Сябры, наш традыцыйны пятнічны эфір сёння вяла Марыя Бабарыка, дачка Віктара Бабарыкі.
Прыводзім для вас тэкст яе звароту: меркаванне аб абвінавачаннях, падзяку ўсім, хто падтрымлівае палітычных зняволеных і сямейныя гісторыі.
Вітаю,
Я – Маша Бабарыка, дачка Віктара Бабарыкі і сястра Эдуарда Бабарыкі.
Гэта, як некаторыя з Вас ведаюць, мой другі зварот. Дзякуй вялікі тым, хто падтрымаў мяне пасля майго так званага дэбюту. Я была так прыемна здзіўленая колькасцю добрых і спачувальных каментараў, якія Вы мне адправілі і пакінулі пад відэа YouTube. Яны мне надаюць велізарных сілаў, а гэта так важна ў цяперашні час.
У першую чаргу, мне б хацелася яшчэ раз выказаць словы падтрымкі тым сем’ям і іх блізкім, для якіх цяпер вельмі няпросты час. Гэта сем’і маіх хросных мамы і таты, сям’і татавых сяброў дзяцінства і блізкага памочніка, сям’і кіраўніцтва і супрацоўнікаў банка, сем’і Ціханоўскіх, Севярынца і Статкевіча, сям’і незалежных блогераў і журналістаў, сем’і сяброў ініцыятыўных груп і палітычных актывістаў – усіх людзей, свабода якіх працягвае абмяжоўвацца з парушэннем базавых правоў чалавека.
Я вельмі ўдзячная таму, як шмат асвятляецца цяпер у прэсе і медыйнай прасторы гісторыя майго таты і майго брата. Але мае думкі пастаянна з людзьмі і блізкімі тых, чые імёны, можа, не заўсёды бачныя на першых палосах. Гэта людзі, з многімі з якіх, на жаль, мне не даводзілася быць знаёмай асабіста, але з кім з нядаўняга моманту, я адчуваю, звязанае маё жыццё. Гэта людзі, якіх затрымалі, часам неверагодна жорсткімі спосабамі, за ўдзел у мірных акцыях салідарнасці, а часам нават проста выпадковыя мінакі. Гэта журналісты і прадстаўнікі медыйнай прасторы, адвага якіх не перастае мяне здзіўляць, якія робяць усё магчымае, каб незалежна асвятляць падзеі і прадстаўляць аналіз сітуацыі, людзі, звольненыя са сваіх працоўных месцаў проста за выражэнне палітычнай пазіцыі, людзі з актыўнай грамадзянскай пазіцыяй, якія збіраюць і змагаюцца за свае подпісы і людзі, якія выказваюць сваё меркаванне ў сацсетках.
Перафразуючы цытату з фільма, які вельмі любіць тата, Вы – не тыя людзі, пасля якіх застаецца толькі працяжнік паміж двума датамі. Кожны з Вас, хто цяпер не застаецца ў баку, піша новую гісторыю Беларусі.
Я таксама думаю пра тое, што мала каму на нашай планеце даецца магчымасць паўплываць на змены на ўзроўні цэлай краіны. Перад кожным з нас – грамадзянаў Беларусі, у тым ліку сяброў цэнтральнай выбарчай камісіі і супрацоўнікаў праваахоўных органаў, стаіць выбар: дапамагчы ў ажыццяўленні фундаментальнага права грамадзян Беларусі свабодна і сумленна абіраць лідара сваёй краіны альбо парушыць гэтае права. Я ўпэўненая, што Вы зробіце правільны выбар, і вашыя дзеянні будуць мірнымі, законнымі і ўзважанымі.
Я глядзела ў сераду зварот Марыі Калеснікавай на гэтую тэму – я вельмі спадзяюся, што многія таксама яго бачылі, калі не – абавязкова паглядзіце. Я вось цяпер узгадваю, і проста мурашы па скуры ад захаплення. І на самай справе нізкі паклон Марыі і ўсім рабятам і валанцёрам штаба – людзям, якія робяць вельмі і вельмі многае, якія працуюць цяпер днямі і начамі і без выходных, тым, хто стаіць у чэргах СІЗА ў 4 раніцы, каб у таты і Эдзькі была магчымасць сустрэцца з адвакатам.
