Мы зрабілі гэта! І працягваем рух наперад!
Сёння, 19 чэрвеня, — апошні дзень здачы подпісаў ва ўсе выбарчыя камісіі. На дадзены момант мы перадалі ў тэрытарыяльныя камісіі 283 000. Гэта азначае, што мы дасягнулі асноўнай мэты на гэтым этапе: падалі неабходную для рэгістрацыі кандыдатам у прэзідэнты колькасць подпісаў.
Але колькасць усіх дастаўленых нам подпісаў на дадзены момант — 434 985. І гэта абсалютны рэкорд для альтэрнатыўных вылучэнцаў за ўсю гісторыю незалежнай Беларусі.
Сёння, нягледзячы ні на што, мы будзем працягваць падаваць подпісы ў выбарчыя камісіі. Частку подпісаў, на жаль, мы не здолеем падаць з-за учорашніх падзеяў.
Дзякуй!
Дзякуй вам велічэзны. Сябры ініцыятыўнай групы, валанцёры, людзі Беларусі! Без вас нічога б не было. Кожны з вас зрабіў вельмі важную справу, зрабіў крок насустрач да новай краіны. І тыя, хто сабраў подпісы ў сям’і, сярод сяброў, калегаў, і хто стаяў у пікетах, хто хадзіў па кватэрах, хто гадзінамі і суткамі займаўся праверкай подпісаў і іх сканаваннем.
Мы збіралі подпісы па ўсёй краіне. Мы верыфікавалі ўсе подпісы, каб падаць у камісіі толькі самыя чыстыя, ідэальныя падпісныя аркушы. Мы таксама не забыліся пра электроннае сшыванне, капіяванне і занясенне ў спецыяльны рэестр ініцыятыўнай групы дзеля таго, каб мець магчымасць хутка знайсці і пацвердзіць кожны подпіс.
У працэсе верыфікацыі паўдзельнічала больш за 200 чалавек, усе яны – валанцёры і ў апошнія дні яны працуюць у 5 змен, фактычна кругласуткава.
Вялікі дзякуй усім, хто дапамагаў, хто прыносіў ваду, хто наносіў лагатыпы на майкі, хто сам, уласнаручна рабіў стэнды для сябе і для іншых зборшчыкаў, і хто вазіў абсталяванне на сваіх машынах і выстаўляў пікеты.
Дзякуй вам, мы вас вельмі любім. Вы ўсе — Героі!
Беражыце сябе, але нічога не бойцеся. Мы разам. Нас шмат. І мы адчуваем плячо адно аднаго.
Разам пераможам!