Штаб Віктара Бабарыкі звязаўся з Таццянай Мікалаеўнай Гаўрыс — маці арыштаванай Святланы Купрэевай.
Выявілася, што ў Таццяны Мікалаеўны ў кватэры пасля вопісу маёмасці 15 чэрвеня 2020 года засталася пастанова ДФР, у якой пазначана, што яе дачка, Святлана Купрэева, падазраецца ў здзяйсненні злачынства, прадугледжанага ч. 2 арт. 243 КК (ухіленне ад выплаты падаткаў), спалучанага з нанясеннем шкоды на суму не менш за 8 950 222,89 рублёў, гэта значыць у эквіваленце амаль 4 млн долараў ЗША.
Пры гэтым арыштаваная ў сувязі з удзелам у выбарчай кампаніі Святлана Купрэева пражывае са старой маці, якой 81 год, у старой «хрушчоўцы», якая належыць маці. Каштоўнай маёмасці ў сям’і няма.
Нагадаем, Святлана Купрэева не з’яўлялася супрацоўнікам Белгазпрамбанка і не працавала ў ніводнай з фірмаў, у якіх прайшлі ператрусы. Яна была проста сяброўкай сям’і Віктара Бабарыкі і сябрам яго ініцыятыўнай групы.
16 чэрвеня 2020 году суд Маскоўскага раёна ў закрытым судовым пасяджэнні разгледзеў і адхіліў скаргі Святланы Купрэевай і яе адваката на затрыманне Святланы. Адвакат і яго падабаронная настойваюць на недатычнасці Святланы да якіх-кольвек злачынстваў і адсутнасці падставаў для затрымання.
Скарга абароны на меру стрымання ў выглядзе заключэння пад варту яшчэ не была разгледжаная судом. Святлана працягвае знаходзіцца ў СІЗА КДБ, абвінавачванне ёй не прад’яўленае. Адвакату адмаўляюць у наведванні Святланы, спасылаючыся на эпідэмію, хоць у іншых следчых ізалятарах адвакатам дазволена наведваць падабаронных. Пададзеная ў Генеральную пракуратуру скарга на нядопуск адваката да падабароннага застаецца без рэакцыі з боку пракурора. У сувязі з сукупнасцю абуральных парушэнняў і нематываванасцю затрымання Святлана Купрэева можа быць прызнанай палітычнай зняволенай.
Штаб Віктара Бабарыкі патрабуе вызвалення Святланы Купрэевай і спынення пераследу сяброў ініцыятыўнай групы.