парадку»;
— не спыніліся ў сваім жаданні казаць праўду і рабіць па сумленні;
— паказалі сваё жаданне жыць у краіне, адкрытай для ўсіх, а не аточанай «ворагамі» і адхіліўшайся ад усяго іншага свету.
Вы — сапраўдная каштоўнасць і праўдзівы твар Беларусі і беларусаў. Заставайцеся людзьмі, якія шукаюць святло дабра і кахання, гатовымі змагацца за сваё шчасце, за будучыню сваіх дзяцей і ўнукаў, за гонар і годнасць чалавека, за права «людзьмi звацца»
Я хачу пажадаць вам у наступным годзе выканання самых неверагодных персанальных жаданняў і нашага агульнага чакання — жыць у краіне, дзе:
— ганарацца людзьмі багатымі і вольнымі, а не тымі, хто задаволены, што «бедны, але не жабрак»;
— шануюць розум і самарэалізацыю чалавека, а не пакору і стараннасць глупай волі;
— узнагароджваюцца тыя, хто змагаецца за свабоду, здароўе і шчасце людзей, а не тыя, хто гэта ўсё знішчае і душыць.
А зараз я хацеў бы прывесцi словы нашага знакамiтага пiсьменнiка Уладзiмiра Караткевiча з кнiгi «Хрыстос прызямлiўся у Гароднi». Яны трошкi зменены, але я спадзяюся, што Караткевiч гэту вольнасць дараваў бы 🙂
«Вы ўсе маеце штосьцi адзiнае: нездатнасць да гвалту. А гэта заўсёды выклiкае некаторую безабароннасць перад гвалтам чужых. Як жа гэтым будуць яшчэ карыстацца ўсе, хто не лянуецца! Тыя, хто лiчыць нас прыгоннымi i нiколi нiкому не аддасць, але ж, не спытаўшы нашага жадання, iм належаць! Тыя, хто хавае свае твары под маскамi, тыя, хто робіць хлусню, нянавiсць i жах нормай жыцця, а таксама iншая навалач! Нiчога, галоўнае вытрымаць. Калi такiя, як вы, не спыняцца, прыйдзе час, калi больш за ўсё на свеце будзеце патрэбны менавiта вы. Чужога гвалту не будзе. I будуць страшэнна патрэбныя тыя, хто шмат выцярпеў, але нiколi без крайнiх абставiн, без смяротнай небяспекi не запэцкаў бессаромным гвалтам сваiх рук».
І мне толькі хочацца пажадаць вам, вашым родным і блізкім у гэтыя чароўныя і неверагодныя дні заставацца наіўнымі, шчырымі і добрымі дзецьмі. Дзед Мароз існуе! Толькі, пасталеўшы, мы забываем, што прыходзіць ён толькі да тых, хто сам для некага можа быць дзівам.
У сыходзячым годзе вы паказалі ўсяму свету, што беларусы — сапраўдныя творцы дзіваў. Мы заслужылі шчасце і павагу!
Пакуль будуць жывы такiя людзi, як вы, будзе жыць наша краiна! Жыве Беларусь!
З Новым шчаслівым годам і светлымі Калядамі!