8 ліпеня ў традыцыйным стрыме каардынатар штаба Марыя Калеснікава расказала пра перамовы з прадстаўнікамі іншых штабоў, план на перыяд агітацыі і пра першы ліст Віктара Бабарыкі. Сабралі для вас адказы на пытанні падчас стрыму.

Як справы ў Віктара і Эдуарда Бабарыка?

Штаб не валодае ніякімі падрабязнасцямі пра ход крымінальнай справы, акрамя той інфармацыі, якая з’яўляецца ў СМІ. Адвакат звязаны падпіскай аб неразгалошванні. Але мы маем добрую навіну. Учора мы атрымалі першы ліст ад Віктара Бабарыкі, датаваны 5 ліпеня:

«У мяне ўсё больш-менш нармальна. Спадзяюся, і ў вас усё рухаецца паводле плану. І наогул творчы патэнцыял, я ўпэўнены, не згасае :) Усім перадавайце прывітанне, і думаю, што важна памятаць, што разам — мы пераможам! Або разам — да лепшага!» 

Сваякі Алены Карагачевой паведамілі нам, што яны таксама атрымалі ад яе вестку. Алена бадзёрая і жадае нам усім перамогі і ўдачы.

Гэтых навінаў так мала, але яны вельмі важныя. І яны дапамагаюць нам рухацца далей. Мы ўдзячныя ўсім, хто нас падтрымлівае і не баіцца выказваць сваю падтрымку, падыходзіць да нас на вуліцы, абдымае. Менавіта дзякуючы вашай падтрымцы мы не здаемся.

Мы ведаем, наколькі важная падтрымка. Наш штаб салідарны з блізкімі і сябрамі ўсіх, хто знаходзіцца ў СІЗА КДБ або іншых турмах. Не здавайцеся, заставайцеся моцнымі, мы з вамі і вас падтрымліваем. Мы ўпэўненыя, што справядлівасць пераможа.

Ці будзеце вы аб’ядноўвацца з іншымі кандыдатамі?

Пра гэта яшчэ вельмі рана казаць. Спачатку трэба дачакацца 14 ліпеня, каб разумець, хто будзе ў спісе для галасавання. Так, мы камунікуем з прадстаўнікамі некаторых штабоў, падтрымліваем адзін аднаго. Нам гэтак жа, як і вам, ёсць што абмяркоўваць. У нас ва ўсіх скралі подпісы. Цяпер як ніколі важныя салідарнасць і падтрымка. Вельмі сімвалічна, што ў такі час у нас ёсць сілы згуртавацца.

А як будзе праходзіць агітацыя, калі Віктара Бабарыку зарэгіструюць?

На агітацыю закон адводзіць перыяд з 14 ліпеня да 9 жніўня. У нас ёсць 30 давераных асобаў, якія маюць права падаваць заяўкі і атрымліваць месцы для правядзення сустрэч з выбаршчыкамі. Мы плануем наведаць больш за 150 гарадоў і вёсак, каб сустрэцца з людзьмі, данесці да іх сваю праграму, пазнаёміцца і самае галоўнае — пачуць тое, што іх турбуе, даведацца пра іх праблемы.

Дарэчы, паводле закона любы грамадзянін мае права агітаваць за любога з кандыдатаў, каго ён лічыць вартым стаць прэзідэнтам краіны. Таму любы з вас можа падтрымліваць кандыдата і весці агітацыю.

Калі штаб пасадзяць? Ці баіцеся вы?

Мы не парушаем законы нашай краіны, мы дзейнічаем толькі ў рамках правага поля. Тыя, хто парушае закон, маюць баяцца. У нас ва ўсіх ёсць свае страхі — страх глыбіні, вышыні, страх публічных выступаў. Але мы ўсе дарослыя людзі і разумеем, што мы ў стане даць рады сваім страхам і тым самым узяць адказнасць за сваю будучыню.

Вы разумееце, што выбараў няма ..?

Ад самага пачатку выбарчай кампаніі мы фіксуем усе парушэнні заканадаўства. Цяпер нам важна засяродзіцца на самім працэсе выбараў, каб яны прайшлі як мага больш сумленна незалежна ад канчатковага спісу кандыдатаў.

Як вы ведаеце, ёсць такая грамадзянская ініцыятыва Сумленныя людзі. Цяпер яны запусцілі кампанію па зборы мінімум 100 000 назіральнікаў па ўсёй Беларусі. Вельмі важна, каб на кожным выбарчым участку было 10 і больш назіральнікаў, якія б знаходзіліся на ўчастку ва ўсе дні галасавання. Чым больш людзей далучыцца да ініцыятывы, тым больш шанцаў забяспечыць сумленнасць і празрыстасць на выбарах. Далучыцца да Сумленных людзей і знайсці інструкцыі, як стаць назіральнікам, можна ў сацыяльных сетках.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu