Сёння КДБ агучыў, што Віктару Бабарыку пададзеныя абвінавачванні па двух артыкулах крымінальнага кодэкса. Яму можа пагражаць да 15 гадоў пазбаўлення свабоды.

Мы ведаем, што пазіцыя Віктара Дзмітрыевіча не змянілася: ён не прызнае абвінавачванняў. Усе гэты час з 18 чэрвеня абарона настойвае на яго невінаватасці і дамагаецца спынення крымінальнага пераследу. Падстаў сумнявацца ў невінаватасці падабароннага ў адвакатаў няма.

— Віктар Бабарыка не прызнаў віны, таму што ён невінаваты. Матывацыя паводзін іншых грамадзянаў — гэта прадмет для даследавання ў судзе. У сілу падпіскі пра невыдаванне дадзеных папярэдняга расследавання я ўстрымаюся ад каментавання дзеянняў іншых асоб. Вядома мноства прыкладаў з практыкі, якія кажуць пра тое, што не варта абсалютызаваць значэнне прызнанняў, зробленых кім-небудзь у СІЗА, — расказвае Дзмітрый Лаеўскі.

Калі справу перададуць у суд?

Паводле слоў адваката Бабарыкі, пасля азнаямлення з матэрыяламі справы абарона мае права зноў запатрабаваць спыненні крымінальнага пераследу.

— Спыніць крымінальны пераслед на гэтай стадыі можа як следчы, гэтак і пракурор, якому справа перадаецца для накіравання ў суд. Таму апярэджваць рашэнне па гэтым пытанні я б не стаў. Асабліва з улікам таго, што абарона ўжо не раз заяўляла пра адсутнасць дастатковых падстаў для крымінальнага пераследу, — тлумачыць Дзмітрый Лаеўскі.

На азнаямленне са справай пойдзе не меней за месяц. Абарона выключае магчымасць правядзення судовага разбору ў гэтым годзе.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu