Марыя Бабарыка

Сёння да нашага штодзённага стрыму яшчэ ўдзень планавала падключыцца Марыя Бабарыка, дачка Віктара Бабарыкі, якая знаходзіцца ў Аўстраліі. Аднак з тэхнічных прычынаў выйсці ў анлайн ў яе не атрымалася, таму Марыя запісала відэазварот.

«Велічэзны дзякуй!»

У пачатку звароту Марыя падзялілася, што яе перапаўняе пачуццё ўдзячнасці людзям, якія не засталіся ўбаку:

– Я была вельмі ўражаная колькасцю людзей з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй. Пачынаючы ад адвакатаў, якія аддана абараняюць майго тату і брата, маіх блізкіх. Мне было вельмі прыемна пазнаёміцца з хлопцамі і дзяўчатамі са штаба. Вы ведаеце, вы ўсе такія розныя, такія класныя і энергічныя, светлыя. Вы, напраўду, – увасабленне Беларусі. Дзякуй усім, хто запісаўся ў ініцыятыўную групу. Вас так шмат! Я з такім гонарам сачыла за тым, з якой хуткасцю вы збіралі такую колькасць подпісаў. Усім вам вялікі паклон за гэта. Дзякуй маім блізкім, якія ў адсутнасць таты і брата даглядаюць нашых сабак, нашую котку Соньку.

Нас атачае такая вялізная колькасць добрых і цудоўных людзей. Дзякуй усім, хто знайшоў час напісаць мне словы падтрымкі.

Да глыбіні душы кранае тое, што вы гатовыя падтрымліваць майго тату да канца. Тое, што вы гатовыя яго абараняць. Я веру, праўда, у тое, што вы не дасцё пакрыўдзіць ані майго тату, ані майго брата, ані тых, хто несправядліва пацярпеў ад падзеяў, якія адбыліся.

Аб угалоўнай справе

Дачка Віктара Бабарыкі таксама пракаментаваў тое, як вядзецца угалоўная справа ў дачыненні да яе бацькі:

– Ведаеце, для мяне вельмі крыўдна тое, што хтосьці можа лічыць сваіх людзей настолькі дурнымі, каб думаць аб тым, што яны не змогуць выявіць прычынна-выніковых сувязяў. Мне незразумела, чаму ўвесь працэс праходзіць пад нейкім покрывам таямніцы. Адвакатам забараняюць агучваць дэталі справы, у гэты ж час у прэсе гучаць беспадстаўныя абвінавачванні, і яны ідуць усё актыўней. Пачыналася гэта нявыплатай падаткаў, потым перарасло ў крымінальную арганізацыю. Я з цікаўнасцю буду глядзець, што будзе далей. Гэта сусветная змова супраць Беларусі? Інтэргалактычныя змовы? 

Марыя таксама выразіла словы падтрымкі ўсім людзям, якія знаходзяцца ў падобнай сітуацыі і не могуць звязацца са сваімі роднымі і блізкімі.

Аб рашэнні бацькі

– У нас у сям’і ўсе рашэнні прымаюцца супольна, тым больш рашэнні такога маштабу. Упершыню я зразумела, наколькі сур’ёзна тата аб гэтым задумваецца, у канцы мінулага года, калі ён пацікавіўся маім меркаваннем пра гэта. Я яму тады сказала, што для мяне самае галоўнае  – гэта ягоная бяспека. Ён мне тады адказаў: «Разумееш, Маша, я ж ведаю, што трэба рабіць. І вось што я буду казаць сваім унукам? Што я ведаў, што рабіць, і я збаяўся?»

Мяне вельмі цешыць, што вы ў асабістых паведамленнях дзякавалі майму тату і брату за неймаверную смеласць: яны ішлі на гэта, выдатна ведаючы, што яны губляюць і на якую рызыку ідуць. І яны ўсё адно на гэта ішлі. 

Аб новай Беларусі

– Я ўпэўненая, вы прыкладзеце ўсе намаганні, якія можаце, для таго, каб пабудаваць новую Беларусь, якая будзе квітнець. Я са свайго боку пастараюся зрабіць усё магчымае, каб у гэтым дапамагчы. Дзякуй велізарны ўсім, хто не застаецца ўбаку і падтрымлівае нашую сям’ю ў гэты час.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu