Маштаб здрады Аляксандру Лукашэнку выканаўцамі на месцах стане зразумелы толькі пасля выбараў, піша Арцём Гарбацэвіч, які праехаў усю Беларусь у караване Ціханоўскай. Матэрыял передрукаваны з сайта Наша Ніва.

Два месяцы таму заяву ў ЦВК цішком, стараючыся не прыцягваць увагі і ў вялікім стрэсе, падала несамавітая жанчына, якую журналісты прэзентавалі грамадству не іначай як «жонку Ціханоўскага».

NN

На ўсе пытанні яна адказвала сцісла і неахвотна; лукашэнкаўскія тэлеграм-каналы кінуліся кпіць з «адсутнасці харызмы» і няўмення складна гаварыць. Ярмошына зарэгістравала яе, каб стварыць на выбарах бачнасць канкурэнцыі.

Але, зрабіўшы крок з кухні ў палітыку, «жонка Ціханоўскага» за два тыдні несвядома высмеяла прафесію трэнераў асобаснага росту.
На мінулым тыдні, падчас першага ваяжу са штабам, я адзначаў для сябе, што на мітынгі прыходзяць праціўнікі Лукашэнкі, у кожнага з якіх свая прычына не любіць гэтую ўладу, а Ціханоўская для іх — толькі сімвал перамен.

Падчас другой паездкі, па захадзе краіны, уражанні троху змяніліся — Ціханоўскую пачалі рэальна любіць.

У Лідзе прарывалі ахову, каб абняць яе — жывую. У Ваўкавыску цярпелі халодны дождж, але чакалі, у Брэсце гублялі прытомнасць ад спёкі, але трывалі, у Слоніме прызнаваліся ў каханні, у Баранавічах прынеслі абразы і хлеб з соллю, недзе саджалі ёй на рукі сваіх дзяцей.

Такое, здаецца, калі раней з якім тутэйшым палітыкам і здаралася, то толькі з Лукашэнкам ў 94-м.

Па вялікім рахунку, Ціханоўская ідзе да ўлады ва ўмовах, калі перад краінай стаяць тыя ж самыя праблемы, што і ў 90-х: эканамічны крызіс, нізкі давер да ўладаў, немагчымасць большасці ўплываць на палітычныя рашэнні.

Яна гэтак жа супрацьстаіць адміністрацыйнаму рэсурсу, які гэтаксама не вылучаецца крэатывам.

blank

Веды кіроўных эліт з гледзішча наступных пакаленняў выглядаюць не ведамі, а адсталасцю, значыць, і электаральныя сімпатыі да Лукашэнкі трымаюцца на інэрцыі і старых заслугах, якія ўжо пераўтвараюцца ў эпас і іх пералік пачынаецца са слова «некалі». Таму з’яўленне новага палітыка тут — глыток свежага паветра, таму ўсё новае аўтаматычна становіцца папулярным.

Сама Ціханоўская за два тыдні інтэнсіўнай кампаніі непазнавальна змянілася, адкрыла ў сабе аратарскую здольнасць адчуваць людзей і падыгрываць ім, яна гаворыць без паперкі. Ёй пляскалі 60 тысяч у сталіцы, 20 тысяч у абласным цэнтры, па 5 тысяч у раённым. Яна паказвае, як можа змяніцца чалавек, які адкінуў страх.

Мне здаецца, што Калеснікава і Цапкала ўжо паціху адыходзяць у яе цень, хаця і выступаюць па-ранейшаму пранікнёна.

VB

І таксама мне сталі ясныя прычыны, якія даюць сілы ўсім тром.

Ціханоўская — сапраўды любіць. Мужа і народ, які за ім. Калеснікава — ненавідзіць; яе трасе ад згадвання Лукашэнкі. Цапкала — рэалізуе свае палітычныя амбіцыі: хутчэй за ўсё, гэта яна і надыктавала мужу рашэнне балатавацца.

У палітычным сэнсе нічога не змянілася: Ціханоўская працягвае абяцаць толькі тое, што зможа выканаць, — правесці перавыбары і вярнуць старую Канстытуцыю. Гэтак яна пазбягае нязручных пытанняў.

А ідэйна аб’яднаны штаб працягвае даводзіць тэзіс пра недзеяздольнасць уладаў і яе меншасць, якая хоць і складае ўсю бачную паверхню грамадства, але насамрэч — усяго толькі тонкая алейная плёнка ў моры. Гэта цікавы палітычны прыём, якім, — толькі наадварот, — раней карыстаўся Лукашэнка.

VB

Але тут трэба быць асцярожным у ацэнках і заявах, бо вузкая кампанія інтэрнэт-сяброў можа стварыць ілюзію грамадскага меркавання.

Праўда, я трымаюся думкі, што працэс усё ж ідзе ва ўсіх слаях грамадства. Гэта праглядаецца і па колькасці подпісаў за альтэрнатыўных кандыдатаў, і па публіцы на мітынгах, і па колькасці зарэгістраваных у сістэме кантролю галасоў «Голас». Ды досыць сесці ў любую электрычку і паслухаць размовы.

І алкаголік, і рабочы, і настаўнік, і ваенны, і бізнэсмен ва ўмоўным Слоніме тыдзень у сваіх калектывах пачынаюць размову са словаў: «А ты быў?» І ўсім адразу ясна, пра што гаворка.

Здаровыя лбы слухаюць яе, крычаць «Света» і змахваюць слязу — што гэта, калі не разнесены ўшчэнт тэзіс Лукашэнкі аб тым, што жанчына не можа быць прэзідэнтам?

А вось 30-гадовы аўтамеханік каля мяне ў Брэсце, які дзесяцігоддзе быў так паглынуты сваім рамяством, што яго думкі не выходзілі далей за сцены СТА, сёння ўжо выдае: «Буду галасаваць за Ціханоўскую, бо больш няма за каго».

Я думаю, ён так кажа не толькі таму, што менш як за тыдзень да выбараў Лукашэнка яшчэ не прадставіў сваёй праграмы. У гэтага хлопца ёсць вялізны досвед назірання за тым, як рабіць не трэба, а гэта таксама каштоўны вопыт, які падказвае палітычны выбар.

Пераказваць шматлікія дыялогі з людзьмі ў правінцыі, напэўна, і не варта. Бо яны ўжо скатваюцца да пераліку вядомых усім аргументаў, якія і так вісяць у паветры, нічога новага вы не прачытаеце.

blank

Хіба што вось асобна пытаўся пра «расійскіх баевікоў» у розных людзей, а яны адказвалі рознымі словамі, але калі сцісла перадаць сэнс, то большасць сыходзіцца ў меркаванні, што паказаныя па дзяржТБ сюжэты — гэта ланцугі прыдумак, каб злучыць тыя часцінкі праўды, якія насамрэч маглі б мець месца.

А які яшчэ можа быць давер пасля «Белого Легиона чёрных душ»?

Канечне, адчуваецца таксама напружанне ў людзях, усе яны чакаюць 9 жніўня, разумеючы, што фраза штаба пра «мы будзем вымушаны абараніць свае галасы» — гэта эўфемізм, за якім можа стаяць нешта змрочнае, калі ўлады сапраўды не знойдуць сіл палічыць галасы сумленна. А яны, мяркуючы па ўсім, не знойдуць.

Праўда, са словаў асобных прадстаўнікоў штаба вынікае, што маштаб здрады Лукашэнку сёлета прымае нечуваны размах — на сувязь з імі выходзяць людзі з органаў улады, выбарчых камісій, якія гатовыя дзяліцца інфармацыяй і рабіць усё па сумленні. Назіраем, ці праўда гэта і ў што выльецца.

І таксама мне незразумела, ці зможа Лукашэнка задушыць прыхільнікаў Ціханоўскай сілай, бо існуе такая праблема: біць [хаця гэтае слова і не прамаўляецца, але ўлады маюць яго на ўвазе, гаворачы з грамадствам невербальнай мовай візітаў у ваенныя часці] людзей, якія галасавалі за Ціханоўскую, будзе прапанавана людзям, істотная частка якіх таксама прагаласуе за Ціханоўскую. Ці змогуць гэта выканаўцы?

І варта яшчэ адзначыць, што для моладзі вобраз Ціханоўскай накладваецца на знаёмы патэрн: тры ваўкавыскія студэнткі ў размове са мной параўналі Ціханоўскую з Дайнэрыс Таргарыен з «Гульні тронаў» — такая ж безаблічная жанчына, якая страціла моцнага мужа, але завалодала драконамі і скарыла свет.

Застаецца пытанне, каго тады лічыць драконамі Дайнэрыс Ціханоўскай? Здаецца, што гэта людзі з каманды Бабарыкі.

Валанцёрская работа ў штабе — гэта, сапраўды, цікавы феномен, варты асобнай публікацыі.

Да Ціханоўскай далучыліся тысячы добраахвотнікаў, згодных бясплатна дапамагаць сваімі кампетэнцыямі і часам — іх база ўтварылася шляхам запаўнення анкеты на сайце кампаніі Бабарыкі.

З некаторымі я сутыкнуўся сам. Так, нейкі час на ўласнай машыне мяне вазіў хлопец з Камітэта дзяржкантролю, які ганарыцца тым, што яго дакладная паваліла губернатара Барыса Батуру. У розных гарадах начаваў я то ў работніка банка, то ў апартаментах нейкай абласной бізнэсвумен.

У іншы дзень падвозіць журналістаў выклікаўся хлопец, які даводзіцца сваяком памочніку Лукашэнкі па адной з абласцей. Зарабляе ён вельмі спецыфічным сезонным гандлем, улетку мае вольны час. На мітынгі, дарэчы, гэты Андрэй выходзіў з чырвона-зялёным сцягам.

І гэтак далей.

Адна лэдзі-дырэктарка сталічнай кампаніі з пятніцы па нядзелю ездзіла са штабам і дапамагала з арганізацыяй харчавання і рассялення валанцёраў: «Вы абавязаны выйграць, бо мне ёсць што губляць».

У службе бяспекі ёсць мужыкі, якіх вы маглі бачыць у ахове мінскіх бізнэс-центраў: яны пайшлі ў адпачынак па месцы работы, каб дапамагаць аб’яднанаму штабу.

У Гродне ланцугом вакол сцэны сталі мясцовыя баксёры і барцы з паламанымі вушамі.

Фатограф Павел Крычко, які здымае вяселлі ў Еўропе за шалёны прайс, прыехаў на радзіму бясплатна здымаць усе выступленні Ціханоўскай, бо «медыйныя фатографы фіксуюць падзею, а людзі не заўжды выходзяць прыгожымі. Я ж хачу, каб людзі выходзілі прыгожымі, каб было бачна, што яны светлыя».

Каардынатары валанцёрскай службы кажуць, што ў любую хвіліну могуць папрасіць дапамогі ў больш як дзвюх тысяч чалавек.

«Калі так, асмялеўшы, пераўтварылася яна, то што, асмялеўшы, змагу я? А сістэма, якая грунтуецца на сіле многіх розумаў, мацнейшая за тую, што трымаецца на адным», — вось так падбадзёрваюць сябе гэтыя людзі.

Фота: Паша Крычко.

Еще новости

Поделиться

Меню