Сёння ў нас прайшоў традыцыйны стрым з навінамі штаба. Чытайце асноўныя тэзісы!

Што з Віктарам Бабарыкам?

Галоўная навіна: з Віктарам Дзмітрыевічам усё ў парадку, у яго сёння быў адвакат. Ягоны падабаронны здаровы, бадзёры і гатовы да далейшых дзеянняў.

Аб рэферэндуме

Пры садзейнічанні Аб’яднанай грамадзянскай партыі была пададзеная заяўка на правядзенне сустрэчы па абмеркаванні рэферэндуму. Плануем правесці яе ў парку Дружбы Народаў 12 ліпеня. На бягучы момант мы чакаем узгаднення з гарадскімі ўладамі. На сустрэчы мы хацелі б правесці грамадскае абмеркаванне канстытуцыйнай рэформы і пагутарыць аб усіх вашых прапановах па пытаннях рэферэндуму.

Аб сіле салідарнасці

Наш штаб выражае вялізную ўдзячнасць усім людзям, якія падтрымліваюць нас анлайн і афлайн. Гэта неверагодна важна, бо паказвае што мы з вамі — адно цэлае, адзін народ. Менавіта вашая падтрымка, вашае жаданне нешта змяняць натхняюць нас. Мы нярэдка чуем, што мы вашая надзея, але насамрэч менавіта вы даяце нам гэтае гэтае цудоўнае пачуццё. На сённяшні дзень сістэма настолькі некампетэнтная, што ўсё добрае, што адбываецца ў краіне, адбываецца не дзякуючы ёй, а насуперак. Адбываецца дзякуючы намаганням актыўных людзей і іх ініцыятывам. Нават тое карыснае, што робіць дзяржава, робіцца дзякуючы ўсім нам і нашаму ціску.

Што нам усім цяпер рабіць?

Пакуль нашая галоўная задача — данесці сістэме, што яна нас не задавальняе. Рознымі спосабамі выражаць сваю нязгоду. Не цярпець. Пісаць скаргі ва ўсё органы ўлады. Казаць дырэктару школы, што вы з ім нязгодныя. Казаць участковаму, што з ім нязгодныя. Распаўсюджваць інфармацыю, размаўляць са сталымі людзьмі, у тым ліку і ў Аднакласніках. Дзяржава робіць штосьці для нас толькі пад нашым ціскам. Мы павінны працягваць ціснуць і ўказваць сістэме на тое, што такая яна нам не патрэбная. Нас большасць, і змены — немінучыя.

Аб нерэгістрацыі Валерыя Цапкалы

Гэта абуральна. Абуральна, што моцныя альтэрнатыўныя кандыдаты, у якіх свой погляд на развіццё Беларусі, якія сваёй працай даказалі свае прафесійныя здольнасці, не рэгіструюцца. Абуральна, што ім не даюць нават магчымасці выйграць або прайграць у сумленнай барацьбе. Мы выражаем салідарнасць штабу Цапкалы. Мы ведаем, як нам усім цяжка працаваць у гэтых умовах. Трымайцеся і не здавайцеся.

Калі можна будзе пабачыць праграму? Які наступны этап?

Асноўныя пункты праграмы ўжо вызначаныя і дапрацоўваюцца цяпер групай экспертаў. Але паводле заканадаўства работа з праграмай можа пачацца толькі пасля 14 ліпеня, пасля рэгістрацыі кандыдатаў.

 

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu