Самае частае пытанне, якое нам задаюць — як зрабіць выбары сумленнымі?

Так, выбары ў Беларусі даўно ўжо сталі сінонімам фальшыўкі. Што тычыцца цяперашніх выбараў, то ўлады і ўвогуле не хочуць вас там бачыць. Выбары  прызначаны на жнівень, калі ўсе ў адпачынку і на лецішчах. Выбары амаль не анансуюцца. Пляцоўкі для агітацыі знаходзяцца ў бязлюдных месцах, а тэрміны для агітацыі сціснутыя да рэкордных трох тыдняў.   

Вас не чакаюць на гэтых выбарах, не хочуць, каб вы прагаласавалі і ўвогуле заміналі пад нагамі. 

Што мы ўсе можам зрабіць, каб вынікі выбараў былі сумленнымі, а не намаляванымі?

  1. Звядзіце датэрміновае галасаванне да мінімуму. Вы разумееце, чаму цяперашняй уладзе на карысць, каб вы прагаласавалі да пачатку выбараў? Правільна. Каб падмяніць ваш выбар на іншы.  Адмаўляйцеся ад датэрміновага галасавання. Гэта вашае законнае права. Раскажыце тым, хто цісне на вас, як шмат для вас значыць сам Дзень выбараў. Якое задавальненне вы атрымліваеце ад гэтага свята, калі набываеце булачкі з разынкамі ў выбарчым буфеце, размаўляеце з суседзямі на ўчастку, укідваеце бюлетэнь – няхай вас не пазбаўляюць гэтай асалоды. Для больш дзерзкіх — вы можаце патлумачыць кіраўніцтву, што прымус да датэрміновага галасавання — гэта злачынства, за якое прадугледжаны штраф у 15 базавых. Такім чынам, вы адвязаліся ад датэрміновага галасавання.  
  2. Станьце назіральнікам. Давайце ўсе станавіцца назіральнікамі. Гэта сапраўды важна і можа дапамагчы. Адной сваёй прысутнасцю ў якасці назіральніка на ўчастку мы пакажам — нам не ўсё адно, што робяць з нашымі галасамі. Давайце назіраць, давайце аналізаваць, давайце заўважаць, хто і што робіць з бюлетэнямі. Давайце зробім атмасферу на ўчастку невыноснай для фальсіфікацыі. Многія выбарчыя камісіі, асабліва ў рэгіёнах, у вочы не бачылі незалежных назіральнікаў на сваіх участках — вось яны здзівяцца. 
  3. Прыходзьце на ўчастак. Выбары — гэта не нудны абавязак. Выбары — гэта дзень, калі мы можам удзельнічаць у сваім жыцці. Больш няма апалітычных беларусаў — ёсць людзі, якія хочуць жыць добра і свабодна. Мы ўсе зробім свой выбар і будзем за яго змагацца. 

На днях супольнасць «Сумленныя людзі» запусціла ініцыятыву па набору назіральнікаў «Усё па часнаку».

 Яны хочуць сабраць, адукаваць і накіраваць 100 000 назіральнікаў на 5773 участкі. Чаму столькі? Гэта важна, каб у любы дзень галасавання на ўчастку былі мы, беларусы, якім не ўсё адно. Калі вам трэба адысці па хатніх ці працоўных справах, на змену прыйшоў іншы назіральнік.   

Назіральнікі забяспечаць падлік рэальнай яўкі і альтэрнатыўны падлік пры галасаванні. Яны забяспечаць неадкладную апрацоўку пратаколаў і публічнае размяшчэнне пратаколаў, якія вывешваюць у кожнай участковай камісіі.

Назіральнік акажа падтрымку людзям з камісій, якія зробяць правільны маральны выбар і ад гэтага могуць пацярпець. 

Пакідайце заяўкі на старонцы «Сумленных людзей». Падпісвайцеся на каналы старонак «Сумленных людей»: вы даведаецеся, як зрабіць усё хутка і правільна. Пампуйце формы заяў і запаўняйце іх. Распаўсюдзьце інфармацыю сярод сваіх сяброў, знаёмых, калег.  

Маўчанне — гэта знак згоды. І калі мы не выкарыстаем наш голас — яго можа выкарыстаць нехта іншы. 

Разам — пераможам!


Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu