Адвакаты Дзмітрый Лаеўскі, Надзея Знак, Сяргей Зікрацкі і Яўген Пыльчанка запісалі зварот у падтрымку Максіма Знака і каштоўнасці права.

Добры дзень, дарагія сябры!

Мы – абаронцы адваката Максіма Знака, які з 9-га верасня знаходзіцца ў СІЗА.

Сёння, 24 верасня 2020 года – сёмыя суткі Макс працягвае галадоўку.

Галадоўка адваката ў СІЗА – гэта беспрэцэдэнтна для Беларусі.

Хто такі Максім Знак? – Вядомы адвакат, кандыдат юрыдычных навук.

Што ён рабіў? – Летам гэтага года ён аказваў юрыдычную дапамогу спачатку Віктару Бабарыку, потым – Святлане Ціханоўскай.

Прыкладам, гэта Макс 20 чэрвеня па даверанасці ад Віктара Дзмітрыевіча падаў заяву ў ЦВК пра рэгістрацыю Віктара Дзмітрыевіча кандыдатам у Прэзідэнты, калі сам Бабарыка ўжо быў арыштаваны.

Гэта Макс 21 жніўня ад імя Святланы Ціханоўскай падаў у Вярхоўны Суд скаргу пра несапраўднасць выбараў.

Гэта Макс па даручэнні сваіх давернікаў гэтым летам вёў відэа-стрымы, у якіх тлумачыў заканадаўства і правы грамадзянаў па пытаннях выбараў, рэферэндуму і іншых працэдур.

За што яго пераследуюць? Яму высунута абвінавачанне па арт. 361 Крымінальнага кодэкса – публічныя заклікі да дзеянняў супраць нацыянальнай бяспекі.

Публічныя заклікі – значыць, нейкія выказы.

Якія выказы? Мы не ведаем, Макс не ведае, нам не кажуць. Але мы бачым, што ўсе выказы Макса пра правы – законныя. Такім чынам, адвакат пераследуецца за выказы па прававых пытаннях.

Калі мы абскардзілі зняволенне пад варту, больш за шэсцьдзесят адвакатаў падпісалі асабістыя даручальніцтвы і прыходзілі ў суд ахвотна выступіць у падтрымку Макса. Гэта беспрэцэдэнтна. Гэта даводзіць, што Макс – годны чалавек і прафесіянал.

Суд нас не пачуў.

Але калі адвакат рызыкуе апынуцца ў СІЗА за тое, што крытыкуе дзяржорганы і кажа пра правы, то як бараніць інтарэсы кліента?

А на месцы кліента можа быць кожны з вас. 

Таму сітуацыя дакранаецца кожнага.

Сёння сёмы дзень галадоўкі Макса, якой ён хоча напомніць людзям пра каштоўнасць права. Паглядзіце яго стрымы ці прэс-канферэнцыю. Напішыце яму ліст ці паштоўку. Падзякуйце яго за працу. Падтрымайце яго мужнасць.

Свабода Макса – свабода прафесіі.

 

 

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu