Віктар Бабарыка ў Гродне — аб бяспецы, знешняй палітыцы і сілавіках

6 чэрвеня Віктар Бабарыка сустрэўся з ініцыятыўнай групай і журналістамі ў Гродне. Паўтары гадзіны ён адказваў на самыя розныя пытанні гродзенцаў: ад бяспекі зборшчыкаў подпісаў да рэформы дзяржаўнага ладу. Выбралі для вас асноўныя моманты гэтай сустрэчы.

Аб бізнесе ў Гродне

Я выдатна разумею, што Гродна — горад, у якім ужо сфарміраваныя добрыя ўмовы для самага галоўнага — развіцця малога і сярэдняга бізнесу і правільнай сістэмы эканомікі. У вас ёсць выдатныя прыклады бізнесменаў, частку з якіх я ведаю асабіста — кіраўнік «Контэ Спа», кіраўнік «ЗОВ», бізнесмен з няпростым лёсам, як мне здаецца, акурат прыклад чалавека, які змагаўся і змагаецца да канца, захоўваючы свой бізнес жывым.

Аб бяспецы ініцыятыўных груп

Для нас самае дарагое, што ёсць, — гэта сябры ініцыятыўнай групы. Мы вядзём абсалютна законную дзейнасць, вы забяспечаныя дакладнымі інструкцыямі, што і як трэба рабіць. Калі хто-небудзь спрабуе вас правакаваць, два самыя правільныя шляхі — альбо тэлефанаваць у міліцыю, альбо, не ўступаючы ў спрэчкі з правакатарам, згортваць пікет і разбірацца. У гэтай сітуацыі сысці ад канфлікту — гэта не баязлівасць. Гэта важна зразумець, асабліва нашым маладым удзельнікам. Цяпер нашая галоўная задача — набраць патрэбную колькасць подпісаў.

Аб ролі сілавікоў

Уся сфера бюджэтнага рэгулявання адназначна павінна быць перагледжаная адносна павышэння эфектыўнасці. Першы крок, які належыць зрабіць, — гэта правесці рэальны падзел уладаў, каб ніхто не меў уплыву на ўсе тры незалежныя сістэмы ўлады: заканадаўчую, выканаўчую і судовую. Другое — трэба сфарміраваць сістэму бюджэтных арганізацый, якія падтрымліваюць і развіваюць найбольш важныя для краіны напрамкі. З майго пункту гледжання, гэта здароўе і адукацыя. А затым ідзе неабходнасць іх абараняць — сілавыя структуры. Чаму цяпер гэтага не адбываецца? Таму што для ўлады мы «народзец», і яна ад гэтага «народца» абараняецца. Таму што ўлада — гэта, умоўна, 100 тысяч чалавек, а народ — 9 мільёнаў. Для таго, каб выбудаваць абарону ад свайго народа, і патрэбны велізарны сілавы апарат. Я лічу, што нават для абароны самога народа не патрэбны такі апарат. Беларусы рэальна мірныя людзі, мы ваакол нас нармальныя суседзі, якія вельмі даўно не збіраюцца на нас нападаць. Чаго і мы не збіраемся рабіць.

Я ўжо казаў, што гэта ідэал, можа быць, недасяжны за 5-10 гадоў магчымага тэрміну, але я б вельмі хацеў бачыць Беларусь нейтральнай краінай, для забеспячэння ўнутранай і знешняй бяспекі якой хопіць нашмат менш людзей. Пры гэтым я ўпэўнены, што ў нашых сілавых структурах ёсць шмат прыстойных афіцэраў, якія разумеюць, што яны павінны абараняць народ. І змены пасылу ў іх свядомасці на тое, што вы народная армія, народная міліцыя, вы тыя, хто павінен абараняць — гэтага, на жаль, зараз не адбываецца.

Аб адукацыі і медыцыне

Для мяне героямі і людзьмі, якія фарміруюць будучыню, з’яўляюцца людзі ад адукацыі і медыцыны. І адукацыя, і медыцына павінны выглядаць па-іншаму, і гэта няправільна, калі сёння героі — гэта прадстаўнікі сілавых структур. Але ўсё-ткі абараняць каштоўнасці яны павінны. Каштоўнасці, якія фарміруюць адукацыя і медыцына.

Што тычыцца таго, «як»: у нас павінна быць вельмі добрае базавае медыцынскае абслугоўванне, з іншага боку, павінна развівацца прыватная медыцына, а пасярэдзіне, як злучнае звяно, — страхавая медыцына.

Аб смяротным пакаранні

Першае. Я катэгарычна супраць смяротнага пакарання. Таму што я лічу яе помстай, а помста — гэта доля слабых. А я лічу беларускі народ моцным. Другое: я не гатовы прасоўваць гэтае рашэнне сілай. З людзьмі трэба працаваць, трэба тлумачыць. І калі мы адчуем, што ў Беларусі на гэтую тэму ёсць кансенсус, тады трэба будзе выносіць гэтае пытанне на рэферэндум і прымаць рашэнне аб забароне смяротнага пакарання. Але што ўжо можа зрабіць прэзідэнт — гэта прыпыніць выкарыстанне такога пакарання, як пакаранне смяротнае.

Аб знешняй палітыцы

З досведу: Беларусь заўсёды была разумнай краінай і сябравала з усімі. На самой справе мы вельмі кампрамісная нацыя, мы ўмеем знаходзіць вельмі цікавыя рашэнні (прыклад — уніяцтва). Гэта іронія, але гэта праўда. Я лічу, што Беларусь павінна прадэманстраваць аднолькавае стаўленне да суседзяў. Галоўнае, мы павінны пазбавіцца ў нашых адносінах ад слова «залежнасць». Я хачу, каб нашы саюзы былі узаемавыгаднымі, а не залежнымі. Я лічу, што мы маем сябраваць і з Захадам, і з Усходам, каб людзі прыязджалі да нас выдаткоўваць грошы, адпачываць і мірыцца.

blank

blank blank blank blank blank blank blank

Вы можаце паглядзець запіс стрыму з сустрэчы па спасылцы, а таксама прачытаць, як праходзілі сустрэчы ў Гомелі, Віцебску і Брэсце.

Яшчэ навіны

Падзяліцца