Учора нас было так шмат, нас было больш за большасць. Як можа апісаць тое, што было ўчора? Хіба можна ўкласці гэта ў галаве? Рака з прыгожых мірных людзей… Такая неабдымная, але такая бяспечная. Ты плывеш у гэтай цёплай рацэ шчасця і ведаеш, што з табой не здарыцца анічога благога. І ўжо не сумняешся, што гэтая свабода, гэтае каханне застануцца назаўжды. Беларусь прыўкрасная, а беларусы неверагодныя.

На жаль, учора з намі былі не ўсе. Яшчэ засталіся тыя невялікія адсоткі людзей, якім страшна прызнацца сабе ў тым, што яны не на тым баку. Калі пару месяцаў таму мы звярталіся да чыноўнікаў і людзей, якія працуюць на дзяржаву, мы прасілі іх не баяцца, мы прасілі іх не хлусіць, не фальсіфікаваць, не біць, не судзіць невінаватых. Многія з іх перасталі рабіць гэта. Многія перайшлі на бок святла. Мы чакаем і астатніх.

Час вызначыцца, з кім вы і за каго вы. Вы за катаванні і гвалт? Вы за забойства? Вы за хлусню? Вы за бязладдзе і хаос?

Або вы за мір, павагу, дабрабыт, за перамены, стабільнасць, за чыстае сумленне і чыстыя рукі?

Вы маўчалі, пакуль людзей прымушалі мірыцца з нежаданай уладай пры дапамозе сілы, вы маўчалі, калі людзей падманвалі, вы маўчалі, калі ў людзей выкрадалі іх галасы і выбар. Але як можна маўчаць цяпер, пасля тысячаў сведчанняў крыважэрнага гвалту, які немагчыма ўсвядоміць? Як можна маўчаць пасля смерцяў і тысяч знявечаных людзей, іх спалоханых вачэй, іх дрыжачых рук? Як можна быць «апалітычным» або «нейтральным» пасля бязлітаснага генацыду беларускага народа? Як можна працаваць з рэжымам пасля гэтай калектыўнай псіхалагічнай траўмы, якая застанецца цяпер з беларусамі назаўжды?

Калі-небудзь на месцы Акрэсціна будзе помнік. Усім, каго мучылі, катавалі, прыніжалі, забівалі ў гэтых сценах тыя, хто павінен быў іх абараняць. З кім вы, шаноўныя дзяржаўныя працаўнікі?

Мы просім усіх, хто хоча перайсці на бок святла – абазначыць гэта. Пішыце аб гэтым у сваіх сацсетках, запісвайце відэа, кажыце людзям праўду. Так вы дапаможаце іншым, так нас будзе больш. Страйкуйце, звальняйцеся, але не будзьце памагатымі зла і болю. Не выконвайце злачыннага загаду.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu