Мы звяртаемся да вайскоўцаў, да сілавых структур.

Тое, як улада запляміла гонар вашых пагонаў – такога яшчэ не было. Ад падзей мінулага тыдня, ад пустых вачэй людзей, якія выйшлі з Акрэсьціна, скаланаюцца ўсе беларусы. Увесь свет. Нас выварочвае ад жаху, непрымання, неразумення хто ходзіць з намі аднымі вуліцамі – людзі ці не. Сваімі злачыннымі загадамі ўлада цягне вас за сабой на дно пекла з жаночых крыкаў, знявечаных целаў, зламанай псіхікі, калектыўнай траўмы, якая застанецца з беларусамі назаўжды. Урад робіць так, што вашая форма перастае выклікаць павагу, яна становіцца сімвалам агіды.

Памагатыя рэжыму працуюць дзень і ноч, каб выдаць праўду за фэйкі, мірных людзей за аплачаных наймітаў, згвалчаных за тых, хто сам гэтага хацеў. Толькі ім не вераць нават тыя, хто яшчэ нядаўна верыў дзяржаўнаму тэлебачанню. А са спробаў схаваць праўду – усё толькі смяюцца. Пасля другой сусветнай вайны таксама былі людзі, якія казалі, што генацыду не было.

Калі вы давалі прысягу, вы кляліся служыць беларускаму народу. Цяпер вы бачыце яго вынішчэнне. Чаму вы не спыніце яго? Чаму вы працягваеце выконваць загады тых, хто гэты генацыд зладзіў, замест таго, каб стаць на абарону свайго народа?

Жанчыны і дзеці аказаліся смялейшымі за тых, хто цяпер моўчкі назірае за тысячамі сведчанняў найстрашэнных катаванняў і знішчэння беларусаў. У збіцці безабаронных – няма нічога крутога. Тыя, хто збіваў – не адмыюцца ад гэтага скоцтва ніколі. Тыя, хто пакрываў іх і маўчаў пра гэтыя злачынствы, – таксама.

Чаго вы баіцеся? Чаму вы яшчэ не з людзьмі? Чаму вы яшчэ не сталі героямі для беларусаў? Вы можаце захаваць афіцэрскую годнасць і вайсковы гонар і назаўсёды ўвайсці ў гісторыю краіны. Нават сусветную гісторыю.

Вы, напэўна, бачылі, як штодзень цяпер беларусы крычаць міністрам «ганьба!». Вам яны могуць крычаць «слава!».

Наш план просты. Калі вы пяройдзеце на бок народа, калі вы адмовіцеся выконваць злачынны загад, мы:

  1. Гарантуем вам бяспеку і недатыкальнасць.
  2. Гарантуем справядлівае стаўленне да вашых падраздзяленняў, якія не стануць выконваць злачыннага загаду.
  3. Гарантуем скасаванне даўгоў за адукацыю, скасаванне кантрактных даўгоў і іншых выплат, якія ўлада вешае на тых, хто хоча сысці з органаў або адмаўляецца выконваць злачынны загад.
  4. Гарантуем жытло і матэрыяльную падтрымку ўсім, хто адмовіцца выконваць злачынны загад.
  5. Будзем выбудоўваць сілавыя структуры новай Беларусі з сумленных і годных людзей у пагонах.

Паглядзіце на нас. Мы беларусы, мы розныя. Мы рабацягі, што страйкуюць; мы чыноўнікі, звольненыя за нязгоду з рэжымам; мы дзяўчына, згвалтаваная ў аўтазаку; мы дактары, якія патрабуюць ад міністра сказаць праўду; мы бацькі хлопца, забітага на мірнай акцыі; мы бізнесмены, якія збіраюць грошы тым, хто хоча сысці з органаў; мы падлетак, якому засунулі ў горла дубінку. Мы не злачынцы, не найміты, не праплочаныя боты, якія хочуць разбурыць дзяржаву, як у казках, якія вешаюць вам на вушы. Мы хочам жыць у вольнай, незалежнай, стабільнай краіне.

Вам распавядаюць, што ў нас лялькаводы, што нас спансуюць з-за мяжы. Вас трымаюць за дурняў? Хто ў гэта верыць? Вы ж не верыце? Як і не верыце ў тое, што генацыду не было.

Вы можаце быць міліцыянерам, памежнікам, вайскоўцам ці супрацоўнікам КДБ, калі вы арыштуеце і аддасцё пад суд тых, хто знішчаў невінаватых, безабаронных, мірных людзей – вы станеце героем. Вайсковыя, сілавыя структуры. Мы просім вас дапамагчы нам і быць з намі. Мы просім успомніць пра прысягу, якую вы давалі, і абараніць ваш народ. Мы просім вас увайсці ў гісторыю як героі беларускага народа.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu