Pressconference

17 ліпеня падчас сумеснай прэс-канферэнцыі Святлана Ціханоўская, Марыя Калеснікава і Вераніка Цапкала патлумачылі, чаму вырашылі аб’яднаць намаганні, як будзе праходзіць агітацыя і што рабіць кожнаму беларусу 9 жніўня. Сабралі галоўныя тэзісы прэс-канферэнцыі.

Як будуць працаваць тры штабы?

Мы аб’ядналі не штабы, мы аб’ядналі нашыя намаганні. Напярэдадні тры штабы – Віктара Бабарыкі, Святланы Ціханоўскай і Валерыя Цапкалы – сфармулявалі 5 прынцыпаў супрацоўніцтва.

Пяць асноўных прынцыпаў нашай перадвыбарчай кампаніі:

  1. Мы будзем заклікаць выбаршчыкаў прыйсці на выбары 9 жніўня 2020 года і галасаваць.
  2. Мы вызвалім палітычных і эканамічных зняволеных, дамо права на перагляд справаў у незалежных і сумленных судах.
  3. Мы правядзём паўторныя сумленныя выбары пасля 9 жніўня 2020 года.
  4. Мы будзем інфармаваць выбаршчыкаў аб неабходнасці абараняць свой голас рознымі спосабамі.
  5. Мы будзем заклікаць удзельнічаць у ініцыятывах за сумленныя выбары: «Сумленныя людзі», «Права выбару», «Рух Праўда» ды інш., станавіцца назіральнікамі.
    Заклікаць у момант галасавання выкарыстоўваць механізмы, якія будуць прапанаваныя, для фіксацыі свайго голасу і яўкі.

Усе кандыдаты, якія цяпер удзельнічаюць у выбарчай гонцы, могуць далучыцца і падтрымаць нас, каб дасягнуць нашую галоўную мэту – змену ўлады ў краіне. Напрыклад, Андрэй Дзмітрыеў ужо падтрымаў ініцыятыву аб аб’яднанні. Мы адкрытыя да дыялогу. Мы таксама спадзяёмся на падтрымку кожнага беларуса. І мы ведаем – з намі большасць!

Разам з тым наш штаб будзе працягваць спробы зарэгістраваць Віктара Бабарыку кандыдатам у прэзідэнты. На бягучы момант усе нашыя звароты і скаргі не прынеслі станоўчых вынікаў, але мы не хочам губляць час, і прынялі рашэнне ісці наперад. Калі Віктара Бабарыку ўсё ж зарэгіструюць, то мы працягнем супрацоўнічаць у рамках прынятых 5 прынцыпаў. Пра тое, што нам варта аб’ядноўвацца дзеля галоўнай мэты, Віктар Бабарыка казаў з самага пачатку.

Ці будзе агітацыя?

Так, мы будзем дапамагаць Святлане Ціханоўскай. Агітацыйныя пікеты будуць адбывацца ва ўсіх абласных гарадах, а таксама ў раённых цэнтрах. Нагадаем, кожны грамадзянін Беларусі мае права агітаваць і распаўсюджваць інфармацыю сярод знаёмых, калег, сяброў.

Што рабіць 9 жніўня?

Нашая мэта – актывізаваць грамадзян для выражэння сваёй грамадзянскай пазіцыі 9 жніўня на выбарчых участках. Кожны грамадзянін Беларусі вырашае, як яму абараняць свой голас.

Як забяспечыць сумленныя выбары?

1. Нашая галоўная задача на гэты момант – забяспечыць кожны выбарчы ўчастак дастатковай колькасцю назіральнікаў. Для гэтага мы заклікаем беларусаў далучыцца да ініцыятываў па назіранні за выбарамі – «Сумленныя людзі», «Права выбару», «Рух Праўда» ды інш., станавіцца назіральнікамі.
2. Таксама мы прапануем выбаршчыкам механізмы, якія дапамогуць зафіксаваць свой голас і яўку.
3. Мы будзем заклікаць сяброў выбарчых камісій не парушаць заканадаўства і адмовіцца ад фальсіфікацыі вынікаў выбараў.

Калі нас будзе 3,5 мільёны – электаральная большасць – сфальсіфікаваць выбары будзе немагчыма.

Тры цытаты

Марыя Калеснікава: «Самае неабходнае для нас цяпер – гэта грамадская падтрымка. Мы просім беларусаў аб’яднаць намаганні паміж сабой і з намі і актыўна працаваць. Галоўны вораг нашай перамогі – гэта не рэжым, гэта думка «усё роўна нічога не зменіцца». Яе трэба замяніць на «я магу ўсё змяніць». Лепш цяпер зрабіць усё магчымае, чым, седзячы на ​​канапе пад аркестр «Славянскага базару», развітвацца са сваімі апошнімі надзеямі на жыццё ў вольнай краіне. Уявіце, як мы ўсе будзем ганарыцца сабой, як будзем расказваць дзецям, што зрабілі галоўную справу ў жыцці – вызвалілі сябе і сваю краіну. Мы ўсе розныя, але што ў нас агульнае – гэта фундаментальная патрэба ў свабодзе, дабрабыце, павазе з боку дзяржавы. Мы кожны дзень заклікаем усіх беларусаў пачынаць працаваць над агульнай перамогай».

Святлана Ціханоўская: «Аб’яднацца было слушным рашэннем. Так мы сталі яшчэ мацнейшыя. Мы не робім нічога дрэннага і незаконнага, мы проста хочам спакойнага і годнага жыцця, а цяперашняй ўлады больш не хочам. Як і большасць. Я ўдзячная падтрымцы ад беларусаў. Нам вельмі патрэбная вашая дапамога, мы ўсе ў тым становішчы, калі толькі разам у нас атрымаецца».

Вераніка Цапкала: «Улада бессаромна зняла з выбараў самых моцных гульцоў. Мы вырашылі аб’яднацца і паказаць, што такое жаночая салідарнасць. Мы ўсім хочам паказаць, што Канстытуцыя – для жанчын, мы не другі гатунак, мы нароўні з мужчынамі і мы пераможам ».

Яшчэ навіны

Падзяліцца

Menu