6 чэрвеня Віктар Бабарыка сустрэўся з сябрамі ініцыятыўнай групы ў Брэсце і адказаў на важныя іх пытанні. Расказваем пра найбольш яркія моманты гэтай размовы.
Аб уліку меркавання людзей у прыняцці важных рашэнняў для рэгіёну
Ёсць тры блокі пытанняў, якія тычацца Брэста ў першую чаргу.
Экалогія, а менавіта пытанне з акумулятарным заводам. Я абсалютна не разумею, навошта трэба было будаваць яго ў межах горада, калі ёсць тая ж прамысловая зона? Усе дзеянні на месцах павінны ацэньвацца з пункту гледжання экалагічнай шкоды.
Улік меркавання грамадства. Існуюць ужо правераныя механікі і тэхналогіі, з дапамогай якіх можна лёгка і хутка вывучыць меркаванне людзей. На любым з мясцовых рэсурсаў можна правесці простае галасаванне, каб зразумець, што у чым ёсць патрэба.
Арганізацыя сумеснага фінансавання добраўпарадкавання і культуры. Вядзецца аб тым, каб людзі маглі збіраць 20-30% на рэалізацыю праекта, з чаго дзяржаве будзе зразумела, што людзі гэтага хочуць.
Безумоўная экалагічная бяспека, безумоўны ўлік меркавання супольнасці і толькі ў гэтым выпадку рэалізацыя. Толькі тады мы будзем жыць у гарадах, якія нам падабаюцца. З якіх не хочацца з’язджаць, у якія хочацца вяртацца.
Пра Беларусь як палігон для «брудных» вытворчасцяў
Беларусь — не памыйніца. Беларусь — не сметнік. У нашай краіне няма велізарных тэрыторый, на якіх можна было б ствараць «брудныя» вытворчасці. Таму я прынцыпова супраць любых забруджвальных вытворчасцяў.
Што тычыцца прыняцця рашэнняў. Ёсць два аспекты: эканамічны і экалагічны. Эканоміка важней за ўсё, але перад ёй павінны стаяць людзі. Нам няправільна патлумачылі, ці ўвогуле не патлумачылі, напрыклад, пра атамную станцыю: навошта нам, краіне, што пацярпела ад Чарнобыля, усярэдзіне гэты аб’ект. Так і тут: я ўпэўнены, нікому не патлумачылі, навошта нам такі завод. Можа быць, ёсць нейкая неверагодная патрэба? Важна зрабіць празрыстым прыняцце рашэнняў, асабліва ў такіх адчувальных момантах, як экалогія.
Першае — гэта людзі, якія жывуць на нашай тэрыторыі. Краіна для людзей, а не людзі для краіны. Гэта прынцыповы момант. Нагадаю выдатную фразу Маргарэт Тэтчэр: «У дзяржаве няма дзяржаўных грошай. У дзяржаве ёсць грошы людзей». Улада ўпаўнаважаная распараджацца нашымі грашыма, і мы як грамадзяне павінны разумець, як распараджэнні ўлады паляпшаюць нашае жыццё, а не жыццё абстрактнай дзяржавы.
Пра выбары падчас пандэміі
Адным з самых складаных для мяне пытанняў было тое, як можна было аб’яўляць гэтыя выбары. Лепш было ўсё-ткі пацярпець яшчэ хоць бы паўгода. Але не мы прымалі гэтае рашэнне, і я ўсё-ткі спадзяюся, што мой удзел, а, самае галоўнае, любы ваш удзел у гэтым працэсе, гэта слушнае рашэнне. Мы павінны нешта зрабіць, каб змяніць краіну. Беларусам заўсёды адмаўлялі ва ўласным меркаванні, і палітолагі часта разважалі пра тое, што беларусы выбар не рабілі — рабіў яго Крэмль, Захад, яшчэ нехта…
Апошнім часам мы чуем, як людзі, якія, па ідэі, былі нанятыя грамадствам, адгукаюцца пра краіну неверагодна прыніжальна. Кажуць, што яны зрабілі гэтую краіну і нікому яе не аддадуць.
Гэта страшна. Я б ніколі ў жыцці не паверыў, што такое хто-небудзь скажа. І верх непрыстойнасці, калі гэта кажуць людзі, якія будуць аддаваць загады іншым. Ёсць паняцце злачыннага загаду. Я веру, што ў сэрцы кожнага афіцэра беларускага войска ёсць разуменне таго, што такое злачынны загад. Нельга страляць у бяззбройных людзей, нельга расстрэльваць уласны народ. Для мяне гэта вельмі важна, і я спадзяюся, усё выдатна гэта разумеюць.
Пра будучыню беларускага рубля
Калі і ёсць у Беларусі правільная сістэма, якая функцыянуе, дык гэта дакладна фінансавая сістэма. Яна была пабудаваная адной з першых і на вельмі правільных канкурэнтных прынцыпах. Гэта вялікая заслуга Беларусі, нягледзячы на тое, што ёсць такая «гульня», кожныя 2-3 гады праводзіць дэвальвацыі, трэба аддаць належнае таму, што стабільнай фінансавая сістэма была заўсёды. Я абсалютна перакананы, што беларускі рубель на бягучы момант — адзіная магчымая валюта ў нашай краіне як у краіне незалежнай. Нам нічога не трэба дадаткова: ані новай валюты, ані адзінай валюты, — і гэта ўдакладненне, якое я ўжо зрабіў. На гэтым этапе ў нас няма саюзаў, якія патрабуюць ўвядзення адзінай валюты.
Пра прыватызацыю «брэндавых» для краіны прадпрыемстваў
Любое неэфектыўнае прадпрыемства павінна аналізавацца, як зрабіць яго эфектыўным. І прыватызацыя — не адзіны варыянт рэфармавання. Я лічу, што кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў дастаткова кампетэнтныя, каб выслухаць у першую чаргу іх. У нас сістэма працуе па-іншаму: як быццам уверсе самыя галоўныя спецыялісты. За што не вазьміся, нібы ўсё зрабіла вельмі вузкая група асоб. Я ў гэта не веру. На самай справе ўсё заводы пабудаваныя спецыялістамі, а не кіраўнікамі краіны, хоць і з іх падтрымкай.
Усе кажуць пра тое, што нашыя прадпрыемствы закрэдытаваныя, і крэдыты іх «забіваюць». Але крэдыты — гэта не прычына, а наступства. Калі ў цябе перастаюць купляць і спыняецца паток грошай за прадукцыю, ты бярэш крэдыты. У першую чаргу трэба вырашаць задачу вытворчасці запатрабаваных тавараў. Як толькі пачынаюцца праблемы з паступленнем выручкі ад прадукцыі, трэба думаць аб тым, што рабіць.
Прыватызацыя таксама добрая яшчэ ў адным моманце: прыватызаваныя прадпрыемствы не такія «карупцыягеныя». З’яўляецца ўласнік, а красці ў сябе бессэнсоўна. Відавочна, што менавіта эфектыўная прыватызацыя дае эфектыўнага ўласніка, але гэта не абавязковы і не адзіны варыянт.
Пра свой удзел у выбарах
Я хачу, каб вы далі мне права ўдзельнічаць у выбарах, таму што:
- я нармальны чалавек;
- у мяне ёсць досвед, які можна ацаніць з пункту гледжання поспехаў на гэтым шляху;
- я дакладна разумею, што вы — людзі, якія мяне прызначаюць, і стаўлюся да вас з вялікай павагай.
Вы можаце паглядзець запіс стрыму з сустрэчы па спасылцы, а таксама прачытаць, як праходзілі сустрэчы ў Гомелі, Віцебску.