Мяне таксама вельмі натхняюць вашыя шматлікія гісторыі, якімі Вы дзеліцеся, абсалютна без нейкага выхвалення, а нават з нейкім здзіўленнем тым сілам і талентам, якія ў Вас закладзеныя. Многія з іх пачынаюцца з фразы: «Я ніколі б не падумаў …»
Я хачу зачытаць Вам урывак з аднаго такога паведамлення, якое я атрымала нядаўна:
"Яшчэ паўтара месяца таму я б не паверыў, што буду бегаць па крамах вакол станцый метро і прасіць пакідаць на ноч абсталяванне для пікетаў. І што я знайду такія крамы. Не паверылі б і людзі, якія ў мяне кожны дзень пытаюцца, што будзем рабіць, якія да гэтага куплялі намёты, сталы і ставілі іх. Таксама як гэтыя людзі не паверылі б, што будуць пісаць да мазалёў на пальцах у дождж і спёку".
І такіх гісторый тысячы.
Я таксама не паверыла б, што я буду запісваць паведамленне з надзеяй, што яго паглядзяць тысячы людзей. У сувязі з гэтым я хачу расказаць Вам гісторыю пра майго тату. З таго моманту, як я была падлеткам, ён мне паўтараў: «Маш, трэба табе больш рабіць што-небудзь у медыйнай прасторы». На што я заўсёды закатвала вочы і казала – ну якая медыйная прастора… Справа ў тым, што я трошачкі інтраверт – я люблю ўтульныя кампаніі, вечарыны з гарбатай і душэўныя гутаркі. Мне не заўсёды камфортна рабіць вялікія прэзентацыі і публічныя выступы. Але цяпер я разумею, што тата ўжо тады бачыў нешта, чаго я не бачыла ў самой сабе. І ведаеце, што неверагодна дзіўна – мне здаецца, што ён таксама ўбачыў у кожным з беларусаў тое, што Вы таксама не заўсёды бачылі самі ў сабе. Тую дабрыню і душэўнасць, тое жаданне дапамагчы і абараніць сваіх блізкіх, мужнасць і гатоўнасць змагацца за свае правы.
Я ўжо выказвала сваё меркаванне з нагоды абвінавачванняў тату, Эдзьку і іншым затрыманым у апошнія некалькі тыдняў, але хацелася б яшчэ падзяліцца сваімі думкамі з гэтай нагоды.
Я ўпэўненая, што Вы разумныя людзі, якія выдатна ўмеюць ўсталёўваць лагічныя сувязі. Я хачу падзяліцца шэрагам пытанняў, якія ўзнікаюць у маёй галаве:
- Чаму ўвесь працэс такі аднабаковы і праходзіць пад покрывам таямніцы?
- Чаму да таты і Эдзькі так доўга не дапускалі адвакатаў?
- Чаму адзін бок можа рабіць абвінавачванні ў прэсе, а вось адвакаты звязаныя падпіскай аб неразгалошванні і ў іх няма гэтай магчымасці?
- Чаму і на якіх падставах да такога вялізнай колькасці людзей прымененая мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту на такі доўгі тэрмін?
- Чаму гэтых людзей пазбаўляюць магчымасці рабіць заявы па-за сценамі праваахоўных органаў?
- Чаму пры абвінавачаннях ніколі не згадваюцца заявы вельмі паважаных міжнародных праваабарончых арганізацый, такіх як Amnesty International, якія кажуць пра тое, што час і характар арышту, а таксама сакрэтнасць ў дачыненні да дэталяў справы маіх таты і брата ўказваюць на палітычную матывацыю арышту?
- Чаму працягваюць затрымліваць ўсё большую колькасць людзей, напрыклад, паводле звестак на сайце ААН, з 18-ого чэрвеня гэта больш за 200 палітычных актывістаў, абаронцаў правоў чалавека, журналістаў, блогераў і іншых удзельнікаў мірных акцый салідарнасці?
Высновы ўсе могуць зрабіць самі, але маё меркаванне – тое, што цяпер адбываецца – гэта паказчык таго, наколькі слабая пазіцыя сістэмы і наколькі ім страшна. І з кожным новым затрыманнем, гэтая пазіцыя становіцца ўсё слабейшай і слабейшай / гэтая слабасць паказваецца ўсё больш і больш), таму што паказваецца поўнае бязладдзе і неадэкватнасць таго, што адбываецца.
Многіх з Вас турбуе стан і самаадчуванне таты і Эдзькі, дзякуй Вам за гэта. Як Марыя Калеснікава казала ў сваім стрыме, ад таты і Эдзькі нарэшце пачалі даходзіць лісты, і гэта вельмі цешыць. Вельмі прыемна бачыць татаў почырк, гэта часцінка дома, часцінка роднага. Хацелася б зачытаць нейкія вытрымкі адтуль:
Ліст ад таты ад 25 чэрвеня:
“Усіх супакойце. Нічога страшнага не адбылося і не адбыалася. Усе жывыя і, я спадзяюся, здаровыя :) Чытайце Сіманава: «Нішто ў жыцці не можа выбіць нас з сядла!»“
Гэта цытата з верша Канстанціна Сіманава, які называецца «Сын артылерыста». Не ведаю, чыталі Вы ці не, але я вельмі б раіла. Я да гэтага часу памятаю, як нам выкладчык рускай літаратуры аднойчы на ўроку гэты верш чытала. У мяне асабіста ў вачах стаялі слёзы.
А з ліста ад 5 ліпеня:
«Прывітанне ўсім! Выдатна, што пачалі атрымліваць мае лісты :). Цяпер прарвецца і стоміцеся чытаць :). Я думаю, што каштоўнасць ліставання не ў тым, што яно вядзецца на паперы, а ў тым, што перастала існаваць магчымасць імгненнага кантакту. Я вось вельмі сумую па SMS і сацыяльных камунікацыях. Але не так моцна, каб засмучацца :). Так што каштоўнасць камунікацыі заўсёды была высокай, проста раней яе рэалізацыя была без абмежаванняў. Перадавай ад мяне прывітанні ўсім, каго сустрэнеш у чэргах. Я выдатна разумею, што яны не ўсе хацелі тварыць гісторыю, але трапленне ў будучыя паручнікі – гэта дарагога варта. Як выявілася :). Нічога няма вечнага і нязменнага. Як сказана ў выдатнай кнізе: «Мы не выбіраем час, у які нам жыць, але мы выбіраем шлях, якім нам ісці ў гэты час». І Я ўпэўнены, мы можам ганарыцца тым шляхам, па якім нам выпала ісці. Яшчэ раз усім прывітанні і пажаданні ўсяго самага найлепшага! Усё будзе добра!".»
На жаль, да таты лістоў пакуль даходзіць вельмі мала (на момант 5 ліпеня гэта было каля пяці, як ён згадаў у сваім лісце), хоць я ведаю, лістоў былі адпраўленыя сотні, што многія, як і я, іх пішуць, і многія – па некалькі разоў на тыдзень, і ў нас ёсць гэтаму дакументальнае пацверджанне дзякуючы ўсім тым, хто зрабіў фотаздымак свайго ліста або паштоўкі і размясціў у сваіх сацыяльных сетках з #лiстыназдеi.
Але я вельмі спадзяюся, што гэтае непаразуменне хутка вырашыцца, бо гэта грубае парушэнне права на ліставанне, а пакуль працягвайце пісаць лісты і размяшчаць іх у сацсетках з #лiстыназдеi.
Многія пытаюцца, як дапамагчы, і я Вам так за гэта ўдзячная. Дапамагчы спосабаў шмат:
- Пішыце лісты – і не толькі да таты і Эдзькі, а таксама памятайце пра іншых затрыманых. Ва ўмовах інфармацыйнай ізаляцыі, гэтыя лісты – проста праменьчыкі надзеі.
- Падпісвайцеся на каналы штаба ў сацсетках і дапамагайце з распаўсюджваннем інфармацыі – усе спасылачкі на афіцыйныя каналы прыведзеныя пад відэа штаба на канале youtube
- Далучайцеся да грамадзянскіх ініцыятываў, напрыклад, «Сумленныя Людзі» – спасылачка прыведзеная на сайце штаба
- Запісвайцеся ў валанцёры штаба, прапануйце ідэі, задавайце пытанні – на сайце штаба ў раздзеле «Кантакты» маюцца ўсе неабходныя для гэтага формы
Памятайце пра эфект матылька – нават самая нязначная дапамога можа прывесці да вялікіх зменаў. Вашая гутарка з суседкай, напрыклад, можа дапамагчы ёй зразумець сітуацыю лепш. А раптам яна настаўнік, дапаможа зразумець сітуацыю калектыву, тыя зробяць правільны выбар. А ў каго-небудзь з іх сваяк ў праваахоўных органах, які таксама натхніцца. І па ланцужку.
Для мяне гэты досвед, як і для многіх вас, вельмі новы. І я буду вельмі радая прапановам і водгукам, каб палепшыць нашую камунікацыю. Калі Вы пакінеце каментары пад стрымам у youtube канале, я паспрабую іх улічыць, дзе гэта будзе магчыма.
А завяршыць я б хацела цытатай Джона Ленана (гурт The Beatles вельмі любіць мая сям’я). Джон Ленан казаў: «У канцы ўсё будзе добра. Калі ўсё кепска – гэта яшчэ не канец».
Добрых выходных – беражыце сябе і сваіх блізкіх.
Я Вас вельмі люблю.