25 чэрвеня прэс-служба Генпракуратуры паведаміла, што крымінальную справу супраць Марыі Калеснікавай і Максіма Знака накіравалі ў Вярхоўны суд для вызначэння падсуднасці. Марыі і Максіму падана абвінавачанне па трох артыкулах, ім пагражае да 12 гадоў турмы. Мы папрасілі адваката Марыі Калеснікавай Уладзіміра Пыльчанку расказаць, як успрыняла навіну Марыя і калі магчымы пачатак судовага працэсу.
— Мне невядома, ці ведае пра гэту навіну Марыя і, адпаведна, як яна яе ўспрымае. Сёння (25 чэрвеня. — Заўв.) мы з ёй размаўлялі ў СІЗА, і на момант нашый сустрэчы ў 11:40 такой інфармацыі Марыі не паступіла. Асабіста я даведаўся пра накіраванне справы ў Вярхоўны Суд з тэлеграм-каналаў і ўжо пасля таго, як пакінуў ізалятар.
Што азначае накіраванне справы ў суд? Тое, што пракурор пагадзіўся з абвінавачаннем, паданым Марыі, і накіраваў крымінальную справу ў Вярхоўны Суд для вызначэння таго, у якім судзе яно будзе разглядацца.
Са справай азнаёмленыя як Марыя, гэтак і яе абаронцы. Марыя не згодная з паданым абвінавачаннем, у сувязі з чым па меры азнаямлення з матэрыяламі крымінальнага яна і абарона падавалі хадайніцтвы пра спыненне крымінальнага пераследу. Мы не бачым законных падстаў для прыцягнення Марыі Калеснікавай да крымінальнай адказнасці.
— Калі можна чакаць суд?
— Пэўную дату судовага пасяджэння назваць цяжка. Пасля таго, як будзе прыняты развязак пра тое, які суд будзе разглядаць крымінальную справу, і па меры яе паступлення ў гэты суд, развязак аб прызначэнні судовага разбору павінны быць прыняты не пазней за 14 сутак, а па справах, падсудных Вярхоўнаму Суду, абласным, Мінскаму гарадскому судам — у тэрмін да аднаго месяца. У выключных выпадках тэрмін можа быць падоўжаны да трох месяцаў.
Што да фармату разбора справы, лічу, што яно будзе публічным — то бок, разглядацца ў адкрытым судовым пасяджэнні. Гэта лагічна, бо абвінавачанні, паданыя Марыі, датычаць яе публічных выказаў, якія вядомыя ўсёй грамадскасці.
— Як пачуваецца Марыя?
— Марыя ў парадку, шмат чытае, займаецца спортам. Аніразу не даводзілася бачыць яе раззлаванай ці ў дрэнным настроі. Увесь час усміхаецца і смяецца. Нягледзячы на часовыя нязручнасці, Марыя ні пра што не шкадуе і пачуваецца свабодным чалавекам. Да пытання пра тое, як яна ставіцца да крымінальнай справы, напэўна, найлепей падыдзе слова “іранічна”.
Марыя ў курсе таго, што адбываецца, увесь час цікавіцца ходам працэсу, як у дачыненні Віктара Бабарыкі, гэтак і іншых абвінавачаных. Упэўненая, што ўсё будзе добра і хутка ўсе змогуць убачыцца са сваімі роднымі і блізкімі. Перадае прывітанне ўсім беларусам.
Дарэчы
З паведамленняў прэс-службы Генпракуратуры, дарэчы, упершыню стала вядома, што дакладна ставяць у віну Марыі і Максіму. Напомнім, адвакаты знаходзяцца пад падпіскай пра невыдаванне. Забаронена называць нават прозвішчы следчых.
У чым абвинавачваюць Марыю і Максіма:
▫️ Уступілі ў таемную змову з мэтай захопу дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам.
▫️ Размеркавалі ролі ў паказаным злачынстве супраць дзяржавы і прыступілі да яго выканання.
▫️ Пазіцыянавалі сябе рэпрэзентантамі пераважнага маярытэту грамадзянаў Беларусі.
▫️ Публічна заяўлялі пра перамогу на выбарах Святланы Ціханоўскай, казалі, што народ Беларусі страціў давер да ўлады, а сама дзеючая ўлада — слабая.
▫️ Паведамілі пра стварэнне Каардынацыйнай рады для арганізацыі перадачы ўлады, пераадолення палітычнага крызісу, устанаўлення згоды ў грамадстве і абароны незалежнасці Беларусі.