Перыяд чакання рэгістрацыі кандыдатаў не стаў перыядам зацішша ў рабоце каманды Віктара Бабарыкі. Сёння прадстаўнікі штаба Марыя Калеснікава і Максім Знак далі прэс-канферэнцыю для рэгіянальных СМІ — адказалі анлайн на пытанні пра рэферэндум, пра планы па агітацыі і пра магчымасць стварэння палітычнай партыі.

Дзякуй Прэс-Клубу за арганізацыю размовы.

Аляксандр Корнышаў, «Віцебскі Кур’ер»:

— Як вы збіраецеся праводзіць агітацыйную кампанію ў выпадку вашай рэгістрацыі? Хто будзе асноўнай медыйнай фігурай пры адсутнасці кандыдата і начальніка штаба?

Арганізацыяй сапраўды змогуць займацца 30 давераных асобаў. Медыйная фігура? Яе няма. Кожны грамадзянін можа стаць медыйнай фігурай і агітаваць за Віктара Дзмітрыевіча.

— Ці з’яўляецца прапанова аб рэферэндуме толькі жаданнем захаваць каманду і «прыдумаць працу» для сваіх прыхільнікаў?

Рэферэндум патрэбны ў любым выпадку. З яго дапамогай плануецца вырашыць два галоўныя пытанні: абмежаванне колькасці магчымых тэрмінаў прэзідэнцтва і падзел уладаў. Без гэтых зменаў будучыня Беларусі немагчымая!

— Раскажыце пра вашыя крокі ў выпадку адмовы ў рэгістрацыі кандыдата.

Першае — скарга ў Вярхоўны Суд. Другое — будзем глядзець на тых, хто стане кандыдатам.

Юрый Ретроман, Masheka.by:

— Што стала галоўнай нечаканасцю ў працэсе працы штаба? Ці прагназавалі вы такое развіццё падзей? Як ацэньваеце дзеянні ўладаў у дачыненні да вас і такую шырокую падтрымку сярод насельніцтва?

За 26 гадоў не было такога моманту салідарнасці людзей. Грамадства саспела для таго, каб нешта змяніць.

— Ці існуюць тэзісы праграмы, а ў каманды — іх разуменне?

Праграма ёсць. І ёсць разуменне. Віктар Дзмітрыевіч заўсёды адкрыта казаў пра сваю пазіцыю.

Віктар Фёдаравіч, «Моцныя Навіны»:

— ЦВК рэгіструе Бабарыку кандыдатам — ці значыць гэта, што яму маюць змяніць меру стрымання і выпусціць яго з СІЗА?

Калі Віктара Дзмітрыевіча зарэгіструюць, мы ў любым выпадку прыступім да агітацыі. І будзем дамагацца для нашага кандыдата змены меры стрымання — на хатні арышт або вызваленне пад заклад, напрыклад.

Усім маюць быць забяспечаныя роўныя правы: на доступ да прэсы, доступ да ўласнага штаба, да давераных асобаў.

Таццяна Піскур, «Брестская газета»:

— Увязваючыся ў прэзідэнцкую кампанію, вы дапускалі, што яна будзе настолькі жорсткай, калі не сказаць бязлітаснай, у дачыненні да кандыдата Віктара Бабарыкі? Вас не палохалі сумныя прыклады мінулых кампаній, калі за кратамі аказваліся ледзь не ўсе кандыдаты ў прэзідэнты?

Віктар Дзмітрыевіч заўсёды кажа: «Мы не гуляем у тыя гульні, у якія не маем шанцу выйграць». Мы падзяляем гэтыя словы. Будучыня Беларусі вартая таго, каб за яе пазмагацца!

— Вы прыпускалі, што за такі кароткі час кандыдатура Віктара Бабарыкі стане настолькі папулярнай і прывабнай для беларусаў і, як вынік, вельмі небяспечнай для цяперашніх уладаў?

Прыпускалі, але не думалі, што ў такой ступені. За 5 дзён 10 тысяч сяброў ініцыятыўнай групы — гэта рэкорд!

— Адзін з телеграм-каналаў размясціў інфармацыю, што, паводле звестак ягонай крыніцы, каманда Віктара Дзмітрыевіча вядзе актыўныя таемныя перамовы з кіраўніцтвам шэрагу палітычных партый аб іх куплі. Як вы можаце пракаментаваць гэта?

Такіх дамоўленасцей няма. Працэдура продажу палітычнай партыі немагчымая. Але мы падтрымліваем усіх, хто падтрымлівае ініцыятыву сумленных выбараў.

Дыяна Уфімцава, «Лідар-прэс»:

— Ці плануе штаб Віктара Бабарыкі стварыць партыю або грамадскае аб’яднанне?

У нас ёсць ідэя. У якім выглядзе гэта будзе, мы пакуль не можам казаць.

Алена Кавальчук, Hrodna.life:

— Якое развіццё падзей бачыць далей сям’я: дачка Віктара, дзяўчына Эдуарда, блізкія сябры і тыя, хто ў камандзе. Вы разглядаеце магчымасць з’ехаць з краіны пры вельмі моцным прэсінгу?

Сям’я, блізкія, штаб — мы накіроўваем усю энергію, не маючы ілюзій, на дасягненне мэты. Ад’езд з краіны ніколі не абмяркоўваўся.

Сяргей Зянько, Kraj.by:

— На якой стадыі знаходзіцца папярэдняе расследаванне ў дачыненні да Бабарыкі? Ці не асцерагаецеся вы, што яно будзе хутка завершанае, справу накіруюць у суд, які таксама правядуць імгненна, скаргу на прысуд пакінуць без задавальнення, прысуд уступіць у законную сілу, і тады Бабарыка не зможа ўдзельнічаць у выбарах?

Мы ведаем, на якой стадыі знаходзіцца папярэдняе расследаванне. Пры такой колькасці фігурантаў, эпізодаў, з улікам усіх працэдур дайсці да суда да 9 жніўня немагчыма.

Аляксандра Разіна, Intex-press:

— Як вы ставіцеся да акцый салідарнасці за мяжой?

Нас радуе гэтая масавая падтрымка. Гэта добры знак, што беларусы хочуць кансалідавацца.

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu