Viktar Babaryka

Сёння падчас мірнай акцыі, што адбывалася ў Мінску, Марыя Калеснікава выступіла з прамовай перад яе ўдзельнікамі. 

Мінск, Беларусь! Мы неверагодныя!

Паглядзіце, як нас многа!

Дзякуй, што выражаеце сваю нязгоду. Дзякуй, што бастуеце. Нам нельга спыняцца. Выражайце нязгоду, пакуль перамены не стануць рэальнасцю. Беларусы – мы больш, чым неверагодныя.

Свабодныя!!!

Звяртаюся да работнікаў заводаў і фабрык, да супрацоўнікаў дзяржтэлебачання, чыноўнікаў, дыпламатаў і сілавых структур. Гэта ваш апошні шанец: змагайцеся са сваім страхам і далучайцеся да нас. Мы вас падтрымаем.

Любоў мацнейшая за страх!!! 

Нас хочуць падмануць, 26 гадоў суцэльная хлусня і пустыя абяцанні. У нас скралі 26 гадоў, у нас скралі свабоду і выбары. Але нас не падмануць! Зараз мы патрабуем неадкладна спыніць гвалт!

Учора мы развітваліся з Аляксандрам Тарайкоўскім, які быў забіты на вуліцы. Сёння мы развітваліся з Аляксандрам Віхорам, які памёр пасля затрымання, не дачакаўшыся дапамогі. Ніводны з датычных да гвалту да гэтага часу не быў пакараны, ніводная крымінальная справа не была распачатая. Дагэтуль не вызваленыя людзі з турмаў.

Так не будзе. Так не пройдзе.

Заўтра мы падаём заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы па факце смерці людзей. Па фактах здзекаў з людзей, па фактах незаконных дзеянняў праваахоўных органаў. Усе, хто ўжываў гвалт да дэманстрантаў і проста мінакоў на вуліцах, у аўтазаках і, пасля, у РУУС і СІЗА, маюць панесці адказнасць у адпаведнасці з законам Рэспублікі Беларусь.

Мы патрабуем вызваліць усіх палітычных зняволеных, а таксама затрыманых на мірных акцыях і акцыях нязгоды. Віктар і Эдуард Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Павел Севярынец, Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, 4000 чалавек, якія застаюцца ў турме, павінны быць вызваленыя неадкладна!

Усім пацярпелым ад дзеянняў сілавікоў мае быць прызначаная і выплачаная кампенсацыя.

Нашае галоўнае патрабаванне: былы прэзідэнт павінен падаць у адстаўку. 26 гадоў жаху павінны скончыцца. Ён патапіў краіну ў гвалце. 

Мы цалкам падтрымліваем праграму Святланы Ціханоўскай. Адзін з ключавых пунктаў яе праграмы – правядзенне новых сумленных і адкрытых выбараў. Паводле шматлікіх сведчанняў і фіксацый Святлана Ціханоўская атрымала перамогу на выбарах 9 жніўня. Ужо агучаныя вынікі выбараў. Нас не пачулі.

Шматлікія парушэнні ўжо зафіксаваныя. Вашыя рэальныя галасы зафіксаваныя. Сумленныя і прыстойныя людзі выступаюць у СМІ і распавядаюць пра факты адміністратыўнага ціску і фальсіфікацыі. Дзякуй усім, хто лічыў сумленна. Але! Сумленных выбараў не адбылося. Былы прэзідэнт – не толькі галоўная пагроза для беларускага народа, але і пагроза для незалежнасці краіны.

Беларусь – незалежная дзяржава. Суверэнітэт Беларусі – не прадмет гандлю або абмеркавання. Абараняць сваю краіну ад замаху на яе незалежнасць беларусы будуць гэтак жа адважна, як цяпер змагаюцца з гвалтам з боку дзейнай улады.

Рэжым гатовы пайсці на ўсё, каб толькі застацца пры ўладзе.

Падзеі апошняга тыдня спалохалі дзейную ўладу. Гэты бразгатлівы драндулет развальваецца тут жа ў дарозе.

Мы не супакоіліся, пакуль цяперашняя злачынная ўлада не сыдзе ў адстаўку і Беларусь не стане свабоднай краінай.

Разам – пераможам!


blank

blank

blank

blank

blank

blank

blank

blank

blank

blank

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu