Марыя Калеснікава з СІЗА расказвае пра каманду Віктара Бабарыкі, па якой вельм сумуе. Мы таксама сумуем і дзякуем Машы за гэта чуллівае прывітанне ўсім нам.
«Чым даўжэй я знаходжуся ў турме, тым ясней і відавочней для мяне робяцца многія рэчы. Самае важнае адкрыццё за апошнія месяцы — гэта людзі.
Я цяпер хачу расказаць вам пра неверагодных людзей — пра маіх сяброў. У маі я, як і шмат хто, з задавальненнем і запалам увайшла ў каманду Віктара Бабарыкі. Некага з нашай каманды вы ўжо добра ведаеце, але са шмат кім па зразумелых прычынах вы пакуль не знаёмыя.
Каманда ці штаб Бабарыкі — гэта дзясяткі выдатных, адважных, прыстойных і самаадданых людзей. Нас яднае не толькі жаданне змен, але перадусім каштоўнасці. Пачуццё ўласнай годнасці, павага і любоў — гэта тое, што нас, незнаёмых людзей калісьці, з’яднала.
Усё разам, натхнёныя асобай і прынцыпамі Віктара Бабарыкі, мы паверылі, што змены да лепшага магчымыя.
Разам з намі ў гэта паверылі і мільёны беларусаў.
Калі мы сабралі амаль паўмільёна подпісаў за Віктара Бабарыку, стала відавочна, што ўпершыню за 26 гадоў беларусам патрэбныя новыя лідары, сумленныя выбары, а галоўнае — у нас сфармавалася патрэба быць вольнымі.
З самых першых дзён Віктар Бабарыка і яго каманда кажуць пра патрэбу дыялогу паміж грамадствам і ўладай і пра тое, што свае праблемы беларусы павінны вырашаць самі, самастойна, а незалежнасць і суверэнітэт — не прадмет для гандлю.
«Нас пачулі» — змясцілі ў СІЗА КДБ Бабарыку і частку штаба, яго сына Эдуарда, сяброў сям’і, калегаў, банк практычна знішчылі і амаль увесь штаб Бабарыкі ў турмах або часова знаходзіцца за межамі Беларусі.
І я, ведаючы, што мне пагражае турма адмовілася з’язджаць, падрала свой пашпарт, каб выключыць любую магчымасць вывезці мяне сілком. І цяпер паступіла б таксама.
Мае сябры з каманды Бабарыкі, якія знаходзяцца за кратамі, таксама не пакінулі Бабарыку, ведаючы, што іх могуць затрымаць у кожны момант.
Не буду хлусіць, часта нам было страшна. Бо мы выдатна ведалі, на які небяспечны шлях мы ступілі, але любоў да сваёй краіны, вера ў неверагодных беларусаў, чыю падтрымку мы адчуваем, надаюць нам каласальную сілу, упэўненасць у перамозе. А мы, каманда Віктара Бабарыкі, усе таксама застаёмся адданыя сваім прынцыпам, трымаем сваё слова, выконваем дамоўленасці, не парушаем закона.
Я захапляюся і люблю вас усіх, мае дарагія! Я шчаслівая, што ў мяне ёсць такія сябры! Шчаслівая працаваць з кожным з вас!
Велізарнае дзякуй Вам, Віктар Бабарыка, і табе, дарагі Эдуард, за тое, што мы ўсе разам сабраліся. Я вельмі сумую па ўсіх вас, неверагодныя. Упэўнена, што хутка мы будзем усе разам, будзем абдымацца, смяяцца і радавацца так, як мы ўмеем ад шчырае душы!
Люблю вас. Ваша Маша»