Сёння Святлана Ціханоўская выступіла з прамовай на тэлеканале Беларусь-1. Чытайце і дзяліцеся з сябрамі!
Вітаю, дарагія беларусы! Да вас звяртаецца кандыдат у прэзідэнты Святлана Ціханоўская. Я раскажу, хто я такая, як я апынулася на гэтым месцы, што не так у нашай дзяржаве і як нам змяніць нашае жыццё. Я не палітык, мой муж Сяргей Ціханоўскі хацеў стаць прэзідэнтам Беларусі, і за гэта ён цяпер у турме.
Мне 37 гадоў, я педагог і філолаг паводле адукацыі. Працавала сакратаркай і перакладчыцай, свабодна валодаю беларускай, рускай і англійскай мовамі. Мой муж, Сяргей Ціханоўскі, знаходзіцца ў СІЗА, бо хацеў лепшага жыцця для беларусаў, мае дзеці штодня пытаюцца, калі вернецца іх тата, а я хачу стаць прэзідэнтам, каб аднавіць справядлівасць у гэтай краіне.
Год таму мой муж Сяргей Ціханоўскі стварыў праект “Краіна для жыцця”, у рамках якога ён расказваў аб карупцыі і негаспадарлівасці, сустракаўся з людзьмі розных прафесій, ездзіў па Беларусі і слухаў простых людзей з вёсак і маленькіх гарадоў. У іх гісторыях было шмат болю, шмат расчаравання, шмат неразумення, чаму яны так кепска жывуць. Гэта былі шчырыя гісторыі пра тое, у якіх умовах жыве большая частка беларусаў, пакуль іх урад множыць палацы, самалёты, катэджы ў Драздах.
Калі Сяргей пастанавіў ісці на прэзідэнцкія выбары, па ўсёй краіне ўтварыліся чэргі з ахвотных паставіць за яго свой подпіс. Праект “Краіна для жыцця” і Сяргей уразілі людзей, але напалохалі ўладу. Далей былі правакацыі з боку ўрада, прыніжэнні, арышты, адмова ў рэгістрацыі. Улады дзейнічалі звыклымі метадамі і думалі, што на гэтым усё скончыцца, але яны не зразумелі, што ўсё толькі пачынаецца.
Я пастанавіла працягнуць справу майго мужа і зарэгістравацца кандыдатам у прэзідэнты замест яго. Улады не зарэгістравалі Сяргея Ціханоўскага і іншых моцных кандыдатаў – Віктара Бабарыку і Валерыя Цапкалу, але зарэгістравалі мяне. Чаму? Таму што яны бачаць у гэтых мужчынах пагрозу. Толькі яны не зразумелі, што пагроза для ўлады – гэта не кандыдаты. Гэта народ, якому надакучыла жыць у прыніжэнні і няволі. Мой муж Сяргей Ціханоўскі разам з іншымі кандыдатамі абудзіў беларусаў, якія ўжо не вернуцца ў зручны для ўрада сонны стан.
Я нічога не буду вам абяцаць, для гэтага ў нас ёсць іншыя людзі. 26 гадоў яны раздаюць пустыя абяцанні. Яны кажуць пра добрую пенсію, заробак па 500, працу, годную ахову здароўя, але не стрымліваюць сваіх абяцанняў. Я ж раскажу вам пра тое, што насамрэч адбываецца ў краіне, пра тое, чаго вы не ўбачыце па тэлевізары. Я раскажу вам праўду.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што ў дзейнага прэзідэнта вельмі нізкі рэйтынг. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што ўжо некалькі месяцаў па ўсёй краіне выстройваюцца кіламетровыя чэргі з беларусаў, якія патрабуюць, каб Сяргея Ціханоўскага, Віктара Бабарыку і іншых палітзняволеных выпусцілі з турмаў. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што людзі, якіх хапае АМАП, проста мірна гулялі па вуліцы і не рабілі нічога дрэннага. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што абсалютная большасць супраць цяперашняй улады і хоча новага прэзідэнта. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што беларусы моляць настаўнікаў і ўсіх, каго прымушаюць падрабляць падлік галасоў, не згаджацца на гэтае злачынства. Гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, у якой галечы жыве большая частка насельніцтва і як багата жывуць чыноўнікі. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што праз каранвірус памерла нашмат больш чалавек, чым кажа Міністэрства аховы здароўя. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што ўрад хаміць вам і абзывае вас. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што палітзняволеныя сядзяць за кратамі з прычыны сваіх перакананняў, а не таму што здзейснілі злачынства. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што лекарам не ставала масак і на іх збіралі грошы простыя беларусы, але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што альтэрнатыўных кандыдатаў пасадзілі ў турмы, таму што за іх была большасць. Але гэта праўда.
Па тэлевізары вам не пакажуць, што вашых любімых вядоўцаў звольнілі за тое, што яны асмеліліся выказацца супраць прэзыдэнта. Меліта Станюта, Дзмітрый Урангель, Антон Мартыненка, Дзядзя Ваня, Маргарыта Ляўчук ды іншыя былі звольненыя, бо не згодныя з цяперашняй уладай. Гэта праўда.
Цяпер тэлевізар у гэтай краіне належыць толькі аднаму чалавеку, таму ўсе, хто глядзіць тэлевізар, ніколі не дазнаюцца праўды.
Я прыйшла ў палітыку не дзеля ўлады, а дзеля справядлівасці. Мая галоўная мэта: арганізаваць сумленныя выбары з удзелам усіх альтэрнатыўных кандыдатаў. Галасуючы за мяне, вы галасуеце за новыя – сумленныя і справядлівыя – выбары. Толькі так краіна зможа развівацца далей.
Я прыняла падтрымку камандаў Віктара Бабарыкі і Валерыя Цапкалы, з намі супрацоўнічаюць найлепшыя эксперты, грамадскія арганізацыі, партыі. Мы стварылі моцную каманду для таго, каб прывесці Беларусь да свабоднага і шчаслівага жыцця. Я ўпэўненая, што гэтага хоча большасць нашых грамадзян, і таму разлічваю на вашую падтрымку і ваш удзел.
Мая праграма – гэта не звыклая ўсім праграма кандыдата ў прэзідэнты. Галоўны пункт маёй праграмы – гэта новыя, сумленныя і справядлівыя выбары.
А для таго, каб гэтыя выбары адбыліся, нам неабходна аб’яднацца.
Тое, што я заклікаю вас зрабіць цяпер – стаць незалежнымі назіральнікамі, прыйсці на выбары менавіта 9 жніўня (не датэрмінова), прагаласаваць за мяне, Святлану Ціханоўскую, і абараняць свой голас. Для чаго гэта патрэбна?
Улада мае зразумець, што нас абсалютная большасць, і што мы ніколі не застанемся збоку.
Неабходна сабраць рэкордную для ўсёй гісторыі незалежнай Беларусі колькасць назіральнікаў і зафіксаваць рэальны вынік галасавання. Для гэтага створана шмат ініцыятываў, да якіх мы мусім далучацца: “Сумленныя людзі”, “Права выбару”, “Рух праўда”, “Зубр” ды іншыя. Чым большая яўка, тым складаней скрасці наш голас. Чым большая яўка, тым больш відавочнай будзе фальсіфікацыя.
Я заклікаю вас не заставацца дома 9 жніўня – іначай вы прагаласуеце за цяперашнюю ўладу. Калі мы застанемся дома і не прыйдзем на ўчастак – гэта будзе перамога дзейнай улады.
Пасля таго, як мы атрымаем відавочныя для ўсёй краіны вынікі выбараў 9 жніўня 2020 года, выбар народа павінны будуць паважаць усе, інакш нам давядзецца абараняць свае галасы…
Выбары, якія адбудуцца 9 жніўня, не будуць свабоднымі і сумленнымі. Ніводнага з моцных лідараў не зарэгістравалі ў якасці кандыдатаў у прэзідэнты: распачатыя крымінальныя справы, у сметнік выкінутыя сотні тысяч сабраных подпісаў.
Патрэбныя новыя, сумленныя і свабодныя, выбары з празрыстым падлікам галасоў.
Таксама трэба змяніць сістэму, каб уся ўлада ў краіне не была ў руках аднаго чалавека.
Пасля заступлення на пасаду прэзідэнта, я прыму меры для захавання стабільнасці ў краіне і для правядзення сумленных выбараў. Усе неабходныя мерапрыемствы будуць здзейсненыя на працягу паўгоддзя.
Толькі падумайце, упершыню за 20 гадоў у Беларусі могуць адбыцца сумленныя выбары. Сапраўдныя выбары, а не падробка.
Мне не падабаецца, што людзі паміраюць ад коронавируса, пакуль улада хавае ад іх рэальныя лічбы па захварэлым, не забяспечвае іх медыцынскай дапамогай, не плаціць лекарам годныя заробкі.
Я хачу расказаць, што мне не падабаецца ў нашай краіне цяпер, і што я хачу змяніць.
Мне не падабаецца, як дзяржава ставіцца да беларусаў.
Мне не падабаецца, што моладзі даводзіцца з’язджаць з маленькіх гарадоў і вёсак, таму што ім там няма чаго рабіць, няма дзе працаваць і няма за што жыць.
Мне не падабаецца, што беларусам даводзіцца з’язджаць са сваёй краіны па заробкі, таму што тут ім няма чаго рабіць, няма дзе працаваць і няма за што жыць.
Мне не падабаецца, што паміраюць вёскі, якія могуць жыць багата і годна.
Мне не падабаецца, што ў маленькіх гарадах застаюцца толькі толькі пенсіянеры, якія ледзь зводзяць канцы з канцамі.
Мне не падабаецца, што людзі паміраюць праз каранавірус, пакуль улада хавае ад іх рэальныя лічбы па захварэлых, не забяспечвае іх медыцынскай дапамогай, не плаціць лекарам годныя заробкі.
Мне не падабаецца, што чыноўнікі будуюць сабе вялікія дамы і ездзяць на дарагія курорты, пакуль мы ледзь дажываем да зарплаты.
Мне не падабаецца, што нас палохаюць бізнесменамі, хоць самыя багатыя людзі ў Беларусі – гэта людзі ва ўрадзе.
Мы маем два шляхі: працягваць жыць у галечы і ў няздзейсненых абяцаннях або пабудаваць Беларусь, якую мы заслугоўваем! Мы самі здольныя на многае. Мы ствараем працоўныя месцы, пакуль дзяржава чыніць нам усялякія перашкоды, мы гадуем нашых дзяцей і ўкладаем у іх правільныя каштоўнасці. Разам мы зможам стварыць багатую, бяспечную, развітую краіну.
Мы будуем краіну не толькі для сябе, але і для нашых дзяцей. Я хачу, каб урад клапаціўся пра здароўе і дабрабыт сваіх грамадзян. Ставіўся да нас з павагай, не парушаў нашую свабоду і правы.
Я хачу, каб нашыя дзеці атрымлівалі добрую адукацыю, медабслугоўванне, каб яны маглі знайсці добрую працу, стварыць сям’ю і мець сваё жыллё. Каб яны засталіся жыць тут, на сваёй зямлі, а не хацелі з’ехаць у пошуках больш свабоднай і справядлівай краіны.
Я хачу, каб мы адчувалі любоў і павагу да сябе, мелі права выбару і ганарыліся сваёй краінай для жыцця.
Я хачу, каб Беларусь паважалі ў свеце, каб мы шукалі сяброў, а не ворагаў.
Я хачу, каб сышла ў мінулае ганебная традыцыя пераследваць людзей за праўду.
Я люблю свайго мужа, таму я працягнула ягоную справу. Я люблю сваіх дзяцей, таму я хачу, каб яны раслі ў краіне, дзе людзям не затыкаюць іртоў. Я люблю беларусаў, таму я хачу даць ім магчымасць выбіраць. Так, спачатку мне было страшна. Я ведаю, да якога дна можа дайсці ўлада, намагаючыся захаваць сваё крэсла. Але цяпер я не баюся. Я адчуваю вашую падтрымку і вашую сілу. Гэта мой абавязак, быць цяпер на гэтым месцы, мой абавязак дапамагчы зрабіць нас і нашых дзяцей свабоднымі.
Калі вы, як і я, стаміліся ад пустых абяцанняў і праблем, калі вы хочаце сабе і вашым дзецям годнае жыццё ў бяспецы, ні ў якім выпадку не галасуйце датэрмінова, прыходзьце 9 жніўня на выбары і галасуйце за мяне, Святлану Ціханоўскую. Я просты чалавек, простая беларуска, жанчына, маці, якая хоча і можа зрабіць нашае жыццё такім, як мы заслугоўваем. Давайце разам пабудуем краіну для жыцця!