Сябры!

Ад таго, што адбываецца апошнім часам, у нас проста зносіць галаву. Яшчэ трохі, і словы «памяркоўны» і «беларус» больш ніколі не сустрэнуцца ў адным сказе. Мы ўступаем у ініцыятыўныя групы, мы распаўсюджваем інфармацыю, мы дапамагаем адзін аднаму, мы спрачаемся з уладай, мы адстойваем свае правы, мы патрабуем сваё, мы змяняем і мы змяняемся. Такія беларусы не зручныя для ўлады, або рэжыму, як цяпер ён сам (справядліва) сябе называе. Такімі беларусамі цяжка кіраваць, ім цяжка абяцаць і не выконваць свае абяцанні, іх цяжка трымаць у няведанні. Такімі беларусамі трэба займацца, ад іх няпроста адмахнуцца, іх няпроста прымусіць кожную раніцу чакаць у машыне ці аўтобусе, пакуль праедуць улады. Такія беларусы актыўныя, ім да ўсяго ёсць справы, яны памятаюць, што гэта не яны абслугоўваюць уладу, а наадварот.

Кожны пост, кожная гутарка з калегамі, кожная актыўнасць і ідэя — недарэмныя. Пра нас піша ўвесь свет. Пра нас пачалі здымаць перадачы, нас паказваюць у навінах і, упершыню за доўгі час, гэта мае пазітыўны вобраз — народа, якому не ўсё адно як жыць. Мы так доўга думалі, што нямоглыя, бо нас прымусілі паверыць у гэта. Бо адзінае, дзе знайшлася рэальная сіла — гэта ў нас саміх.

У большасці краінаў свету прэзідэнта выбірае народ. Нам жа даводзіцца змагацца за права выбіраць.

Тое, што цяпер адбываецца з намі — гэта не сумна. Гэта моцна і натхняльна! Гэтае лета, магчыма, самае важнае і нязвыклае для нас за доўгія гады. Перамены не здараюцца адразу, перамены — гэта працэс, ад якога мы ўсе можам атрымаць задавальненне. Кожны дзень мільёны беларусаў робяць нешта для жыцця ў лепшай краіне. Хутка з’явяцца новыя ініцыятывы, якія мы будзем рэалізаваць усе разам. З адмовай зарэгістраваць членаў выбарчых камісій — нічога не сканчаецца. Усё толькі пачынаецца. Мы змяніліся, і гэта — назаўсёды.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu